Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Дзень беларускага пісьменства ў старажытным Полацку

6  Сентября 2017 г.  в 22:55 : Разное: обо всём понемногу

2-3 верасня літаратары Беларусі і творчыя госці са шматлікіх краін з’ехаліся ў старажытны Полацк на традыцыйнае рэспубліканскае свята – Дзень беларускага пісьменства, каб дакрануцца душой і сэрцам да глыбокай беларускай мінуўшчыны, роднай гісторыі, да святыняў полацкай зямлі. Свята беларускага пісьменства пад купалам духоўнай спадчыны аб’яднала светлыя думкі і імкненні ўсіх беларусаў і гасцей нашай краіны.

Дзень беларускага пісьменства ў старажытным Полацку

Сябры Брэсцкага абласнога аддзялення ГА “Саюза пісьменнікаў Беларусі” прадставілі наш край другога верасня і прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прывезлі на славутую зямлю свае кнігі, а разам з імі, – душэўную цеплыню, шчырасць пачуццяў, пашану беларускаму слову і знакамітым беларускім дзеячам.

Сустрэча з полацкай зямлёй пачалася з  найгалоўнай народнай крыніцы духоўнасці – Спаса-Ефрасіннеўскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра. Наведаўшы Полацкую раённую бібліятэку, літаратары Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі перадалі ў яе фонд зборнікі паэзіі, прозы, перакладаў, аўтарскія выданні і іншыя падарункі.

Пасля чаго Брэсцкая дэлегацыя стала сведкам яшчэ адной значнай падзеі – урачыстага шэсця ў гонар Дня горада Полацка, якому сёлета споўнілася 1155 гадоў.

Дзень беларускага пісьменства ў старажытным Полацку

Прадстаўнікі брэсцкай творчай суполкі мелі магчымасць далучыцца да круглага стала “Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы” з удзелам прадстаўнікоў адзінаццаці краін свету і выступіць на галоўных пляцоўках фестывалю кнігі і прэсы.

Краязнаўца, журналіст, публіцыст, празаік Анатоль Бензярук з Жабінкі правёў займальную-пазнавальную праграму для дзяцей у павільёне “Добрую кнігу – дзецям”; паэты  Андрэй Мазько з Лунінца, Алёна Папко з Бярозы, Вячаслаў Бельцюкоў, Любоў Красеўская, Георгій Тамашэвіч з Брэста, празаікі Наталля Касцюк з Кобрына, Анатоль Дзенісейка з Іванава сабралі слухачоў на пляцоўцы “Слова пісьменніка”.

Павіншаваць берасцейцаў са святам прыйшоў намеснік старшыні праўлення СПБ Анатоль Крэйдзіч, які перадаў і ўручыў літаратарам узнагароды. Дыпломамі за паспяховую творчую і актыўную грамадскую дзейнасць адзначаны празаік, публіцыст Аляксандр Валковіч, паэт, празаік, дзіцячы пісьменнік Расціслаў Бензярук, паэт, публіцыст Георгій Тамашэвіч, паэт, драматург, празаік, публіцыст Зінаіда Дудзюк.

Граматамі ўзнагароджаны найбольш актыўныя ўдзельнікі рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай”: Анатоль Бензярук (г. Жабінка), Любоў Красеўская (г. Брэст), Галіна Бабарыка (г. Столін).

Прыемным сюрпрызам для брэсцкай дэлегацыі сталі перамогі юных чытальнікаў на конкурсе “Жывая класіка”, фінал якога адбыўся ў гэты ж дзень, 2 верасня, у гарадскім Палацы культуры. У конкурсе прынялі ўдзел 13 тысяч школьнікаў. У ліку пераможцаў - Андрэй Алемкін, вучань ДУА «Сярэдняя школа № 20 г. Брэста» і Маргарыта Чопка ДУА «Сярэдняя школа № 7 г. Брэста».

Ждите загрузки ссылки для показа изображений!

Экскурсійная вячэрняя праграмма таксама была насычанай. За гэты час брастаўчанам пашчасціла наведаць Музей беларускага кнігадрукавання,  Сафійскі сабор, пабыць ля Барысава каменя і папрысутнічаць на ўрачыстым адкрыцці Дня беларускага пісьменства на плошчы Свабоды з удзелам Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, майстраў мастацтваў і самадзейных калектываў.

Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення 
Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