Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Паэзія, цябе благаслаўляю!..

17  Марта 2019 г.  в 12:03 : Фотофакт

Мабыць, я шчаслівы чалавек. Чаму? Таму што мне шанцуе на знаёмствы з таленавітымі творчымі людзьмі. А дакладней – з паэтамі, празаікамі, краязнаўцамі і нават казачнікамі зямлі берасцейскай.

Паэзія, цябе благаслаўляю!..

Вось і напачатку 2018 года зусім нечакана-неспадзявана мае сцежкі-дарожкі ўпершыню перасякліся з пуцявінамі цудоўнай, самабытнай паэткі з Кобрына – Зінаідай Навасад, якая стала сапраўднай знаходкай для мяне. У гэтай сціплай жанчыны прыгожае ўсё – імя, прозвішча, душа, учынкі і, што вельмі адметна, – яе светлыя, кранальныя вершы, якія Зіна піша з юнацкіх гадоў, але доўга не асмельвалася, баялася выносіць іх на свет белы. А дарма. Бо з такой паэзіяй ёй даўно ўжо варта было пачаць заваёўваць, як кажуць, месца пад сонцам, гэта значыць – на літаратурных старонках перыядычных выданняў, каб шчырымі, пранікнёнымі радкамі кранаць сэрцы і душы чытачоў. Больш таго, на маю думку, ёй пара ўжо заняць пачэснае месца ў пісьменніцкай суполцы. Бо ўсе яе творы – сапраўды высокамастацкія, глыбокадухоўныя, самадастатковыя, поўныя бязмежнай любові і дабрыні, чалавечай спагады і міласэрнасці.

Паэзія, цябе благаслаўляю!.. Паэзія, цябе благаслаўляю!..

Першая паэтычная падборка Зінаіды Навасад, з’явілася ў газеце МУС “На страже” ў 1995 годзе. Гэта надало паэтцы ўпэўненасці ў свае здольнасці, і Зінаіда пачала рассылаць вершы ў розныя рэдакцыі. Так у хуткім часе яе творы сталі друкавацца ў раённых газетах “Кобрынскі веснік”, “Драгічынскі веснік”, у абласных “Заря” і “Народная трыбуна”, у штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, “Трудовой путь”, “Преображение”, у дзіцячым часопісе “Крынічка”, у альманаху “Берасцейская скарбніца”, калектыўных зборніках “Вдохновение”, “Рифмы веры”. Мае паэтка і ўласны зборнік “Благослови…”, які пабачыў свет у 2014 годзе (Брэст, выдавецтва “Альтернатива”).

Але мне хочацца больш падрабязна засяродзіцца на падборках яе вершаў, апублікаваных ажно на дванаццаці старонках у аб’ёмістым калектыўным зборніку (больш за 700 старонак) “За всё Создателю спасибо” (Мінск, “Смэлтак”, 2018) ды ў расійскім выданні (каля 10 вершаў) “Наваждение” (Масква, “Дикси Пресс”, 2017).

У гэтых зборніках Зінаіда Навасад выступае не толькі як прафесійны паэт-лірык, паэт-патрыёт, паэт-пейзажыст, але і як саспелы паэт-філосаф, паэт-дарадца, настаўнік і, што вельмі важна, – паэт-духаўнік, які сам шчыра моліцца і горача заклікае свайго чытача маліцца “за мір, за свой народ, за Беларусь”.

Так у вершы “Калі не ты...” яна, звяртаючыся да чытацкай публікі, хвалююча прамаўляе:

У адзінай звязцы ўсе мы, людзі.
Сярод засілля цемнаты
Маліцца хто за мір наш будзе,
Калі не мы, не я, не ты?!

У наступным творы “Кірунак у неба вачам дай сваім…” паэтка зноў-такі просіць:

Стань, дружа, за мір і за годнасць сваю.
Хай знікне духоўная цемра, малюся.
Нябеснай Радзіме душу аддаю,
А сэрца – маёй дарагой Беларусі.

