Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках Viber Виртуального Бреста

Вёска Зеляніца: 11 жыхароў, павольнае жыццё і гісторыя аднаго крыжа

6  Мая 2019 г.  в 14:43, показов: 1653 : Брестская область

Прыгожа і спакойна ў гэтыя вясновыя дзянькі ў Зеляніцы. Аксамітавыя шалі накінулі на свае гонкія кроны беластволыя бярозкі. З дня на дзень сваім белым велюмам зачаруе наваколле чаромха і паплыве над вёскай непаўторны водар квецені і жыцця. Пакрысе прыбіраюцца на сваіх падворках вяскоўцы, жанчыны корпаюцца ў агародчыках. У кветніках скрозь мінулагоднюю лістоту прабіваюцца першацветы. І хоць пражывае ў Зеляніцы ўсяго толькі 11 чалавек, з прыходам вясны, здаецца, вёска зноўку ажывае, нават сабакі пачынаюць брахаць неяк званчэй і галасней.

Вёска Зеляніца: 11 жыхароў, павольнае жыццё і гісторыя аднаго крыжа

Дзве сястры

Завіхаецца на сваім падворку Марыя Тарасюк. Не паспела аг­ле­дзецца жанчына, як за звыклымі хатнімі кло­патамі праляцела раніца. Хутка поўдзень, а спраў, запланаваных кабетай на сёння, яшчэ многа.

— Машка, Машачка, па­дыдзі сюды, — ласкава гаворыць Марыя Аляк­сееўна і, нібыта не сем-дзесят пяць гадочкаў ёй мінула, а якіх-небудзь сорак з гакам, спрытна накідвае аброць на галаву кабыле. Рахманая жывёліна нібыта ўсё ра-зумее, спакойна слухае і выконвае загады сваёй гаспадыні. – Вось зараз прыбярэмся і паедзем у Арэхава.

Немагчыма было не давацца дзіву, з якой лёгкасцю бабуля завяла каня ў аглоблі, надзела хамут, паправіла лейцы. Машка, застаяўшыся за зіму, з нецярпеннем пачынае біць капытом зямлю.

— Яшчэ б некалькі хві­лін, і дома не засталі б нікога, — сядаючы ля прызбы, кажа бабуля Марыя. – Сёння дзень пенсіі, дык мы па гэтай прычыне з сястрой Ганнай збіраемся паехаць у Арэхава. А заадно і Машка прагуляецца. Годзе ёй бакі адлежваць.

Машка ўжо немаладая, гадоў 18 ёй будзе, але для гаспадыні яна сапраўдная памочніца. Ды і ў вёсцы без каня як без рук. Агарод узараць, шукай, прасі чужых лю-дзей. Бульбу пасадзіць, акучыць ці выкапаць – зноўку без каня анікуды. 

Вёска Зеляніца: 11 жыхароў, павольнае жыццё і гісторыя аднаго крыжа

— Карову прадала, а вось з канём развітацца ніяк не магу, — гаворыць Марыя Аляксееўна. – Не падымаецца рука ў мяне здаць яе на базу. Колькі гадоў разам пражылі, колькі зямлі перааралі – не злічыць. Кабылка ў мяне цягавітая, але я яе моцна не нагружаю працай. Воз вагою ў тон­у яна без праблем павязе. Ды і прасцей з канём упраўляцца, чым трымаць на падворку карову. Летам з канём увогуле няма ніякіх праблем, прывязаў на выгане, няхай пасецца, а карову кожную раніцу падаіць трэба. А вось старэйшая сястра Ганна гадуе сабе цялушачку і коз трымае.

У родным калгасе Ма­рыя Аляксееўна адпрацавала 36 гадоў. Даглядала авечак. Ка­­­лісьці ля Зеляніцы авеч­кагадоўчая ферма была, дзе знаходзілася каля 3 тысяч авечак.

— Цікавы час тады быў, — прыгадвае Марыя Тарасюк. – У Зеляніцы жыццё віравала, людзі заставаліся жыць у вёсцы, будаваліся, дзяцей раджалі. А цяпер дажываюць свой век амаль адны пенсіянеры.

Сястра Марыі Аляк­сееўны, Ганна Афанась­ева, жыла ў Брэсце, пра­цавала ў дарожна-рамонтным будаўнічым упраўленні, а калі выйшла на пенсію, гарадскую кватэру пакінула ўнукам, а сама вярнулася на бацькаўшчыну, у родную Зеляніцу.

— Чаго крывіць душой, — далучаецца да размовы бабуля Ганна. – Жывём няблага: тры разы на тыдзень пад хату пад’язджае аўталаўка, а мотадастаўка дастаўляе спраўна нам газеты і пенсію. Праз вёску хо­дзіць грамадскі транспарт, трапіць у горад ня­­ма асаблівых праблем.

