Стрыхары, гарбары, кушняры. І іншыя рамеснікі старажытнага Бярэсця

20  Июня 2019 г.  в 12:04 : История города Бреста

Калі ў Бярэсці ўзніклі першыя рамесныя аб’яднанні, адказаць складана – бракуе дакументальных крыніц.

Стрыхары, гарбары, кушняры. І іншыя рамеснікі старажытнага Бярэсця

Але усё ж зробім экскурс у мінулае і паспрабуем даведацца, як жылі майстры старажытнага горада. 

Герб і харугва

Рамесныя аб’яднанні таго часу нагадваюць сучасных прадпрымальнікаў. Гісторыю іх узнікнення можна прасачыць ад 1420 года, калі Ягайла стварыў пастанову, якая абмежавала рамеснікаў і купцоў у цэнаўтварэнні. Звестак з тае пары захавалася мала, толькі дакументы 16 стагоддзя больш глыбей раскрываюць сутнасць. Утварацца яны пачалі таму, што існаваць паасобку рамеснікам было складана, і яны аб’ядноўваліся спачатку ў цэх – часам не па ўласным жаданні, а затым у аб’яднанне. У сярэдзіне 17 стагоддзя ў Бярэсці іх было чатырнаццаць, куды ўваходзіла каля 48 прафесій. Напрыклад, пяць цэхаў маглі складацца з адной прафесіі, а адзін цэх меў больш за дзясятак іх. 

У Бярэсці дзейнічалі ганчарска-малярска-шклярска-стрыхарскі, гарбарска-шавецкі, злотніцка-малярскі, кушнерскі, кравецкі, пекарска-піваварскі, рымарскі, рэзніцкі, сталярскі, шапавальскі, цырульніцкі і многія іншыя цэхі. Суполкі, альбо “брацтвы”, жылі па сваіх правілах і законах, часам крыху дзівацкіх і незразумелых. Рамесны цэх кожнаму адводзіў сваё месца і прызначэнне.

Кожны цэх меў свой статут, які спачатку зацвярджаўся магістрам, а пачынаючы з 17 стагоддзя цэх атрымліваў спецыяльную каралеўскую грамату, пасля заносіўся ў гарадскую кнігу. Статут быў інструкцыяй — тлумачэннем неабходнасці стварэння цэха. Яго артыкулы тлумачылі дзейнасць і функцыянаванне цэха, прынцыпы стварэння ўласнай адміністрацыі, герба, харугвы, пячаткі — сведчання існавання цэха як юрыдычнай асобы; аб сходзе і брацкім алтары, службе ў царкве, узаемаадносінах паміж рамеснікамі, правілы прыёму вучняў, падмайстраў і іншым. Такіх артыкулаў магло быць больш за пяцьдзясят! З цягам часу іх стала чатырнаццаць. 

Не заплаціў, а пабіў

Уступіць у цэх маглі не ўсе. Існавалі правілы прыёму: прадстаўлялі пасведчанне аб нараджэнні і заканчэнні навучання свайго рамяства, здавалі экзамен па ім, пасля ўносілі грашовы ўзнос, і абавязкова жадаючы павінен быў быць жанатым. Калі майстар не з Бярэсця, яму належыла набыць дом і нават прынесці прысягу гораду.

Згодна з статусам майстар меў права трымаць падмайстраў, якіх часцей называлі “таварыш” альбо “чаляднік”. Першы мог працаваць не за цвёрдую штотыднёвую аплату, а здзельна. Акрамя таго, былі і паўпадмайстры, іх называлі “робенікі”. Часта адносіны паміж майстрам і падмайстрам былі вельмі напружаныя, даходзіла і да бойкі. 

Вось запіс з магістрацкай кнігі Бярэсця ад 13 кастрычніка 1637 года: “ Барташ Малашэўскі працаваў падмайстрам у каваля Бодалы. Калі ж, адпрацаваўшы доўгі тэрмін, ён папрасіў майстра разлічыцца з ім, як з чаляднікам, той адмовіўся і пабіў яго. Малашэўскі падаў скаргу ў магістрацкі суд, прычым не толькі ад сябе, але і ад імя сваіх таварышаў. Магістрат вынес рашэнне на карысць Барташа Малашэўскага”. 

Перарасці з падмайстра ў майстра таксама было складана. Трэба было не толькі адпрацаваць пэўны тэрмін, умовай была, каб упэўніцца ў прафесіяналізме, абавязковая праца ў іншым горадзе год ці два.

Майстры мелі і сваіх вучняў, правілы існавалі і для іх. Кожны вучань павінен быў быць законнанароджанным, а бацькі мусілі паручыцца за яго. Навучанне працягваўся з трох да шасці гадоў. Часцей яго штучна падоўжвалі, бо вучні папаўнялі бюджэт цэхаў. Аднак былі цэхі, якія самі плацілі ўзнос за сваіх вучняў. Вучні займаліся на платна, але доля іх была нялёгкая. Ставіліся да падмайстраў, як да прыслугі. За парушэння білі, многія збягалі, за што прыходзілася плаціць штраф. Цэх меў права вярнуць збеглага вучня. Хто вытрымліваў, мог потым стаць майстрам. 