Маліцца за мір па логіцы аўтара – гэта не толькі прамаўляць малітву, але і ісці ад цемры да святла, падымацца ад нізіннага да вышэйшага, ад нікчэмнага да значнага, вызваляцца ад зла ды імкнуцца да спагады, дабрыні, выхоўваць у сабе і перадаваць іншым духоўна-хрысціянскія якасці. Сцвярджаць такое можа толькі чалавек, які прайшоў нялёгкі жыццёвы шлях, мае вялікі вопыт і багатыя веды за плячыма, сам у сабе выкрышталізаваў высокую чалавечую годнасць, грамадзянскую маральнасць.

А вось яшчэ адзін добразычлівы зварот аўтара: “Калі лісток асенні кружыць, / Вясной, і летам, і зімой / Глядзі часцей у неба, дружа, / Туды наведвайся душой…” Здаецца, адна страфа, адзін сказ, а колькі тут раскрыта багацця і хараства прыроднага, чалавечага, колькі жаночай ласкі, дабрыні, спагады, сардэчнасці! І ўсё гэта дасягнута некалькімі мастацкімі прыёмамі, у якіх зліліся: парыў душы, узлёт думкі і мілагучнасць удала падабраных слоў. А гэта і ёсць мастацтва гаварыць вобразна, кранальна, уменне ствараць моўную карціну, непаўторную прыгажосць, 

Піша паэтка на беларускай і рускай мовах. І варта заўважыць, што свае патрыятычныя, лірычныя пачуцці да любага краю, роднай зямлі, да Беларусі ёй удаецца выказаць аднолькава па-мастацку прыгожа і шчыра на абедзвюх дзяржаўных мовах:

Земля многострадальная, родная,
Прекрасна ты! Душою всей молюсь
За свет и за колосья урожая,
За мир, за мой народ, за Беларусь.

У філасофіі яе радка неад’емна прысутнічае вялікая чалавечнасць і высокая духоўнасць. Звяртаючыся да Бога, паэтка прызнаецца:

Хочу Твоим сосудом быть,
Чтоб побеждать в духовной брани,
Но никого чтоб не хулить,
Не осуждать, не злить, не ранить.

Успамінаючы родны вобраз матулі і шкадуючы, што болей нават голасу яе не пачуе, паэтка па-даччынаму прызнаецца: “Если б вдруг в спешке суетных дней / Время то возвратить хоть на малость, / Я бы каждой морщинкой твоей, / Как прекрасным цветком, любовалась…” Гэтыя радкі датычаць тых сыноў і дочак, у каго яшчэ бацькі жывыя, нагадваюць, як трэба цаніць сваіх родных, пакуль яны з намі. 

І ўсяго гэтага Занаіда Навасад дасягнула самастойна, без дапамогі і падказак збоку, без удзелу літаратараў-дарадцаў. Як так атрымалася? Бо рупілася, бы пчолка, усё жыццё, працавала над сабой, паглыбляла свае веды, развівала інтэлект. Дый Гасподзь, безумоўна, быў і ёсць побач. Гэта Ён шчодра адарыў руплівіцу творчым талентам, вялікім цярпеннем і верай, напоўніў яе душу любоўю і дабрынёй, кожны дзень пасылае надзею і падтрымку.

І паэтка, добра разумеючы гэта, доблесна і з удзячнасцю праносіць па жыцці высокае званне творцы-літаратара. Доблесць для яе – гэта вялікая самаадданасць у працы і творчасці, гэта ўнутраная маральная адказнасць, сумленнасць і высакароднасць душы.

Закончыць свой расповед пра творчасць Зінаіды Навасад хочацца яе ж на дзіва высокамастацкім, аптымістычным прызнаннем паненцы-Музе:

Поэзия, тебя боготворю!
Явилась ты из солнечного края.
Душе мгновенья радости дарю,
Тебя в дальнейший путь благословляя.

А я чыстасардэчна благаслаўляю цябе, шчыры і пладавіты творца, у няпросты, але такі пачэсны шлях, шлях, які вядзе ў цудоўную краіну – Паэзія!

Надзея ПАРЧУК, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, 
паэт, літаратурны крытык, публіцыст, рэцэнзент