Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Ганна Радзько разам з мужам стварыла беларускамоўны каляндар для супер-мам

27  Октября 2016 г.  в 13:19 : Праздники, события, мероприятия

Аднойчы за кубачкам кавы ілюстратар Ганна Радзько разам з мужам, праграмістам Сяргеем Хамічуком, прыдумалі свой маленькі сямейны брэнд. І вось ужо больш як два гады «Важны гусак» радуе нас дызайнерскімі паштоўкамі на роднай мове.

Ганна Радзько разам з мужам стварыла беларускамоўны каляндар для супер-мам

«Маме вельмі важна знайсці час для сябе»

...Мы «сустрэліся» ў скайпе а дзясятай гадзіне вечара, пасля таго, як маладыя бацькі паклалі спаць сваю дачушку Ладу. Найперш радасная Аня паказвае новы каляндар з налепкамі, дзякуючы якому не толькі яна, але і іншыя загружаныя мамы змогуць планаваць свае справы...

— Як нарадзілася ідэя зрабіць каляндар «Супер-мамы»?

Г.: Да нараджэння Ладушкі мне хапала двух нататнікаў: у адным былі малюнкі, у другім — планы, сустрэчы. Калі я стала мамай, зразумела, што, каб усё паспець, увесь месяц у мяне павінен быць перад вачыма. Вельмі доўга шукала каляндар зручнага фармату. Але так і не знайшла. Дэкаратыўных календароў, дзе зверху вялікі малюнак, а знізу — лічбы на ўсю клетачку, шмат. Для мяне ж важна, каб ён быў не толькі прыгожы, але і функцыянальны. Таму расчарціла на вялікія клеткі аркуш ватману фарматам А2 і павесіла на сцяну. Цэлы месяц запісвала туды свае справы. Але ў рэшце рэшт пачуццё эстэтыкі перамагло, і я звярстала першую старонку календара... Мне гэта дапамагло. І я падумала, што такая штука патрэбна ўсім мамам.

— А ці карыстаецца Сяргей сямейным календаром?

С.: Я кажу Ані, што ў мяне футбол, напрыклад, у пятніцу а дзясятай вечара, і яна ўлічвае гэта, калі складае план на тыдзень. Асабіста мне каляндар дапамагае зразумець, што і калі мы робім сям'ёй.

Г.: Сяргей туды нічога не ўпісвае.

С.: Ну, часам.

Г.: Але вельмі рэдка (смяецца). Гэта каляндар для супер-мамы, таму я яго і вяду. У мяне ёсць шматдзетныя сяброўкі, дык там і старэйшыя дзеці запаўняюць каляндар, у іх нават фламастар свайго колеру. Яны запісваюць гурткі, дні нараджэння сяброў, каб мама ведала, калі трэба падрыхтаваць падарунак. У мяне ж каляндар больш для сваіх спраў. Бо дачцэ зараз два з паловай, і ў яе асабліва сваіх спраў няма (смяецца). Я наўмысна рабіла вялікія клеткі, каб шмат усяго можна было запісаць. Мне, як занятай маме, якая хоча і памаляваць, і з сяброўкамі пабачыцца, і спортам заняцца, і банальна на манікюр схадзіць, трэба планаваць дні, каб усё паспець. У каляндар уваходзіць 180 налепачак, каб візуалізаваць свае планы. Напрыклад, запланавалі з мужам паход на канцэрт — клею ноткі, дзень нараджэння ў добрай знаёмай — торцік са свечкамі, трэба звадзіць дзіця да доктара — дзядзьку ў белым халаце. Я ў каляндар упісваю не толькі свае справы, але яшчэ дасягненні Ладкі: першую машынку намалявала, сказала нейкую цікавую фразу... Таму гэта ўжо не проста каляндар, а больш як сямейны дзённік падзей атрымліваецца, які можна пасля захоўваць, як частку сямейнай гісторыі.

Ганна Радзько разам з мужам стварыла беларускамоўны каляндар для супер-мам

— Ведаю шмат маладых мам, якія «раствараюцца» ў дзіцяці. У іх няма часу нават выспацца нармальна, а ты кажаш пра манікюр і сустрэчу з сяброўкамі...

Г.: Усе мамы розныя. Асабіста мне пасля нараджэння Ладкі яшчэ больш хочацца маляваць. Хоць, сапраўды, катастрафічна не хапае часу. Але, калі ёсць жаданне, час заўсёды можна знайсці. Іншая справа, што некаторым мамам абсалютна камфортна «растварыцца» ў дзіцяці. Вось толькі наколькі камфортна гэта тату? Ён прызвычаіўся, што жонка для яго, а цяпер яе няма, бо яна цалкам для дзіцяці. Гэта праблема. Хоць ёсць жанчыны, для якіх гэта не праблема, бо, калі ў іх раней не было хобі, у якое душу ўкладвалі, то дзіця лёгка займае гэта месца — і жанчына пачынае адчуваць сябе цалкам камфортна. Некаторыя мамы кажуць: «Я нават не ўяўляю, як без яго жыла». Але мой каляндар хутчэй за ўсё для актыўных матуляў, у якіх рознабаковае, насычанае жыццё. Калі б гэта быў каляндар вакол дзіцяці, ён бы ўтрымліваў такія налепкі, як, напрыклад, пакарміць з бутэлечкі, памяняць падгузкі. А ў мяне ўсе налепкі тычацца мамы. Бо маме вельмі важна знайсці ў стане цэйтноту час для сябе. Ёсць такая прымаўка: «Дзіця сыдзе, а муж застанецца». Таму трэба максімальна знаходзіць час і для каханага. У календары ёсць налепкі ў выглядзе сардэчка — рамантычная вячэра з мужам. Пра гэта таксама нельга забываць.

— І як часта такая налепка з'яўляецца ў вашым сямейным календары?

Г.: Стараюся (усміхаецца і пазірае на Сяргея).

С.: Я згодны з Аняй. Дзіця не павінна быць галоўным. Галоўнымі павінны быць тата і мама, адносіны паміж імі. Калі ж дзіця выходзіць на першае месца, то, як правіла, адносіны церпяць.

Г.: Калі шчаслівыя бацькі, то і дзіця таксама будзе шчаслівым. Мы, напрыклад, гадуем дачку па сістэме «ціхая ноч». Яна заснавана на дакладным рэжыме і разлічана на занятых бацькоў, для якіх важны ў першую чаргу іх душэўны стан. Магчыма, гэта будзе цынічна гучаць, але спачатку бацькі павінны выспацца. Дзіцяці не патрэбна стомленая і злая мама, якая не выспалася і злуецца, што з мужам пасварылася.

Ганна Радзько разам з мужам стварыла беларускамоўны каляндар для супер-мам

«Сяргей — галава, а я — рукі»

— Першы каляндар для супер-мам быў на рускай мове. Чаму на 2017 год вырашылі зрабіць яго беларускамоўным?

Г.: Мы практычна ўсе нашы паштоўкі робім на беларускай мове. Адчуваем, што так правільна. Мы ж беларусы. Хоць і размаўляем па-руску, але любім беларускую мову. Па-першае, яна мілагучная. Па-другое, мне самой яе хочацца падвучыць. Я цяпер актыўна займаюся вывучэннем гісторыі Брэста. Наогул, важна ведаць свае карані, гісторыю сваёй сям'і, горада, краіны, мовы. Файна, што гэта становіцца трэндам. Магчыма, мы яго і робім — трэнд на беларускамоўныя паштоўкі.

С.: Цяпер рускамоўных і англамоўных паштовак поўна і імі нікога не здзівіш. Якасных жа паштовак на беларускай мове, калі мы пачалі іх выпускаць, практычна не было. Мы былі адны з першых.

Г.: Мы раней займаліся яшчэ і адзеннем. Я малявала прынты на майкі з Радзівілам, Купалам, Багдановічам... Першая партыя разышлася вельмі хутка, але мы практычна нічога не зарабілі. А ўсё таму што набывалі тканіну і шылі майкі па ўласным дызайне. Канешне, прасцей было купіць гатовыя і нанесці прынты. Але мы не шукаем лёгкіх шляхоў. Магчыма, пазней вернемся да гэтай тэмы...