Крыж пры дарозе

Карыстаючыся магчы­масцю, не магла не паці­кавіцца ў мясцовых жанчын пра гісторыю крыжа, які стаіць пры дарозе за метраў 300-400 ад Зеляніцы. На першы погляд, звычайны драўляны крыж. Напэўна, калісьці такія ставілі на месцы тра­гічных здарэнняў ці аварый. Ды ўвагу прыцягвае выбіты на ім надпіс: “1941 год”. 

Вёска Зеляніца: 11 жыхароў, павольнае жыццё і гісторыя аднаго крыжа

— Пра гэты крыж мы ве­­даем толькі тое, што казалі нам некалі мясцовыя старажылы. Праўда тое ці выдумка, хто яго ведае. Нібыта здарылася гэта ў першыя дні вайны. Дарог раней не было добрых. Ды і Зеляніцы, як вёскі, яшчэ не існавала. Людзі жылі па хутарах. На Арэхава вяла грэбля. Кажуць, што, адыходзячы, чырвонаармейцы яе замініравалі. Тады фашысты прымусілі аднаго чалавека запрэгчы каня і бараной размініраваць шлях. Той няшчасны, вядома, загінуў, а на гэтым месцы праз нейкі час быў усталяваны крыж, — расказваюць жанчыны. – А хто там падарваўся на міне, нам невядома.

Кіраўнік спраў Арэ­хаўскага сельскага Савета Валерый Стралюк параіў нам звярнуцца да доўгажыхаркі Веры Мітрафанаўны Галянчук, якая жыве ў Арэхаве.

— Думаю, Вера Міт­ра­фа­наўна ўсё раскажа. Яна адна з нямногіх сведкаў зверстваў фа­шыс­таў, якія лютавалі на нашых землях у гады акупацыі.

Вёска Зеляніца: 11 жыхароў, павольнае жыццё і гісторыя аднаго крыжаЕдзем да Веры Галян­чук, што жыве разам з дач­кой на галоўнай вуліцы Арэхава. Бабуля была дома, якраз снедала.

— Напэўна, маеце на ўвазе тое месца, дзе падчас вайны падарваўся на міне мой дзядуля Цярэнцій Крэнь разам з сям’ёй сына, — удакладняе Вера Мітрафанаўна. – Толькі гэта здарылася незадоўга да вызвалення раёна ад немцаў, у 1944 годзе. Я тады была ўжо падлеткам, споўнілася мне адзі­наццаць гадоў. Страшны час быў, жорст­кі. Не давядзі Гасподзь, каб такое зло зноўку на зямлі калі-не­будзь паў­тарылася. Вёску нашу Арэхава немцы спалілі, частку жыхароў забілі. Наша сям’я знайшла часовы прытулак у родзічаў, што жылі ў Перавым. Ад маці я пачула, што дзядуля Цярэнцій з Олтуша загінуў. Здарылася гэта на грэблі, непадалёку ад Зеляніцы. Толькі цудам у жывых засталіся яго сын Дзмітрый (але ад выбуху ён назаўсёды аслеп), яго жонка і немаўлятка. На тым месцы потым быў устаноўлены крыж. Дзеда пахавалі на могілках у Олтушы.

Збіраючы інфармацыю пра крыж, я пачула яшчэ адну гісторыю. Здарылася гэта ўжо пасля вайны, калі ў навакольных мясцінах валадарылі бандыцкія фарміраванні, што не прызнавалі савецкую ўладу і расстрэльвалі мясцовых актывістаў, прад­­­стаўнікоў улады, пар­тыйных работнікаў. Шмат бязвінных людзей тады загінула. Сярод ахвяр аказаўся і ўраджэнец вёскі Галёўка Пётр Са­лаўчук, які, па расказу яго праўнучкі Ірыны Каралюк, першага студзеня 1947 года разам са старшынёй Арэхаўскага сельскага Савета Якавам Бягезай і інспектарам Брэсцкага аддзялення Дзяржбанка загінулі ад рук бандытаў. Іх целы знайшлі толькі вясной, калі сышоў снег, у канаве, што непадалёк ад Зеляніцы. На тым месцы быў пастаўлены крыж і напісана дата смер­ці – 1947 год. З цягам ча­су крыж пахіліўся, але нехта з мясцовых людзей вырашыў на месцы старога паставіць новы крыж, толькі памыліўся з апошняй лічбай, замест 1947 на дрэ­ве быў пазначаны 1941 год.

Як бы там ні было, але відавочна адно, што яшчэ шмат нязведаных таямніц тояць у сабе тутэйшыя мясціны. Толькі час няўмольны і ўсё далей і далей ад нас адыходзяць падзеі Вя­лікай Айчыннай вайны, назаўсёды забіраючы свед­­каў, якія маглі б паведаць нам яшчэ шмат чаго цікавага.

Источник информации: Голас часу
Автор: Кацярына Яцушкевіч
Система Orphus


Комментарии доступны только для
зарегистрированных пользователей сайта