Брэсцкі абласны суд узяў бок апазіцыянеркі

26  Февраля 2010 г.  в 17:27 : Политика, власть, оппозиция

Яўген Бяласін

Калегія Брэсцкага аблсуда пад старшыньствам суддзі Дзмітрука ў чацвер паставіла кропку ў справе аб высяленні дэмакратычных актывістак Абрамавых з кватэры без прадастаўлення жылля. Гарадская камунальная служба спрабавала апратэставаць рашенне суда першай інстанцыі ў снежні мінулага года, якое выпала на карысць 25-гадовай Жанны Коўш-Абрамавай.

Вось як пракаментаваў Еўрарадыё гэтае судовае рашэнне юрыст Раман Кісляк:

"Лічу, што калегія суда прыняла адзіна правільнае рашэнне адмовіць КУП ЖРЭУ ў касацыі і пакінуць у сіле рашэнне суда Маскоўскага раёна. Спадзяюся, што ні КУП ЖРЭУ, ні другія якія органы не будуць больш чыніць турботы, ушчымляць правы Жанны Абрамавай, яе сямейнікаў за крытыку, за іх пазіцыю".

Нагадаем, усе дарослыя Абрамавы ўваходзяць у Аб’яднаную грамадзянскую партыю. Яны бяруць таксама ўдзел у дзейнасці Руху "За Свабоду”. Гісторыя з высяленнем пачалася год таму пасля гучных затрыманняў на пікетах сясцёр Абрамавых, Інгі ды Жанны. Жанна Абрамава была прапісаная ў двухпакаёвай непрыватызаванай кватэры разам з бабуляй, якая памерла ў 2005 годзе. З сваімі дочкамі апошнім часам жыла маці сямейства Інга Ўладзіміраўна з шасцігадовай дачкой Мар’янай. Абрамава-старэйшая была наймальніцай кватэры цягам трынаццаці гадоў, потым перапісала кватэру на маці. Брэсцкі гарвыканкам і КУП ЖРЭУ спрабавалі адсудзіць двухпакаёўку, даводзячы, што ўнучка Жанна Абрамава здымала кватэру ва ўласнай бабулі.

За час судовых разбіральніцтваў Жанна Абрамава выйшла замуж, у сям’і Каўшоў нарадзіўся сын. Як паведаміла Еўрарадыё Інга Абрамава-старэйшая, маленькага Тадэвуша не хацелі прапісваць з маці, сацыяльныя службы прыпынілі нават выплату дапамогі па дагляду за дзіцём і пагражалі забраць разавую дапамогу па нараджэнні дзіцяці. Цяпер усё няйначай стане на сваё месца.
Брэсцкі абласны суд узяў бок апазіцыянеркі

На здымку: Жанна Коўш-Абрамава з маці, мужам і сынам ля Брэсцкага абласнога суда. 

Источник информации: http://www.belradio.fm/