Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Фэст пад дэвізам «Рухайся. Рабі. Развівайся. Радуй па-беларуску»

26  Февраля 2020 г.  в 10:33, показов: 1105 : Фотофакт

У апошнія часы актывізуецца пошук і шырокае выкарыстанне методык, якія дазваляюць значна павысіць эфектыўнасць пазакласнай працы ў школе.

Фэст пад дэвізам «Рухайся. Рабі. Развівайся. Радуй па-беларуску»

Гімназічны Фэст з’яўляецца адной з форм пазакласнай працы. У бягучым навучальным годзе з 17 па 24 лютага ў ДУА “Гімназія №3 г.Брэста” прайшоў шэраг мерапрыемстваў у рамках Фэсту пад дэвізам «Рухайся. Рабі. Развівайся. Радуй па-беларуску».

Фэст пад дэвізам «Рухайся. Рабі. Развівайся. Радуй па-беларуску»

Мэта гімназічнага Фэсту: папулярызацыя роднай мовы і літаратуры сярод вучняў; ушанаванне юбіляраў 2019/2020 навучальнага года; развіццё пазнаваўчай актыўнасці праз самарэалізацыю вучняў у разнастайных творчых і інтэлектуальных мерапрыемствах; выяўленне і заахвочванне найбольш адораных і творчых вучняў; выхаванне цікавасці да роднай культуры, гонару за свой народ і дзяржаву, абуджэнне нацыянальнай памяці.

Фэст пад дэвізам «Рухайся. Рабі. Развівайся. Радуй па-беларуску»

Фэст праводзіўся па раней абгаворанай тэматыцы, у пэўны час і абапіраўся на пастаўленыя мэты і задачы.

На працягу правядзення гімназічнага Фэсту праходзілі акцыі:

“Школьны дрэскод па-беларуску”(эмблема ці атрыбут адзення, адзіныя для кожнага класа і класнага кіраўніка падчас правядзення мерапрыемстваў);

Фотазоны “Мова родная акрыляе”, “Звіні і красуй, мая мова”, “Яе вялікасць - Кніга”;

Instagram-акцыя “Сэлфі па-беларуску” (размяшчэнне свайго фотаздымка з беларускай атрыбутыкай пад хэштэгам #Сэлфіпабеларуску на асабістай старонцы ў Instagramе);

Інтэрактыўная прэзентацыя народных рамёстваў (выступленне гасцей - народных умельцаў “Пан Спарышка”);

“Спяваем па-беларуску разам”(выкананне беларускіх песень калектыўна, парна, сольна);

Флэшмоб “Любі і ведай родную мову”(выкананне калектыўна ўголас верша і песні па-беларуску з дапамогай мультыпраектара);

Фэст праводзiўся ў шматлікіх конкурсах з прысуджэннем дыпломаў:
Конкурс лепшага відэароліка “Дык шануй беларускую мову”;

  • Конкурс лепшага ілюстратара вокладак беларускіх кніг;
  • Конкурс “Ліст замежнаму сябру пра Беларусь і беларускую мову” “Ад прадзедаў спакон вякоў…”;
  • Конкурс лепшага чытача “Селі на паэтычныя арэлі”;
  • Конкурс лепшага лэпбука “Мая Радзіма - Беларусь”;
  • Конкурс “Лепшы каліграф”;
  • Конкурс калектыўнай творчай справы “Воблака слоў”;
  • Конкурс малюнкаў, прысвечаны творчасці У.Караткевіча “Казка ў жыцці падказка”;
  • Конкурс- інтэлектуальная гульня ”Рускай мове дай разгрузку, размаўляй па-беларуску”.

Як гэта было…

У фае гімназіі быў размешчаны інфармацыйны стэнд з планам разнастайных мерапрыемстваў Фэсту, выказваннямі славутых класікаў пра беларускую мову, маляўнічых ілюстрацый па акрэсленай тэматыцы. Непадалёку ад стэнда працавала фотазона “Звіні і квітней, мая мова”. Рэкрэацыя другога паверху прадстала перад вачыма ўсяго гімназічнага калектыву багатай і маляўнічай: фотазоны “Мова родная акрыляе” і “Яе вялікасць - Кніга”, створаныя рукамі педагогаў гімназіі, на вокнах гірлянды з выказваннямі “Мова родная – мова модная ”, “Размаўляй па-беларуску”, папяровыя рукатворныя выявы буслоў - сімвалаў Беларусі, самаробны калодзеж і лавы з рушнікамі, сноп каласоў з прыгожымі кветкамі сланечнікаў, стэнды ў выглядзе дрэў з шырокімі, раскідзістымі кронамі для размяшчэння спачатку рэдкіх беларускіх слоў, пасля – воблакаў слоў па пэўнай абранай вучнямі тэматыцы, вокладак беларускіх кніг, столь, упрыгожаная лістамі з эпітэтамі да слова мова: маляўнічая, мілагуная, паэтычная і г.д., рознакаляровымі гірляндамі – усё гэта, несумненна, стварыла цудоўны настрой і самавітую атмасферу. На працягу Фэсту вучні, настаўнікі, бацькі зацікаўлена сачылі за мерапрыемствамі ў такой каларытнай абстаноўцы.