Ганна Радзько разам з мужам стварыла беларускамоўны каляндар для супер-мам

С.: Амаль усё, што зарабляем на паштоўках, укладваем у справу. Эксперыментуем з паперай, тканінай. Хочам, каб было не толькі стылёва, арыгінальна, але і якасна. Хочам надаць нейкай эстэтычнасці нашай беларускасці. Каб беларус лічыў, што беларусам быць выдатна. І не толькі беларус. Ва ўсім свеце ведаюць і любяць рэчы «ІKEA». Гэтая мегапаспяховая карпарацыя ў ручніках, дыванах выкарыстоўвае свае нацыянальныя ўзоры. І прыемныя, якасныя рэчы ты пачынаеш асацыяваць са шведскім фальклорам. І пачынаеш яго любіць. Мы таксама мусім ствараць якасныя рэчы і туды дадаваць беларускі фальклор, бо ён неверагодны!

— Ёсць планы ператварыць сямейнае хобі ў асноўную дзейнасць?

Г.: Я — мама ў дэкрэце, Сяргей — вэб-распрацоўшчык. Цяпер нашу сям'ю корміць заробак мужа. «Важны гусак» вельмі вялікіх грошай пакуль не прыносіць.

С.: Насамрэч зарабляць можна і на дробязях. Паштоўкі патрэбныя — людзі нараджаюцца, святкуюць дні нараджэння, вяселлі. Гэта можна зрабіць паспяховым бізнесам, але трэба быць цярплівым і мець густ.

— Як нарадзіўся сямейны праект?

Г.: Наспела крытычная маса маіх малюнкаў, нейкі выхлап павінен быў з'явіцца. Бо абмяжоўвацца лайкамі ў сацыяльных сетках, вядома, прыемна... Але што далей? Што можна з малюнкам зрабіць? Самае простае — надрукаваць паштоўку. Пасля мы ўжо даведаліся, наколькі гэта няпроста. Каб надрукаваць свой малюнак і выдаваць легальна паштоўку, патрэбна ліцэнзія выдаўца... Усім гэтым займаўся Сяргей. Я ж толькі малюю, вельмі шмат прыдумваю. У мяне муж — фільтр, які адбірае работы для паштовак.

Ганна Радзько разам з мужам стварыла беларускамоўны каляндар для супер-мам

— І ты з ім пагаджаешся?

Г.: Канешне, у нас узаемная згода. Насамрэч, што тычыцца паштовак, то Сяргей вельмі часта выступае генератарам ідэй. Ён — галава, а я — яго рукі. Менавіта, Сяргей прыдумаў універсальную паштоўку. Там пералічаны словы — «мілай, дарагой, любімай...», «маме, дзядулі, бабулі...», «з днём народзінаў, 8 сакавіка, 23 лютага...», — і застаецца толькі падкрэсліць патрэбныя. Калі б я малявала паштоўкі, яны б былі з сардэчкамі, зайчыкамі, якія абдымаюць адно аднаго... А ў тандэме з мужам атрымліваюцца вельмі вясёлыя: з надпісам «Супакойся ды працягвай», са станікам у выглядзе васьмёркі, а побач — збянтэжаны кот...

— Мне вельмі падабаецца ваша паштоўка з гусаком на веласіпедзе з надпісам «Жыві з асалодай». Яна неяк звязана з назвай сямейнага брэнда?

Г.: Муж сябе жартам называе важным гусаком (смяецца). Пачалося ўсё з таго, што я падарыла Сяргею на дзень нараджэння ілюстрацыю вялікага фармату з гусаком на ровары. Яна так яму спадабалася, што прапанаваў надрукаваць паштоўку. Назвалі ж так свой сямейны праект, бо любім рабіць якасныя рэчы з добрым пачуццём гумару. Выраз «Важны гусак» — гэта жарт з людзей (і ў першую чаргу з саміх сябе), якія спрабуюць падавацца больш значнымі, чым ёсць на самай справе.

Ганна Радзько разам з мужам стварыла беларускамоўны каляндар для супер-мам

— А сябрам любіце дарыць свае работы?

С.: Усё і атрымалася менавіта з жадання падарыць. Яшчэ да «Важнага гусака» мы з Аняй прыдумвалі паштоўкі для кожнага сябра на ўсе святы.

«Клейце самыя танныя шпалеры — няхай дзеці самавыяўляюцца»

— Калі ўсё паспяваеце: і на рабоце, і з дзіцем упраўляцца, і «Гусаком» займацца?

