Брэсцкiя архiтэктары стварылi ўнiкальную дзiцячую пляцоўку

16  Июня 2017 г.  в 14:20 : Недвижимость

Архітэктары Дзмітрый Сушкоў і Антон Верамяюк знаёмыя яшчэ са студэнцкай лаўкі. Кожны з іх працуе па спецыяльнасці, але ў розных кампаніях. Шмат гадоў іх аб’ядноўвае адно — творчасць. Не так даўно яны прыдумалі, як жа зрабіць двары гарадскіх дамоў больш маляўнічымі і цікавымі, пiша «СБ».

Фото: СБ

— Мы проста звярнулі ўвагу на стан гарадскога асяроддзя. Так, ёсць уладкаваныя зоны каля новабудоўляў, прыгожа і ў цэнтрах гарадоў, але ў спальных раёнах многія тыя ж дзіцячыя пляцоўкі выглядаюць сумна. Нават калі і ёсць маляўнічыя арэлі, шведскія сценкі, не відаць творчага падыходу да гульнявых зон, — кажа Дзмітрый. — Мы падумалі: калі ўжо хочаш нешта змяніць, закасаўшы рукавы, змяняй сам.

Першапачаткова яны хацелі зрабіць незвычайную пляцоўку для ўсіх узроставых груп, але вырашылі ўсё ж пачаць з малога. А дакладней — з маленькіх.

— Была задумка зрабіць футурыстычную пляцоўку, дзе горка — гэта віхор тарнада, шведская сценка — падобная на арт-аб'ект, але паступова прыйшлі да выразнага аб’екта, які спалучае ў сабе навізну, карысную функцыю і пры ўсім гэтым цікава выглядае. Як? Бывае, мы з Антонам пасля працы ідзём на скаладром, і ўжо заўважылі, што гэта вельмі цікавы занятак. Дзецям гэта таксама спадабаецца, — Дзмітрый паказвае праект гульнявога «мядзведзя», які, па планах архітэктараў, будзе вышынёй 1,5 метра — каб знізіць рызыку траўматызму малых.

Фото: СБ

Архітэктары Дзмітрый Сушкоў і Антон Верамяюк на конкурсе сацыяльных праектаў з прататыпам мядзведзя з кардону

Чым, на думку Антона і Дзмітрыя, карысная такая гульня? Па-першае, варыятыўнасць: на мядзведзя з дапамогай размешчаных на ім зачэпаў можна залезці рознымі спосабамі. Такі занятак развівае фізічныя якасці: нагружаюцца мышцы, развіваецца і маторыка, учэпістасць пальцаў, таксама расце матывацыя, валявыя якасці, развіваецца лагічнае, прасторавае мысленне. Каб узлезці вышэй, неабходна прадумаць свае дзеянні: за што схапіцца рукой, куды паставіць нагу?

— Наша крэатыўная пляцоўка створана для дзетак да 10 гадоў. Уявім, што на мядзведзя ўзбіраецца пяцігадовае дзіця. Далёка і высока не можа, але затое яго цікавасць ужо прыкавана да прыгожай «цацкі», і ў будучым ён захоча ўсё ж яе адолець, — прыводзіць прыклад Дзмітрый Сушкоў. — Разумееце, у яго з’явіцца спартыўны інтарэс і матывацыя развівацца, каб пагуляць з мядзведзем.

А прычым тут творчасць? Матэрыял, з якога будзе зроблены мядзведзь, — ламініраваная будаўнічая фанера, яна водаўстойлівая і зносастойкая. А пакрыты аб’ект спецыяльнымі экалагічнымі фарбамі, цалкам бясшкоднымі для дзяцей. Дык вось: на мядзведзі можна маляваць крэйдамі. Яркасць яму надаюць скалалазныя зачэпы.

— Мядзведзь атрымаўся стыльным і маляўнічым: зачэпы ствараюць ілюзію, быццам матылі абляпілі мішку. Вельмі рамантычны і мілы вобраз! — разглядае Дзмітрый праект і ўсміхаецца. — У будучыні мы плануем яшчэ больш палепшыць дызайн: мішкі будуць розных колераў.

Зусім забыліся папярэдзіць: каманда архітэктараў зробіць таксама пляцоўку і ў выглядзе зубра, слана, жырафа і іншых жывёл. Задаю пытанне пра бяспеку такой пляцоўкі. Даём слова Дзмітрыю:

— Гэтае пытанне мы вырашылі адразу. Пляцоўка, на якой размешчаны мядзведзь, выканана з амартызуючага тоўстага пласта гумовага пакрыцця. Усе нарматывы і патрабаванні да будаўніцтва такой гульнявой зоны мы выканалі.

Зараз Дзмітрый і Антон, якія, дарэчы, са сваім сацыяльным праектам «Крэатыўныя дзіцячыя пляцоўкі» выйгралі рэспубліканскі конкурс Social Weekend, ствараюць першага мядзведзя, які з’явіцца 28 ліпеня — у Дзень горада Брэста на вуліцы Набярэжнай.

— У нашага праекта тры моцныя бакі: першае — ён мае дызайн, аналагаў якому няма, другое — развівае ў дзяцей не толькі фізічныя здольнасці, але і лагічныя, а трэцяе — ён даступны для ўсіх, — тлумачыць Дзмітрый Сушкоў. — Зусім хутка пляцоўка пройдзе сертыфікацыю, і першы мядзведзь выйдзе ў гарадскія джунглі.

Фото: СБ

Вось так будзе выглядаць незвычайная дзіцячая пляцоўка

У планах архітэктараў размясціць урбаністычных мядзведзяў ва ўсіх абласных гарадах, а таксама выйсці на кантакт з мінскімі забудоўшчыкамі, бо, правёўшы даволі маштабнае анкетаванне, яны даведаліся, што многім бацькам і дзецям іх пляцоўка па душы.

Дарэчы, калі вы жадаеце ўнесці свой уклад у праект, то можаце паўдзельнічаць у конкурсе назвы крэатыўнай дзіцячай пляцоўкі, які абвесцяць стваральнікі мядзведзя ў Дзень горада Брэста.