Пачаўся Фэст з традыцыйнай інфармацыйнай гадзіны, што праходзіць кожны панядзелак для вучняў 5-7 класаў. Тэма выступлення вучняў 7 “А” класа: “21 лютага – Дзень роднай мовы ”. Навучэнцы распавялі пра гісторыю ўзнікнення дадзенага свята, правялі невялікую інтэлектуальную віктарыну на веданне беларускай мовы і ўрачыста завяршылі сваё выступленне разам з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры К.В.Радчук,цытуючы беларускіх класікаў.

На працягу Фэсту вучні атрымлівалі памяткі “Гучы, родная мова ”, напоўненыя сродкамі візуалізацыі і QR-кодамі, з якіх можна было даведацца пра этыкет па-беларуску: як правільна павітацца або развітацца, папрасіць прабачэння, выказаць падзяку. Праца з памяткамі нагадвала ў нейкай ступені буккросінг, бо вучні не толькі вывучалі іх, але і абменьваліся імі з сябрамі. Атрымліваўся ланцужок – прачытай, абдумай, перадай іншаму, атрымай новую сабе.

Працягнуўся першы дзень Фэсту конкурсам на лепшага чытача “Селі на паэтычныя арэлі”. Якая багатая наша зямля на таленты! Гэта перш за ўсё нашы вучні, такія розныя, але аднолькава прыгожыя і цікавыя, кожны паасобку і ўсе разам. Некаторыя з іх толькі пачынаюць свой жыццёвы шлях, але ўжо знаходзяцца ў творчым пошуку. Камусьці падабаецца маляваць, камусьці – спяваць і танцаваць, камусьці займацца спортам, а камусьці прыгожа чытаць вершы. І таму ў нашай гімназіі кожны год з вялікім поспехам праходзяць конкурсы выразнага чытання вершаў.

Важна адзначыць значную ролю бібліятэкі ў складаным працэсе папулярызацыі і прапагандзе кніжнай спадчыны Беларусі, гісторыі беларускай мовы і кнігадрукавання. На працягу Фэсту ў бібліятэцы гімназіі працавалі кніжныя выставы “Сусветная літаратурная класіка па-беларуску”, “Класікі-юбіяры 2019/2020”.

Усіх наведвальнікаў інтэрактыўнай прэзентацыі народных рамёстваў “Пан Спарышка” зацікавіла сямейная творчая пара майстроў і прадэманстравала на прафесійным ўзроўні выраб тканых рэчаў у простых жыццёвых умовах звычайнай кватэры. Госці зацікавілі вучняў і настаўнікаў сваёй праграмай, адказвалі на пытанні і дарылі свае вырабы. Менавіта такія мерапрыемствы далучаюць дзяцей да багатай спадчыны нашага народа. Вялікі дзякуй за гэта нашым гасцям.

Выстава вокладак беларускіх кніг хутка змяніла рэдкія беларускія словы і была размешчана на самаробных стэндах-дрэвах. Вучні праявілі свой мастацкі талент

і багатую фантазію. Панавала добразычлівая атмасфера суперніцтва.

Выставы малюнкаў “Казка ў жыцці падказка” для вучняў 5-7 класаў і “Зямля пад белымі крыламі” для пачаткоўцаў таксама былі яркімі, творчымі і захапляльнымі.

Цікава і займальна, па словах саміх вучняў, было ствараць “Воблакі слоў ”у анлайн-дадатку па ўласна выбранай тэматыцы “Агародніна”, “Садавіна”, “Пачуцці”, “Часткі цела”і г.д.і размяшчаць у пэўны графічны сімвал. Пастараліся на славу. Малайцы!

