Лето с доброй книгой - Брестское областное отделение СПБ

15  Июля 2019 г.  в 10:22 : Разное: обо всём понемногу

Так і новыя выданні пісьменнікаў Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі былі прадстаўлены шырокаму колу аматараў друкаванага слова падчас творчай сустрэчы, якая адбылася ў кнігарні “Дружба” ў Брэсце ў межах акцыі “Лета з добрай кнігай”.

Лето с доброй книгой  - Брестское областное отделение СПБ

Лето с доброй книгой  - Брестское областное отделение СПБМерапрыемства адкрыла Ліза Цупрык – юная артыстка, пераможца разнастайных творчых спаборніцтваў. Прачула і натхнёна яна прачытала верш Георгія Тамашэвіча, прысвечаны 1000-годдзю абласнога цэнтра. А кнігу таленавітага брэсцкага паэта і заслужанага журналіста “Анёл над Брэстам” прадставіла слухачам старшыня абласнога аддзялення СПБ Таццяна Дземідовіч.

Гэта каляровае літаратурна-мастацкае выданне без сумненняў стане цудоўным падарункам для брастаўчан і гасцей горада-юбіляра. Яно было выдадзена сёлета ў рэдакцыі Брэсцкай абласной газеты “Заря” і складаецца з вершаў Георгія Сцяпанавіча, уражанне ад якіх узмацняюць фатаграфіі В. Караля і А. Шульгача.

Меў слова безумоўна і сам аўтар – ён прачытаў свае творы, навеяныя мудрасцю Канфуцыя.

Зінаіда Дудзюк прэзентавала слухачам дзве свае новыя кнігі: “Брэст. Храналагічны даведнік” і “Закон захавання кахання”. Першая будзе надзвычай карыснай для школьнікаў і студэнтаў, якія жадаюць ведаць глыбей гісторыю абласнога цэнтра, а другая раскрывае разнастайнасць лёсаў чалавечых. Даведнік выйшаў у выдавецтве “Альтэрнатыва”, а другая кніга Зінаіды Іосіфаўны – у ТДА выдавецтва “Чатыры чвэрці”.

На сустрэчы аўтарка прачытала свой іранічны верш.

Наступным выступаў Аляксандр Валковіч, падзякаваўшы ўсім тым, хто дапамог яму ў перавыданні ўнікальнай кнігі “Письма войны”. Гэты сёлета дапоўнены ўнікальны гісторыка-дакументальны публіцыстычны ілюстраваны зборнік лістоў вайны выйшаў тыражом у 300 экземпляраў да 75-годдзя перамогі над фашызмам (частка будзе перададзена ў школы Брэсцкага раёна).

Паэтка Таццяна Шульга, у сваю чаргу, прачытала ўласныя вершы, прысвечаныя творчасці, і прадставіла два свае выданні: “Отражение” і “Акварельный Брест”. Абодва – сумесныя праекты аўтаркі з мастакамі: першы – са знакамітым жывапісцам, заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валерыем Шкарубам, другі – з таленавітымі майстрамі пэндзля Антанінай Гуршчанковай, Вольгай Данілюк, Марынай Лапо, Ігарам Раманчуком, Ганнай Чапурной-Алейнік (да юбілею Брэста). Абедзьве кнігі выйшлі ў выдавецтве ААТ “Брэсцкая друкарня”.

І на завяршэнне Таццяна Шульга пазнаёміла слухачоў з плёнам сваёй шматгадовай творчай працы з таленавітай моладдзю Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта, які выліўся ў метадычны дапаможнік “Путь к сердцу”.

“Слово талантам”… Так называецца калектыўны паэтычны зборнік, які прадставіла на сустрэчы сусветнавядомы музычны педагог, паэт і празаік Ірына Морых. Нядаўна яна прыняла ўдзел у міжнародным літаратурным праекце, вынікам якога стаў гэты альманах (у яго ўвайшлі творы 20 лепшых паэтаў, усяго іх было 500). У хуткім часе, дарэчы, выйдзе ўласная кніга Ірыны Морых.

Асаблівую цікавасць у маленькіх чытачоў выклікалі яркія, запамінальныя кніжкі брэсцкіх дзіцячых пісьменнікаў. Вячаслаў Бельцюкоў прадставіў свае “Лесные сказки”, на стварэнне якіх яго натхніла дачушка Евачка, а казачніца Вольга Сандрыкава прыйшла на сустрэчу са сваім чароўным чамаданчыкам, у якім жывуць героі яе нядаўна выдадзенай казкі “Пасхальный свет” (ілюстратар – прафесійная мастачка, дачка аўтаркі Дар’я).

Ждите загрузки ссылки для показа изображений!

Намеснік старшыні абласнога аддзялення СПБ Любоў Красеўская расказала пра чарговы зборнік “На одном языке”, што выйшаў у Разані і ўключае яе вершы. На завяршэнне Таццяна Дземідовіч падзякавала кіраўніцтву кнігарні за шматгадовае супрацоўніцтва і запрасіла набываць кнігі, пра якія ішла гаворка падчас сустрэчы (большасць іх ёсць на паліцах).

Автор: Настасся НАРЭЙКА