Случайностей не бывает. Барановичский парень стал агрономом и ни о чем не жалеет

9  Апреля 2019 г.  в 10:26 : Разное: обо всём понемногу

У народзе даўно заўважылі: усё, што ні робіцца, — усё да лепшага. Так атрымалася і ў Сяргея Юшкевіча. Баранавіцкі хлопец пасля заканчэння школы хацеў стаць урачом агульнай практыкі, але пакарыць медыцынскую навучальную ўстанову не атрымалася. Пра тое, што ў выніку лёс прывёў яго ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, а затым — на Пружаншчыну, Сяргей сёння ніколькі не шкадуе…
Як Сяргей Юшкевіч трапіў у Ружаны? Аказалася — проста.

Случайностей не бывает. Барановичский парень стал агрономом и ни о чем не жалеет

— Яшчэ да размеркавання маладых спецыялістаў я ведаў, што буду пачынаць працоўны шлях на Брэстчыне: вучыўся па мэтавым накіраванні менавіта з гэтай вобласці. А вось на Ружанах спыніў выбар мэтанакіравана, — расказвае малады чалавек. — Па-першае, прадстаўнікі з гаспадаркі, якія выступалі перад студэнтамі ва ўніверсітэце напярэдадні размеркавання, зацікавілі. Па-другое, калі падчас вучобы ездзіў дамоў на выхадныя, шлях ляжаў праз Ружаны, і для сябе адзначыў, што тут я быў бы не супраць жыць. Ну, і, шчыра кажучы, адсюль не так ужо далёка да дома.

Напрыканцы ліпеня 2014 года малады спецыяліст С.А.Юшкевіч быў прыняты на работу ў ААТ «Ружаны-Агра» аграномам. 

— Чаканні супалі з рэчаіснасцю, — дзеліцца сваімі ўражаннямі ад работы ў гаспадарцы і ўвогуле ад жыцця ў Ружанах суразмоўца. — Як і абяцалі, далі жыллё — пакой у гасцініцы гаспадаркі. У калектыве шмат моладзі, для якой ладзіцца карысны і прыемны адпачынак: у прыватнасці, каманда дэлегуецца на турыстычныя злёты, на футбольныя баталіі, работнікі ездзяць на экскурсіі… Зразумела, з-за спецыфікі работы я не заўсёды прымаю ўдзел у гэтых мерапрыемствах. Куды больш важна, што я не расчараваўся ў хлебе, які для сябе абраў.

А хлеб аграрыяў, як вядома, нялёгкі. Тым не менш, гэта не перашкодзіла Сяргею зарэкамендаваць сябе як адказнага, добрасумленнага работніка, умелага спецыяліста. Вось ужо год як С.А. Юшкевіч з’яўляецца кіраўніком участка «Ружанскае» ААТ «Ружаны-Агра». Да слова, гэта самы вялікі ўчастак таварыства, у які ўваходзяць былыя гаспадаркі «Светлы шлях» і «Ружанскае». Перад спецыялістам штодзённа стаяць задачы па размеркаванні тэхнікі, арганізацыі работ, у тым ліку на малочнатаварных комплексах «Далкі», «Малочкі», «Бярэзніца» і «Поланск». У падначаленні знаходзіцца сем чалавек і сезонныя рабочыя. Нараканняў на тое, як спраўляецца са сваімі абавязкамі малады кіраўнік участка, няма.

Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.

Источник: Раённыя будні