Пан цэхмістр

Кіраваў цэхам старшыня ці цэхмістр, якіх выбіралі на сходзе. Цэхмістраў магло быць два ў малым цэху і ад чатырох да шасці у вялікім. Яны кантралявалі працу, адказвалі за касу, атрыбутыку, выступалі на сходах. Акрамя іх да кіраўніцтва адносіліся старэйшыя майстры, пісар, шафары.

Асобае значэнне надавалася цэхаўскім сходам. Прысутныя сядзелі строга па рэгламенту. За спазненне, пропуск без прычыны або калі хто прыйшоў са зброяй — цяжкае пакаранне і штраф. За п’яны стан пагражала нават турэмнае зняволенне. Суд пры гэтым абавязваў трымаць у сакрэце ўсе абмеркаваныя справы. Рашэнне старэйшых не мелі права абмяркоўваць. У выпадку канфлікту звярталіся ў суд, які часцей быў на баку цэхмістраў.

Цэхі прадстаўлялі і ваенную адзінку. Калі ўзнікала пагроза, цэх ператвараўся ў атрад і займаў адпаведнае месца ў абароне горада. 

Статут ад Жыгімонта

Аб дзейнасці і ўтварэнні берасцейскіх рамесных аб’яднанняў можна даведацца з кнігі Анатоля Цітова “Краіна Майстроў”. Цікавыя факты ён падае пра злотніцка-малярскі цэх, які быў створаны, калі не лічыць Вільню, першым сярод аналагічных у Літве-Беларусі — 17 красавіка 1599 года. Статут яго быў зацверджаны манархам Жыгімонтам Вазай. Асаблівасцю цэха было тое, што акрамя злотнікаў, у яго стварэнні ўзялі ўдзел і мастакі, што абумовіла злотніцка-малярскі цэх. Ён з’яўляўся адзіным у краіне аб’яднаннем гэтай спецыялізацыі. 

Дакумент строга абараняў манапольныя правы тутэйшых майстроў. Адпаведны артыкул статута сведчыць: “хто б адважыўся трымаць няцэхаўскага злотніка або мастака “на кватэры” падлягаў штрафу ў памеры 108 коп грошай, палова якога ішла на карысць тутэйшага ўрада, а другая — цэха”. Таксама ён утрымліваў патрабаванне аб двухгадовай вандроўцы “ў далёкія і чужыя” месцы для замацавання рамяства. Статут быў канфірмаваны ў 1633 годзе новым манархам, сынам Жыгімонта Вазы Уладзіславам IV. Ён падкрэсліў, што ніхто, акрамя злотнікаў цэхавых прысяглых, не можа “смаляваць” срэбра ў месте. Гэты дакумент пацвярджваў, што замкавы ўрад не павінен прыцягваць злотнікаў да свайго суду, бо яны падлягаюць толькі юрысдыкцыі берасцейскага меснага ўрада.
 
Цікавыя факты падае Цітоў і пра рымарскі цэх. Статут яго быў зацверджаны ў берасцейскай ратушы 1573 года. Цэх склалі седляры, калеснікі і прадстаўнікі іншых прафесій. Адпаведна правіл у цэх не маглі прымацца «ні жыд, ні татарын, ні ошчепенец, ні вываленец». Статут быў канфірмаваны 19 жніўня 1581 года. Асобна ён існаваў да стварэння новай рамеснай суполкі 1614 года. У ёй аб’ядналіся праваслаўныя мяшчане — гэта рымары, лучнікі, слесары, сагайдачнікі, седляры і майстры іншых прафесій. 

У 1624 годзе Лукаш Чалковіч падаў гарадскім урадам скаргу “о деградацыі” у рамястве. Войтаўска-лаўнічы суд пастанавіў аднавіць Чалковіча ў цэху і выплаціць яму 30 грошай, каб задаволіць судовыя і маральныя страты. Яшчэ ў дэкрэце было падкрэслена, што ўсім братам цэха “пад віной у 100 коп грошай на карысць войтаўска-лаўнічага суда” забараняецца нагадваць яму аб гэтым факце. Апошняе пацвердженне статуса суполкі адбылося 1631 года, а праз месяц Жыгімонт Ваза надаў асобны прывілей “цэху рымарскаму, рэлігіі каталіцкай”. Адпаведна з дакументам, усе тутэйшыя рамеснікі гэтых спецыяльнасцей зліліся ў аб’яднаны рымарска-слесарскі цэх і іншыя. 

Як бачым, жыццё рамесных суполак было насычанае. 

Источник: Брестский вестник
Автор: Наталля ШЛЯЖКА