Ад Скарынаўскай Бібліі – да Божых Запаведзей

11  Декабря 2017 г.  в 11:20 : Разное: обо всём понемногу

Так можна назваць духоўны шлях, па якім гімназісты г. Лунінца крочылі ў юбілейны для друкаваных выданняў год.

Ад Скарынаўскай Бібліі – да Божых Запаведзей

Ён пачаўся з актыўнага ўдзелу ў разнастайных творчых конкурсах, стаўшых паспяховымі для шэрагу вучняў і настаўнікаў.

Хочацца адзначыць актыўнасць педагогаў беларускай мовы і літаратуры Ірыны Анатольеўны Дасько і Валянціны Канстанцінаўны Казун. Іх выхаванцы Ксенія Андрайчук (7 “Б”) і Аляксей Царук (10 “А”) годна выступалі ў мерапрыемствах рэспубліканскага і раённага ўзроўню, што адбываліся і ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску, і ў цэнтральнай – у Лунінцы.

Ад Скарынаўскай Бібліі – да Божых Запаведзей

Завяршэнне юбілейнага года кнігадрукавання арганізавалі ў гімназіі. На ўрачыстасці было прадстаўлена 6-ае выданне з серыі “Лунінецкая памяць”. Аб працы над ім расказала журналіст Таццяна Васільеўна Канапацкая. Хутаранін, галоўны герой кнігі “Мелясніца. Погляд з Грані”, быў удзельнікам Першай сусветнай вайны, партызанскім сувязным – у час Вялікай Айчыннай, але памяць аб сабе пакінуў, перш за ўсё, тым, што добрасумленна выконваў штодзённыя працоўныя абавязкі.

Ад Скарынаўскай Бібліі – да Божых Запаведзей

І гэтым быццам занатаваў для сучаснікаў спрадвечную народную мудрасць: “Каб кожная пачатая справа праходзіла праз душу і сэрца, не важна, якога яна маштабу. Таму што для Бога кожная наша справа – усяленская. А калі робім не для Яго – тады навошта?!”. І нават памылкі, што здарыліся ў жыцці гэтага чалавека, таксама даюць красамоўны ўрок чытачам: як вы ставіцеся да іншых, так і іншыя будуць адносіцца да вас…

Ад Скарынаўскай Бібліі – да Божых Запаведзей

На свае пытанні атрымалі адказы Марыя Хаменка (8 “А”), Дзмітрый Назаранка (8 “Б”), Аліна Крагель і Максім Дуньчык (10 “А”). Мяне ўразілі гімназісты, таму што размова сведчыла аб адчуванні дзецьмі трапяткога дачынення да малой радзімы. Цікавіліся прыкладамі дыялектнай гаворкі, на якой спрадвеку размаўлялі нашы продкі; захапляліся тапанімічнымі помнікамі, увасобленымі ў старажытныя назвы лунінецкіх вуліц. Спадзяюся, што таксама натуральна сучасныя дзеці ўсвядомяць біблейскія запаведзі, якім спрабаваў адпавядаць лунінецкі жыхар у першай палове ХХ стагоддзя.

Ад Скарынаўскай Бібліі – да Божых Запаведзей

Пажадана, каб і самі імкнуліся захоўваць сумленнасць і годнасць у складаных жыццёвых сітуацыях. З дапамогай сустрэч з аўтарамі кніг, магчыма, дзеці асэнсуюць неабходнасць чытання як галоўную ўмову духоўнага і інтэлектуальнага ўдасканалення. На прыкладах самых вядомых і новых літаратурных героеў стараемся выхоўваць нашых “разумнікаў і разумніц” заўсёды, асабліва – у гэты адметны час 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Ірына РАМАНЧУК, бібліятэкар гімназіі г. Лунінца. Фота аўтара.