«Малітоўна сілкуйце» душу... 14 сакавіка адзначаюць Дзень праваслаўнай кнігі

14  Марта 2018 г.  в 11:23 : Фотофакт

Радок з аднаго з вершаў Надзеі Парчук, вынесены ў загаловак, падаўся лейтматывам твораў, змешчаных у зборніку паэзіі “Святло няскоранай душы” (Брэст, “Альтернатива”, 2017).

«Малітоўна сілкуйце» душу... 14 сакавіка адзначаюць Дзень праваслаўнай кнігі

Апошнім часам, засяроджаная на прозе (жыцця), не звяртала ўвагі на навінкі паэтычнай творчасці. Але напярэдадні майго дня анёла брэсцкая паэтка, з якой знаёмы толькі па перапісцы, даслала сваю новую кнігу з выявай цудоўнага храма на вокладцы і шчырым аўтографам. Другі зборнік Надзея Мікалаеўна пераслала храму іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”), а ў лісце зрабіла прыпіску: “Пастаўце, калі ласка, свечку перад храмавай іконай”...

З першых жа старонак захапіла паэтычнае занатоўванне імя вялікамучаніка Георгія Перамоганосца. У мяне ёсць асабістыя прычыны з асаблівай пранікнёнасцю адносіцца да гэтага святога. Яго імя шануецца чатыры разы ў год. 

У свой час пашчасціла наведаць храм у горадзе Лод (ранейшыя назвы Лідда і Георгіяпаль – Ізраіль), асвячаны ў гонар абнаўлення (16 лістапада). Вандравала па Грузіі, нябесная ахоўніца якой – роўнаапостальная Ніна – назвала краіну імем свайго сваяка, Георгія Перамоганосца (тут 23 лістапада прыгадваюць калесаванне святога). У нашым раёне захавалася старэйшая на Усходнім Палессі драўляная царква ў Сінкевічах (датуецца 1724 годам, да 280-годдзя падзеі выпушчана марка з выявай храма), дзе святкуюць 6 мая (на жаль, сціпла, таму што пабудова мае патрэбу ў рэстаўрацыі). Сапраўдная ўрачыстасць, часта – з удзелам архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана, адбываецца 9 снежня ў Ражства-Багародзічным храме старажытнай Лахвы, дзе калісьці быў і Свята-Георгіеўскі храм (у гэты дзень шануецца памяць асвячэння аналагічнай царквы ў Кіеве).  

«Малітоўна сілкуйце» душу... 14 сакавіка адзначаюць Дзень праваслаўнай кнігі

У кожнага – свае гісторыі, звязаныя з вялікамучанікам Георгіем Перамоганосцам. Са сваёй уласнай, не падобнай на іншыя, цікавай і пазнавальнай, у прадмове пад назвай “Непераможная любоў” знаёміць Надзея Мікалаеўна. І тут жа змяшчае першы верш, выкліканы “Житием святого Николая Чудотворца” – пасля чытання, як адзначае аўтар кнігі, “нечакана адзін за адным паліліся спавядальныя, малітвенныя радочкі”.

Малітоўнасцю вызначаецца і паэма, якая дала назву зборніку. У Надзеі Парчук – лёгкі літаратурны стыль, які набліжае паэтычны пераклад жыцця вялікамучаніка Георгія Перамоганосцы да народнага сказання. З асаблівым замілаваннем аўтар малюе і вобраз царыцы Аляксандры, дзень нараджэння якой у вечнасці таксама святкуецца 6 мая:

 …Душа ад цела адышла,

Галубкай выпырхнула ўгору.

 У паэме не адлюстравана мова царыцы Аляксандры, але шмат дыялогаў іншых дзеючых асоб. Асабліва прыцягваюць прамовы Георгія, які нагадвае вечныя біблейскія ісціны. У свой апошні зямны час ён звяртаецца да Госпада з удзячнасцю за ўсё і просіць толькі за іншых – словамі Іісуса Хрыста:

 “…Даруй мучыцелям маім –

Яны не ведаюць, што твораць”.