Серада прайшла пад словы беларускага класіка М.Багдановіча “Песня рвецца і ліецца на прасторны вольны свет…”. На перапынках гучалі песні на беларускай мове, выконваліся інструментальныя кампазіцыі. Яшчэ раз мы ўсе ўпэўніліся ў таленце нашых вучняў і педагогаў, атрымалі вялікую асалоду і радасць.

У чацвер на перапынках на другім паверсе вучні і настаўнікі спявалі караоке “Касіў Ясь канюшыну”, “Цячэ вада ў ярок”, “Купалінка”. Цудоўны настрой і шыкоўная атмасфера.

На кулінарны калейдаскопе “Ой, аладачкі, бліны-ладачкі” усе жадаючыя вучні прапанавалі творчае прадстаўленне прыгатаванай імі беларускай нацыянальнай стравы, дзе раскрыўся не толькі гастранамічны талент нашых гімназістаў, але і аратарскі, і дызайнерскі.

Інтэрактыўная гульня “Беларусь Мастацкая” з выкарыстаннем аднайменнага лэпбука настаўніка пачатковых класаў І.М.Раманюк таксама прайшла вельмі цікава і займальна. Справа ў тым, што настаўніца даўно працуе з лэпбукам “Беларусь мастацкая”, які пастаянна папаўняецца новымі захапляльнымі і пазнавальнымі матэрыяламі. Прымяненне лэпбука ў час і ўрокаў, і ў пазакласнай дзейнасці заўсёды карыстаецца поспехам у дзяцей. Вучні вучацца і пашыраюць свій кругагляд праз актыўную і эфектыўную дзейнасць.

Пляцоўка беларускіх нароных гульняў “Эх, разгуляй” разгарнулася ў спартыўнай зале, дзе настаўнік фізічнай культуры і здароўя Ярасевіч Ю.В.стварыў і тут атмасферу па папулярызацыі беларускай мовы: у час гульняў гучалі беларускія заліхвацкія мелодыі, пры адпачынку вучням загадваліся беларускія народныя загадкі, звязаныя са здароўем і спортам, інвентар таксама быў каларытны – бульба, мятла і інш. Дзеці прыйшлі з эмблемамі, звязанымі непасрэдна з Беларуссю.

Класная гадзіна “Мая краіна - сінявокая” далучыла і ўвяла ў цудоўны і цікавы свет ведаў пра нашу краіну¸мову і народ самых маленькіх удзельнікаў Фэсту – першакласнікаў.

Стварэнне і прэзентацыя відэаролікаў “Дык шануй, беларус, сваю мову” яшчэ раз даказала, што наша будучыня ў надзейных руках падрастаючага пакалення, якое вельмі пранікнёна адносіцца да багатай спадчыны сваіх прокаў.

У суботу вучні 5-7 класаў цікава згулялі ў інтэлектуальнай гульні “Рускай мове дай разгрузку, размаўляй па-беларуску”, якую распрацавала і правяла педагог-арганізатар гімназіі І.У.Ахрымук. Удзельнікі гульні і перакладалі, і складалі прымаўкі і прыказкі, адгадвалі фразеалагізмы, суадносілі пары слоў і г.д. Вучні прадэманстравалі глыбокія веды роднай мовы, яе багатай спадчыны.

Вынікам стала ўрачыстае закрыццё гімназічнага Фэсту “Мова родная акрыляе”. Адбылося ўручэнне ўзнагарод пераможцам і ўдзельнікам мерапрыемстваў.

Святочная канцэртная праграма “Беларусь - самая мая!..”расквяціла, упрыгожыла і стала ўрачыстым фінальным акордам гэтага цудоўнага мерапрыемства.

Падводзячы вынікі правядзення гімназічнага Фэсту, хочацца ўказаць на высокі ўзровень падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў, актыўны ўдзел настаўнікаў і вучняў, неабыякавасць бацькоў. Трэба адзначыць наяўнасць міжпрадметных сувязей з гісторыяй, геаграфіяй, выяўленчым мастацтвам, музыкай і харэаграфіяй.

Для сябе як настаўнікі беларускай мовы і літаратуры мы зазначылі, што будзем абавязкова працягваць работу па папулярызацыі беларускай мовы, нацыянальнай культуры, развіваць творчыя здольнасці вучняў праз пазакласныя мерапрыемствы, творчыя заданні, выхоўваць у вучняў пачуццё патрыятызму, грамадзянскасці, адказнасці за лёс Беларусі.

Ждите загрузки ссылки для показа изображений!

Шчыра дзякуем усім удзельнікам і творцам!

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце К.В.Радчук




Система Orphus

Оставить свой комментарий можно после
регистрации и авторизации на сайте