"Палыновая квецень". Літаратурнае мерапрыемства адбылось на Піншчыне

2  Июля 2017 г.  в 00:14 : Разное: обо всём понемногу

“Палыновая квецень” – менавіта пад такой назвай напрыканцы чэрвеня бягучага года ў Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Яўгеніі Янішчыц адбылася імпрэза з нагоды выхаду аднайменнай кнігі вядомай на Піншчыне паэтэсы Марыі Кобец.

"Палыновая квецень". Літаратурнае мерапрыемства адбылось на Піншчыне 

Марыя Кобец – журналіст, паэт, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка Брэсцкага аблвыканкама.

"Палыновая квецень". Літаратурнае мерапрыемства адбылось на Піншчыне

Яшчэ дзесяць гадоў таму імя паэткі з вёскі Валішча Пінскага раёна было зусім невядомым у літаратурным асяродку Беларусі. І вось літаральна за кароткі час аўтарка аўтарытэтна заявіла аб сабе не толькі на прасторах нашай краіны, але і за яе межамі. Марыя Кобец – удзельніца шэрагу калектыўных зборнікаў, яе вершы ў перакладах друкаваліся ў Расіі, Польшчы, Сербіі, Чарнагорыі, Туркменістане. Творы паэткі сёння з задавальненнем дэкламуюць вучні, а выканаўцы на словы паэткі выконваць песні.

“Палыновая квецень” – другі па ліку аўтарскі зборнік паэзіі Марыі Кобец. Перад гэтым, у 2011 годзе, свет пабачыла кніга “Кроплі”, прадмову да якой напісаў вопытны і знакаміты паэт з Піншчыны Анатоль Шушко.

Як адзначана ў анатацыі кнігі: «Палыновая квецень» – гэта суквецце яркіх і нават крыху абвостраных пачуццяў, якія праз прызму свайго светапогляду адкрывае чытачу Марыя Кобец. «Смарагдавая ранняя вясна», «Ружовы травень», «Вераснёвы золак» і «Белы ветразь завей»… Кожны з вершаў паэткі з’яўляецца яскравым прыкладам высокай паэтычнай лірыкі і напоўніцу прасякнуты шчымлівай, але неабдымна светлай тугой.”

Узгадаваная на ўлонні палескай вёскі Валішча і выпеставаная самой прыродай Марыя Кобец напоўніцу змагла адчуць і ўспрыняць усю прыгажосць і маляўнічасць роднага краю.

У кнізе прадстаўлена таксама патрыятычная, пейзажная, філасофская, духоўная тэматыкі, інтымная лірыка. Бачна, што нястомнаму пяру паэткі падуладны кожная з названых тэм. Яе вершы надзіва натуральна і нязмушана здольныя пранікаць у душы людзей…

Так сталася, што паэтычная хваля захліснула жанчыну ўжо ў даволі асэнсаваным узросце. Атрымаўшы адукацыю ў Пінскім медыцынскім вучылішчы, дзяўчына патрапіла працаваць у родную вёску фельчарам і доўгі час стаяла на варце здароўя аднавяскоўцаў. Аднак запатрабаванасць душы выказвацца вершамі не давала заспакаення. У рэшце рэшт, Марыя Кобец паступае ў БДУ на факультэт журналістыкі. Сёння яна даволі паспяхова сумяшчае дзе творчых справы – паэзію і журналістыку.

Павіншаваць паэтку з нараджэннем новага паэтычнага зборніка ў Пінскую цэнтральную раённую бібліятэку імя Яўгеніі Янішчыц прыйшлі бібліятэкары раёна, сябры паэткі, аднавяскоўцы, моладзь, калегі па пяры.

Ждите загрузки ссылки для показа изображений!

У прадмове да кнігі Марыі Кобец вядомы пісьменнік і літаратуразнавец Алесь Карлюкевіч піша: “Колеры яе паэзіі падобныя да тых красак і фарбаў, якімі расквечаны атуляючы паэтэсу край. Мне падаецца, што аўтар кнігі «Палыновая квецень» магла б быць і таленавітым мастаком, жывапісцам, бо настолькі вобразна і рэльефна, настолькі шматаблічна па колеравай гаме праз яе радкі паўстае Палессе. І складваецца ўражанне, што Марыя Кобец – вандроўніца не толькі па ваколіцах вёскі Валішча, роднай Піншчыны. Яна – вандроўніца па Палескаму свету. І прыносіць да чытача з гэтых вандровак святло і цемень, туманы і світанні, колеры вады і неба, прыносіць усю прастору, за якую яшчэ і нясе адказнасць як Паэт. Адказнасць за рэкі і лясы, за зямлю і неба, за Чалавека, якому верыць, на якога спадзяецца, ад якога чакае дабрыні і пяшчоты, разумення і спагады. Добрай дарогі новай кнізе Марыі Кобец «Палыновая квецень»! І ўважлівых чытачоў да яе нягучнай і – на шчасце – пазбаўленай рыторыкі, псеўдапафаса і пустых, не пацверджаных жыццём эмоцый, да яе шчырай і адкрытай паэзіі!”

Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення
Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч