Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Выпускніца з Іванава здала на сто балаў ЦТ па беларускай мове

2 13  Июля 2020 г.  в 18:47, показов: 2701 : Фотофакт

Выпускніца чацвёртай гарадской школы Іванава Анастасія Жушма цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове здала на сто балаў.

Выпускніца з Іванава здала на сто балаў ЦТ па беларускай мове

У кішэні Насці, якая марыць паступіць у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт на перакладчыцкі факультэт, ужо ёсць залаты медаль за поспехі навучання ў школе. Максімальныя адзнакі можна яшчэ атрымаць па нямецкай мове і гісторыі Беларусі. Пакуль жа дзяўчына і яе блізкія радуюцца бліскучаму выніку здачы тэста па роднай мове.

Дарэчы, максімум на ЦТ па беларускай мове, лічыць Анастасія, стаў магчымы дзякуючы не толькі яе ўпартасці і працаздольнасці. Ці не галоўны сакрэт – у беларускамоўным статусе школы.

- Пачынаючы з першага класа, я ішла поруч з беларускай мовай. Таму ніколі не было сумнення, якую мову здаваць падчас іспытаў. Мне даводзілася неаднойчы чуць думку, што беларускамоўны ўзровень вучняў маёй школы зазвычай вышэй, – гаворыць Насця.

Такі выдатны вынік – чаканы для ўчарашняй адзінаццацікласніцы, стыпендыянткі Спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. На кожным з трох этапаў рэпетэцыйнага тэсціравання Анастасія набірала высокія балы, у тым ліку запаветныя 100 балаў.

- Так добра, што рэпетыцыйнае тэсціраванне папярэднічае ЦТ, таму што ты маеш магчымасць адчуць атмасферу іспыту, пазбегнуць крыўдных памылак з-за няўважлівасці, праверыць свае веды ў розных раздзелах па мове», – расказвае будучая абітурыентка. Аб’ектыўна яна разумела, што мае высокі ўзровень ведаў па беларускай мове, але ж… Хваляванне, сумнеў, плюс лексіка – самы складаны раздзел беларускага мовазнаўства для Насці. Ды яшчэ непрыемны сон, у якім яна набрала толькі 70 балаў. Таму з асаблівым хваляваннем чакала і баялася СМС-апавяшчэння. Увогуле, як дзеліцца дзяўчына, самае цяжкае – чакаць. З моманту здачы ЦТ па беларускай мове, а гэта адбылося 25 чэрвеня, яна нястомна чакала выніку. Паралельна рыхтавалася да наступных іспытаў па нямецкай мове і гісторыі Беларусі. Праз колькі дзён паведамленне нарэшце прыйшло. «Помню, я чытала нешта па гісторыі. Як толькі даведалася, ад каго паведамленне, не адразу пачала яго праглядваць. Але потым наважылася. Пабачыўшы лічбу 100, аж слёзы нагарнуліся на вочы. Разам з радасцю быў гонар за сябе. Падзялілася навіной з татам – ён быў дома, і мяне чакала плеяда кампліментаў, – расказвае Насця Жушма.

Гэты максімальны вынік матываваў Анастасію. 6 ліпеня яна здавала тэст па нямецкай мове, а потым па гісторыі Беларусі. Ад сумы балаў па трох ЦТ залежыць, кім яна стане ў будучым – выкладчыкам ці перакладчыкам. Пра тое, каб навучацца за мяжой, Насця таксама думала.

У рэшце рэшт перамог патрыятызм – яна абрала прэстыжную сталічную ВНУ, студэнты якой у агульным вывучаюць 22 замежныя мовы. Насця Жушма хацела б засвоіць яшчэ англійскую і японскую ці карэйскую. У пражэктах на будучае – работа сінхронным перакладчыкам. Час перад вучобай іванаўская разумніца прысвяціць сваім шматлікім хобі – будзе танцаваць, вандраваць, чытаць любімага Васіля Быкава… А можа прыйдзе натхненне і яна напіша вершы. Зусім нядаўна дзяўчына адкрыла ячшэ адзін асабісты талент. 

Источник: Газета Заря
Автор: Наталля КРЫВЕЦКАЯ
Областная газета Заря



Система Orphus

Оставить свой комментарий можно после
регистрации и авторизации на сайте


anonymous162 2020-07-13 19:18
Поспехаў гэтай дзяўчыне!   !;)
МДЛУ - добрая ВНУ, але я ведаю шмат людзей з дыпломам гэтай установы, якія працуюць не па спецыяльнасці ці ўвогуле з'ехалі за мяжу.
Беларусі не патрэбна такая вялікая колькасць перакладчыкаў, якую штогод рыхтые ўніверсітэт. Гэта праблема нашай краіны і яе слабых сувязей з цывілізаваным светам.

+19

styles21 2020-07-13 19:17
Молодец

+48


Страницы: [1]