Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Прэзентацыя кнігі берасцейскай паэткі, празаіка, драматурга Зінаіды Дудзюк прайшла ў гарадской бібліятэцы імя Пушкіна

25  Ноября 2017 г.  в 10:57 : Разное: обо всём понемногу

Літаратурны свет не стаіць на месцы, ўзбагачаецца новымі цікавымі выданнямі. На гэты раз літаратурная скарбонка папоўнілася зборнікам п’ес Зінаіды Дудзюк “Гістарычныя драмы”. 

Прэзентацыя кнігі берасцейскай паэткі, празаіка, драматурга Зінаіды Дудзюк прайшла ў гарадской бібліятэцы імя Пушкіна

Творчасць Зінаіды Іосіфаўны добра вядома аматарам літаратуры. Яна аўтар многіх празаічных, паэтычных, драматычных твораў, а таксама твораў для дзяцей – мае свайго асабістага чытача.

 

Таму невыпадкова, што на прэзентацыю завітала нямала жадаючых пазнаёміцца з новым выданнем пісьменніцы – гэта сябры, калегі і проста прыхільнікі творчасці Зінаіды Дудзюк. Імпрэза стала душэўным, па-хатняму ўтульным святам.

Прэзентацыя кнігі берасцейскай паэткі, празаіка, драматурга Зінаіды Дудзюк прайшла ў гарадской бібліятэцы імя Пушкіна

Падрыхтаваныя выхаванцамі ЦМТ музычныя нумары, чытанне ўрыўкаў з п’ес, дый расповед самой пісьменніцы пра сваю кнігу па-сапраўднаму аздобілі вечарыну. 

Прыкметная падзея

Выхад зборніка “Гістарычныя драмы” – падзея прыкметная. Ён выйшаў у свет напярэдадні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, а змест яго склалі п’есы пра лёс і выпрабаванні вялікіх постацей беларускай літаратуры і гісторыі: Францыска Скарыны, Міколы Гусоўскага, Тадэвуша Касцюшкі.

“Гэты цікавыя мне асобы. Такія людзі вартыя, каб пра іх ведалі, пісалі, бо гэта прыклад служэнню сваёй зямлі, народу”, – адзначыла Зінаіда Дудзюк.

Прэзентацыя кнігі берасцейскай паэткі, празаіка, драматурга Зінаіды Дудзюк прайшла ў гарадской бібліятэцы імя Пушкіна

Асноўны жанр зборніка – драма. У цэнтры п’ес сапраўдная драма лёсу канкрэтных людзей. Кожны з іх у пэўны момант жыцця знаходзіцца перад складаным выбарам, а часам мае драматычны канец. Так, двухактовая драма “Скарына з Полацка” паказвае віленскі перыяд жыцця першадрукара. Нішто не мінае Скарыну: ні смерць блізкіх, ні беднасць, ні астрог, а лёс пакідае яго часта на раздарожжы… 

П’еса “Мікола Гусоўскі” высвечвае час, калі пісьменнік жыў у Рыме, напісаў вядомую паэму “Песню пра зубра”. Аднаактоўка “Нарадзіўся я ліцвінам” распавядае пра Касцюшку, які пасля задушэння паўстання вымушаны зрабіць пакутлівы выбар далейшага жыццёвага шляху. Лібрэта оперы “Падданыя кахання” прысвечана трагічнаму каханню князёўны Ганны Кобрынскай і князя Хведара Бельскага. Дарэчы, некаторыя падзеі п’есы адбываюцца ў Берасцейскім замку.

Вядомыя і звычайныя


“Гістарычныя драмы” – гэта кніга не толькі пра вядомых асоб, але і звычайных людзей. Напрыклад, рэальныя падзеі леглі ў аснову двухактовай драмы “Берасцейская мелодыя”, прысвечанай подзвігу Веры Краўцовай. Дзяўчына жыла ў Брэсце, падчас вайны ўдзельнічала ў антыфашысцкім руху, дапамагала савецкім ваеннапалонным выйсці на волю. Па іх жа віне яна была схоплена гестапаўцамі і расстраляна… Маці дзяўчыны доўгі час шукала месца захавання Веры. Яна раскопвала магілы, каб знайсці і захаваць па-людску адзіную дачку… На вуліцы Леніна, на будынку банка, знаходзіцца мемарыяльная дошка, дзе некалі была школа №15 і там вучылася Вера Краўцова.

Ждите загрузки ссылки для показа изображений!

У завяршэнні нельга не згадзіцца са словамі паэткі Лідзіі Касачук: “Кніга Зінаіды Дудзюк чытаецца з асалодай, бо гэта праўдзіва, гістарычна, дакладна і аўтар апраўдвае надзеі чытача…” Будзем спадзявацца, што зборнік “Гістарычныя драмы” знойдзе сваіх прыхільнікаў, а п’есы ў хуткім часе ўбачым на падмостках тэатральнай сцэны.

Фота – Брэсцкая гарадская цэнтральная бібліятэка імя Пушкіна

Источник: Брестский Вестник
Автор: Наталля ШЛЯЖКА