Г.: Наш праект — гэта альтэрнатыва тэлевізару. Хтосьці глядзіць тэлевізар увечары, а мы займаемся «Гусаком» (смяюцца). Пару гадоў таму мне пашчасціла трапіць у экспедыцыю па Маскве, якую ладзіў дызайнер Арцемій Лебедзеў. Гэта быў вельмі круты эксперымент. Мы кожны дзень наведвалі як мінімум 4 месцы: напрыклад, метро, вежу федэрацыі, кватэру з 50 кошкамі, рэстаран у цемры, дзе трэба есці пры выключаным святле. Потым вяртаешся ў гасцініцу і малюеш па ўсіх гэтых падзеях карціну. Тая экспедыцыя цалкам змяніла маё адчуванне сябе. Да паездкі я працавала на фірме распрацоўшчыкаў камп'ютарных гульняў для смартфонаў. Калі вярнулася, зразумела, што хачу маляваць не так, як патрэбна заказчыку, а так, як хочацца мне.

— Ты аматарка камп'ютарных гульняў?

Г.: Не (смяецца), я іх проста малявала, бо за гэта добрыя грошы плацілі. Не разумею, як можна марнаваць час на камп'ютарныя гульні, калі вакол столькі цікавага: можна пакатацца на веласіпедах, памаляваць...

— А дачка ў творчы працэс не ўмешваецца? Сцены ў доме не спрабуе ўпрыгожыць?

Г.: Канешне, упрыгожвае. Нічога, паклеім наноў, гэта ж дзіця. Нам з Машай мама таксама дазваляла маляваць на сценах, і мы ёй вельмі ўдзячныя за гэты плюсік у разняволенні. Таму раю бацькам: клейце самыя танныя шпалеры, няхай дзеці самавыяўляюцца.

Ганна Радзько разам з мужам стварыла беларускамоўны каляндар для супер-мам

— Маша — гэта твая сястра?

Г.: Так, мы блізняты. Маша таксама мастачка. Цяпер яна ў Грэцыі. Малюе фільм пра Ван Гога. У ім, па задуме польскага рэжысёра, кожны кадр павінен быць намаляваны алеем. У тым міжнародным праекце ўдзельнічае 100 мастакоў з усяго свету.

— Хочаце, каб ваша дачка таксама стала мастачкай?

Г.: Мы ніякіх планаў наконт Лады не маем. Проста прапануем розныя варыянты баўлення вольнага часу, каб яна ўсё паспрабавала. Што спадабаецца, тым і будзе займацца. Пакуль што ёй цікавыя толькі машынкі і маляваць. Напэўна, усё ж такі аказвае ўплыў мой стыль жыцця. Я хаджу на выставы. Таму не дзіўна, што Ладка адчувае сябе ў брэсцкай выставачнай зале як рыба ў вадзе. Упершыню дачушка пайшла са мной на выставу ў калясцы, калі ёй быў усяго месяц. І сёння яна ўжо ў колерах лепш за Сяргея разбіраецца: без праблем адрозніць малінавы ад ружовага, бэзавы ад фіялетавага.

— А як бавіце час утраіх?

Г.: У нас ёсць сямейная традыцыя — дзень сям'і: у суботу мы вельмі рэдка снедаем дома. Звычайна ўтраіх ідзём у кавярню, ядзім, напрыклад, сырнікі з какавай, а пасля гуляем па горадзе. Пакуль на вуліцы было цёпла, пастаянна каталіся на веласіпедах, Ладка ў нас з аднаго года — у веласіпедным крэсле. Звычайна, як толькі муж прыйшоў з работы, мы ўсёй сям'ёй едзем у парк, на набярэжную ці на вуліцу Савецкую марожанага паесці. Не трымаем дачку ў «цяпліцы». Стараемся як мага часцей кудысьці вывозіць з дому, новых людзей ёй паказваць. Мы часта вандруем з Ладай па Беларусі, наведваем фестывалі, канцэрты, замкі. Разумеем, чым больш яна ўбачыць, тым больш развітой асобай вырасце, будзе больш шырока ўспрымаць свет.

Источник: Звязда
Автор: Надзея ДРЫНДРОЖЫК