Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

«Лёсы людскія» Ад вайны на Данбасе да першага працоўнага месца на Маларытчыне

17  Сентября 2019 г.  в 10:18 : Брестская область

Сёлета працоўны калектыў ААТ “Чарняны” папоўніўся маладымі спецыя­лістамі, якія да работы прыступілі яшчэ ў жніўні. Моладзь у сельгаспрадпрыем­ст­ве сустрэлі ветліва. Жадаючым прапа­навалі месца ў інтэр­наце, пад які адвялі два дыхтоўныя домікі.

Як расказала намес­нік дырэктара Галіна Перкавец, у гаспадарку сёлета прыйшоў малады юрыст, дыспетчар-бухгалтар, загадчык цэнтральнага склада і 4 механізатары, апошнія, дарэчы, выпускнікі Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сель­скагаспадарчай вы­творчасці. А вось юрыст Уладзіслаў Пурас, дыспетчар-бухгалтар Вікторыя Саланевіч і загадчыца цэнтральным складам Анастасія Шаламіцкая (на здымку) закончылі Столінскі аграрна-тэхнічны каледж і па размеркаванні трапілі ў ААТ “Чарняны”.

Дзяўчаты асвоіліся на новым месцы, якое, дарэчы, ім спадабалася. Адзіны недахоп – да бацькоў далекавата. Вікторыя родам з Піншчыны, а Анастасія – са Столінскага раёна. Пашанцавала Уладзіславу, яго бацькі жывуць побач — у Дарапеевічах. Да нядаўняга часу, хлопец на працу дабіраўся з суседняй вёскі, што было крыху нязручна. На днях кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла маладому спецыялісту дом ў Чарнянах. Уладзіслаў падчас размовы адзначыў, што Вікторыя Саланевіч яго каханая дзяўчына і ў перспектыве маладыя людзі плануюць ажаніцца.

— Калектыў сустрэў вельмі прыязна, — гаворыць Уладзіслаў. – Старэйшыя калегі заўсёды ідуць насустрач, калі што не разумею, абавязкова падкажуць, як лепей павесці сябе ў той ці іншай сітуацыі. Увогуле, я ў захапленні ад Беларусі і яе шчырых, адкрытых людзей.

Бацькі Уладзіслава Пураса пераехалі ў нашу краіну 5 гадоў таму, уцякаючы ад вайны, што разгарэлася на Данбасе. Спыніліся ў Дарапеевічах, уладкаваліся ў мясцовае сельгаспрадпрыемства, якое ім выдзеліла добраўпарадкаваны домік з мэбляй.

— Калі мы прыехалі ў Дарапеевічы, мне было толькі 15 гадоў, — гаворыць юнак. – Нават не чакалі, што нас так добра тут прымуць, мясцовыя людзі нам вельмі спачувалі, дапамагалі хто чым мог. Спачатку я ніяк не мог прывыкнуць да цішыні. Не верылася, што побач не рвуцца снарады, не гудуць сірэны, што ноччу можна спакойна спаць у сваім ложку, хадзіць у школу. У Краснагораўцы ў нас была свая кватэра, бацькі нядрэнна зараблялі да вайны, штогод мы ездзілі адпачываць на мора. У адзін момант наша спакойнае жыццё скончылася. Наш горад знаходзіўся амаль у самым эпіцэнтры ваенных дзеянняў. Мы 8 месяцаў пражылі ў падвале, напужаныя і галодныя. Гатаваць ежу не было дзе і нават не было з чаго. У роспачы, страціўшы ўсякую надзею на мір і спакой, бацькі, сабраўшы ў чатыры сумкі няхітрыя пажыткі, са мной і меншым брацікам вырашылі ўцякаць з родных мясцін, пакуль яшчэ жывыя. Спачатку мы прыехалі ў Кобрын, тут ужо жылі перасяленцы з Данбаса. Потым пераехалі ў Дарапеевічы. Аказалася, што не адны мы тут з Данбаса. На той час у вёсцы знайшлі прытулак ад вайны больш за дваццаць чалавек. Праўда, потым многія вярнуліся назад, на сваю радзіму.

Уладзіслаў вырашыў застацца жыць у Беларусі, тым больш, што знайшоў тут свой лёс, сваю каханую дзяўчыну. У планах Уладзіслава і Вікторыі атрымаць вышэйшую адукацыю. Сёлета маладыя людзі завочна паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы: Уладзіслаў – у Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна (юрыдычная спецыяльнасць), а Вікторыя — у Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт на эканамічны факультэт.

Падабаецца працаваць у гаспадарцы і Анастасіі Шаламіцкай. Адказваць за ўвесь склад, прымаць і адпускаць прадукцыю няпростая справа, якая патрабуе засяроджанасці і ўважлівасці. А да вясковага жыцця дзяўчыне не прывыкаць, Анастасія вырасла ў вёсцы Мань­кавічы Столінскага раёна. 

Источник: Голас часу
Автор: Кацярына Яцушкевіч