Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Урок дабрыні: эколага-паэтычная акцыя "чысты лес"

10  Октября 2017 г.  в 19:17 : Разное: обо всём понемногу

Эколага-паэтычную акцыю "Чысты лес" з вучнямі Мачульскай базавай школы Столінскага раёна правяла паэтэса, празаік, публіцыст, лаўрэат абласной літаратурнай прэміі Брэсцкага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка (2017 г.) Галіна Сідараўна Бабарыка.

Урок дабрыні: эколага-паэтычная акцыя "чысты лес"

У рамках акцыі вучні даведаліся аб правілах бяспекі, паслухалі вершы пра прыгажосць беларускай прыроды і актыўна паўдзельнічалі ў навядзенні парадку ў лесе. 

Урок дабрыні: эколага-паэтычная акцыя "чысты лес"

Галіна Сідараўна ў свой час правучылася ў Мачульскай школе восем гадоў. Пасля заканчэння Магілёўскага педвучылішча, затым педінстытута атрымала дыплом настаўніка малодшых класаў і вярнулася ў родную школу, дзе і працуе па сённяшні дзень.

Урок дабрыні: эколага-паэтычная акцыя "чысты лес"

Палескія прасторы, богатыя і шчодрыя бары і гаі, непаўторнае чараўніцтва наваколля сталі для настаўніцы з глыбінкі не проста лёсам, але і натхненнем, невычарпальнай крыніцай светлых думак, любові да сваёй зямлі. Невыпадкова Галіна Сідараўна з’яўляецца лаўрэтам прэстыжных літаратурных конкурсаў, у тым ліку і Міжнароднага літаратурнага конкурсу “Сям’я – Адзінства – Айчына” (2014), мае важкія ўзнагароды і дыпломы. 

А першыя вершы таленавітая паэтэса напісала ў дзесяцігадовым узросце. 

Урок дабрыні: эколага-паэтычная акцыя "чысты лес"

І хто ведае, магчыма, сярод вучняў, чые добрыя сэрцы пачулі дзівосны голас лесу, прасякнуліся радкамі прыгожай лірыкі сваёй настаўніцы і – не на словах, а на справе – дапамаглі лесу стаць больш чыстым і светлым, ужо расце будучы паэт.

Таццяна Дземідовіч, старшыня Брэсцкага
абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі

ГАЛІНА БАБАРЫКА

Пейзажы восені

Страсае восень з дрэў лісты                        
Яшчэ нясмела і няспешна,
Паслухай… Чуеш? Ціха песню
У тумане шэпчуць чараты.
На ніцях – ягады-рубіны,
Імшары рдзеюць іх святлом.
Журботны вокліч. На крыло
Ланцуг узняўся жураўліны.
Ад сонца зажаўцела даль
Пад лёгкім цюлем павуціны.
На плечы стройныя рабіна
Надзела каляровы шаль.
Спраўляе ў яркай прыгажосці
Прырода свой адвечны баль
Ёй фарбаў не шкада, на жаль…
Да восені спяшаю ў госці.
Зрывае восень з дрэў лісты
І сцеле, сцеле іх паспешна…
Ты чуеш? Словы новай песні
Кілім шапоча залаты.

Мелодыі

Восень… Палае пажарам лістота.
Бабіна лета пасецца ў лугах.
Крык жураўліны апошняю нотай
Скоціцца ўніз і замрэ ў верасах.
Ягад рабіны апошнія гронкі,
Нібы ліхтарыкі, свецяць здаля,
Мрояцца сонцам над роднай старонкай,
Сонцам, якое стварыла зямля.
Нотай надрыўнаю восень-царыца
Скончыць іграць залаты паланэз.
Срэбная з неба ляціць калясніца,
Поўная снегу і белых імпрэз.