 Думаю, што гэта прастамоўнасць асабліва наблізіць кнігу да дзяцей – выхаванцам нядзельных школ лягчэй будзе ўспрымаць вобраз святога не праз афіцыйнае “Житие…”, а праз паэму, праз асобныя вершы, якія сабраны ў раздзеле “Духоўная паэзія”. Яны таксама просяцца да выкарыстання на духоўных занятках не толькі для дзяцей, але і дарослых (напрыклад, паэтычны зборнік з задавальненнем прачытала мая мама). Асабліва запатрабаванымі і ў звычайных установах адукацыі, дзе цяпер шмат увагі надаецца пытанням нацыянальнага адраджэння, будуць прысвячэнні нябесным ахоўнікам Беларусі – Еўфрасініі Полацкай, Сафіі Слуцкай, Афанасію Брэсцкаму.

Ад верша “Новы запавет”, які вызначаецца асабістай аўтарскай пазіцыяй, “зорачкамі” аддзелены наступны, зусім новы (як пазней удакладніла аўтар, верш з іншай тэматыкай, яго можна было б назваць “Просьба”). Мне ж абодва творы падаліся злучанымі адной тэмай.

«Малітоўна сілкуйце» душу... 14 сакавіка адзначаюць Дзень праваслаўнай кнігі

У першым, нават не ўзятым у двукоссе, – адлюстраваны зварот Іісуса Хрыста, які адзіны – учора, сёння і заўтра (але і за два тысячагоддзі далёка не ўсімі ўспрынята мэта яго дзейнасці:“Прапаведаваў скрозь дабро…”). Другі верш – гэта, безумоўна, запавет самой Надзеі Парчук, якая і дзеліцца патаемным:

 “…Мне заўсёды хацелася б слухаць –

Цішыню, што між зораў звініць…”,

 і ўражвае бязмежнай шчырасцю:

 “Я насустрач адкрыю душу –

Хай натоліцца радасцю гэтай!”.

А “радасць” – гэта і прырода (“Белы ранак”), і звычайныя царкоўныя паслушанні (“Званар”), і спрадвечныя святы (“У Спасаў дзень”). І кожны верш (нават не названы, як гэты – “Малітва”) заклікае і настойвае:

…Просіць сэрца: памаліся!

І тут жа (“Залежнасць”) даецца тлумачэнне гэтай просьбы:

Жывём датуль на белым свеце,

Пакуль у ім хаця б адна

Душа за нас прад Богам недзе

Малітву шэпча дапазна…

У гэтым вершы – бязмежная ўдзячнасць нашым бабулям і нашым матулям, што раней за нас усвядомілі прапісныя ісціны, выйшлі на сваю “дарогу да храма”…

Праўда, мая, нібыта ачышчаная слязьмі душа, спатыкнулася на завяршэнні – вершы з трох чатырохрадкоўяў. Чаму аўтар звяртаецца да “зламыснікаў крывавых”? Запамінаецца ж апошняе слова. Так і хацелася параіць Надзеі Мікалаеўне: няхай бы зборнік завяршаўся першай страфой з заклікам “Паклон наш зямны і хвала” таму, “Хто Творца жыцця і сусветнай прыроды”!

Прымірыў з аўтарам “Эпілог”, які таксама заканчваецца вершам:

…Навучы, Божа, верыць і сэрцам любіць,

І Табе, Дабрадаўцу, маліцца!..   

І ў апісаннях зямной прыгажосці, і ў шчырых зваротах, і ў філасофскіх разважаннях Надзея Парчук захоўвае малітоўны настрой сваёй творчасці, які і адпавядае вызначэнню “сапраўднага паэта”.

Член Саюза пiсьменнікаў Беларусi Таццяна КАНАПАЦКАЯ