Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Год малой Радзімы. Сустрэча ў сельскай школе. Каб натхненне не згасала

28  Октября 2018 г.  в 00:49 : Фотофакт

Чакалася, што сустрэча будзе з вучнямі і настаўнікамі Язвінскай сярэдняй школы Лунінецкага раёна, а атрымалася, што не толькі з імі, але і з бібліятэкарамі школ раёна, якія ў гэты дзень ладзілі ў згаданай навучальнай установе сваё мерапрыемства – планавае пасяджэнне раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання школьных бібліятэкараў. Супадзенне ўзаемадапоўніла і ўзбагаціла яго праграму. Таму літаратурную імпрэзу без усялякіх нацяжак можна назваць раённай. Гэта ўдвая прыемней. А калі ўлічыць, што сядзіба выступоўцы, г.зн. аўтара гэтых радкоў, знаходзіцца амаль па-суседску са школай, у некалькіх кіламетрах, дык і ўтрая.

Год малой Радзімы. Сустрэча ў сельскай школе. Каб натхненне не згасала

Але хоць і сусед, але ў школе ўпершыню, бо і сам на сядзібе нядаўна. Таму ўсё тут цікава. Будынак дабротны, двухпавярховы. З усімі выгодамі. Афармленне па самых сучасных мерках. А галоўнае – дзеткі (усяго ў наяўнасці 201 вучань). На сцэне яны дэманстравалі выдатную артыстычнасць і, што немалаважна, гэткае ж выдатнае валоданне беларускай мовай.

Год малой Радзімы. Сустрэча ў сельскай школе. Каб натхненне не згасала

Увогуле, гучала тут выключна роднае слова. І з вуснаў вядучых – вучняў 9 класа Дашы Грабовіч ды Арсенія Абрамчука, і іх аднакласнікаў, якія дэкламавалі вершы аўтараў Лунінеччыны, і мясцовых паэтак Валянціны Іванаўны Трухновай ды Галіны Рыгораўны Абрамчук, і арганізатара мерапрыемства – загадчыцы школьнай бібліятэкі Галіны Мікалаеўны Пінчук, і ўсіх-усіх. Толькі бібліятэкараў сабралася больш за трыццаць чалавек, а яшчэ ж настаўнікі-філолагі, вучні старэйшых класаў. Набралася поўная прасторная зала.

Год малой Радзімы. Сустрэча ў сельскай школе. Каб натхненне не згасала

Дзеці дэкламавалі вершы лунінецкіх паэтаў, на якіх багатая гэтая блаславёная зямля, увасабляліся ў сцэнічныя вобразы (асабліва ўразіла сцэнка з вершаванай міні-п’есачкі Валянціны Трухновай пра ягады, якія дзеляць паміж сабою карону царыцы гэтага краю; спрачался журавінка, чарнічка ды клубніца, якімі якраз і славіцца Лунінеччына, і кожная не саступае адна другой), гледачам-слухачам таксама быў прадэманстраваны фільм пра Соф’ю Прорвіч, праваслаўную пісьменніцу, якая жыла і тварыла ў Лунінцы на сутыку ХІХ-ХХ стагоддзяў…

Год малой Радзімы. Сустрэча ў сельскай школе. Каб натхненне не згасала

Ну, а аўтара гэтых радкоў вядучыя ды прысутныя ў зале закідалі пытаннямі, на якія было прыемна адказваць, а затым гэтак жа прыемна падарыць школе свае кнігі. Аналагічныя дарункі зрабілі таксама падчас сваіх выступленняў Валянціна Трухнова ды Галіна Абрамчук.

Завяршылася мерапрыемства падвядзеннем бібліятэкарамі раёна вынікаў усяго метадычнага дня, самай яркай часткай праграмы якога і сталася імпрэза.

Найпрыемнейшыя ўражанні засталіся ад усяго, што адбывалася ў гэты дзень у школе.

Анатоль КРЭЙДЗІЧ, пісьменнік, непасрэдны ўдзельнік мерапрыемства.

НА ЗДЫМКАХ: моманты літаратурнай сустрэчы.