Творчая імпрэза Андрэя Мазько "Радкі, напісаныя лёсам"

30  Ноября 2017 г.  в 14:47 : Разное: обо всём понемногу

І лірык, і філосаф, і добры гаспадар… Так можна сказаць пра таленавітага паэта з Лунінца Андрэя Мазько, творчая сустрэча з якім адбылася ў Брэсцкай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна.

Творчая імпрэза Андрэя Мазько "Радкі, напісаныя лёсам"

Андрэй Іванавіч Мазько нарадзіўся ў в. Упірава Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Выхоўваўся і вучыўся ў Гарадзецкай, Жабінкаўскай, Пружанскай школах-інтэрнатах.

У 1977 годзе закончыў з адзнакаю Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі ў Мінску і да 1982 года працаваў галоўным інжынерам калгаса “Кастрычнік” Іванаўскага раёна. Без адрыву ад вытворчасці завяршыў вучобу ў аспірантуры БІМСГ.

Узначальваў аддзел па эканоміцы і рыначных адносінах, упраўленне гарадской гаспадаркі, працаваў начальнікам упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва і архітэктуры Іванаўскага райвыканкама, намеснікам старшыні Лунінецкага райвыканкама. Аўтар паэтычных зборнікаў “Жывы калодзеж”, “Днi i ночы мае”.

Творчая імпрэза Андрэя Мазько "Радкі, напісаныя лёсам"

Андрэй Мазько шчыра дзяліўся з прысутнымі сваімі пачуццямі, жыццёвым вопытам, шматгадовымі назіраннямі. Паэт рассказаў пра цеснае супрацоўніцства з вядомым кампазітарам Васілём Кандрасюком, жыццё якога абарвалося ў 2013 годзе, пранікнённа чытаў свае вершы, а напрыканцы вечарыны ўсім прысутным узняў настрой добрай песняй, выконваючы яе пад гітару.

На творчай сустрэчы прысутнічала моладзь з Брэсцкага каледжа бізнесу і права. Менавіта для падрастаючага пакалення паэт знайшоў мудрыя і важкія словы, засяродзіў увагу на тым, якую вялікую ролю мае ў жыцці чалавека сям’я, родны куточак, як неабходна ўсё жыццё быць рупліўцам на працы і адказна ставіцца да любых даручаных спраў.

Маладыя людзі з вялікай цікавасцю слухалі паэта, задавалі госцю розныя пытанні, у тым ліку і пра літаратурную творчасць, натхненне і ўменне сумяшчаць адказную працу з паэзіяй.

Падтрымаць выступоўцу добрымі словамі прыйшлі і калегі па пяры. Гэта – Аляксандр Валковіч, Зінаіда Дудзюк, Любоў Красеўская, Мікола Панасюк, Таццяна Шульга. Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч падкрэсліла, што творчасць Андрэя Мазько – лірычна-кранальная і шчымліва-крынічная. Свае асабістыя пачуцці, перажыванні, думкі паэта набываюць незвычайную глыбіню і масштаб, бо кожны аўтарскі радок напоўнены цеплынёй і любоўю да роднай Беларусі, сваіх землякоў, любай сэрцу маленькай Радзімы. Апроч усяго, у творчасці Андрэя Мазько ёсць моцная апора, гэта – паэтычны талент, ёсць воля і імкненне ўзняцца ўвышыню. І гэта душэўная сіла, сардэчная прыгажосць і пяшчота, паэтычная крылатасць прыцягваюць і заварожваюць чытачоў.

Ждите загрузки ссылки для показа изображений!

Прэсс-служба Брэсцкага абласнога аддзялення
Саюза пісьменнікаў Беларусі