Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

У Брэсце прайшоў Х абласны злёт маладых сем’яў “Вера. Надзея. Любоў”

28  Мая 2016 г.  в 23:14 : Разное: обо всём понемногу

Усё пачалося на “Востраве кахання” – так у гарадскім парку 1 Мая г. Брэста называюць месца, дзе закаханыя і жаніхі з нявестамі замацоўваюць свае пачуцці і саюз замкамі на Дрэве Кахання.

Менавіта на гэтае незвычайнае дрэва ўсе сем’і – удзельнікі абласнога злёту маладых сем’яў “Вера. Надзея. Любоў” – і размясцілі сімвалічныя замкі. А потым завіталі ў госці ў дом сямейнага тыпу ў Брэсце да сям’і Пятроўскіх. Юлія і Дзмітрый выхоўваюць 8 дзетак. Для сям’і прывезлі падарункі, якія з удзячнасцю былі прыняты.

Злёт прадоўжыў сваю работу на турыстычнай базе “Белае возера”. Яго арганізатары палічылі творчасць абавязковым элементам форуму. У прозе ці паэзіі, у песні ці інсцэніроўцы маладыя сем’і павінны былі расказаць гісторыю свайго кахання. Як высветлілася, такія гісторыі ўнікальныя і непаўторныя для кожнай сям’і.

Былі ў праграме і спартыўныя спаборніцтвы – мужы і жонкі паказалі сваё ўменне працаваць у камандзе. Бо толькі так – зладжана і дружна – можна пабудаваць шчаслівую сям’ю і дажыць у згодзе і любові да залатога вяселля, а то і да брыльянтавага, кароннага…

Цікавым атрымаўся конкурс “Букет кахання”. Тут сябе праявілі мужчыны: за 15 мінут яны павінны былі скласці букет з кветак, якія былі ў наяўнасці ў тутэйшых краявідах, а затым рамантычна падарыць іх любым жонкам. Колькі пяшчотных і ласкавых слоў прагучала! Колькі бляску ў вачах шчаслівых людзей было!

Вечарам ля вогнішча гучалі песні, анекдоты, жарты. Агульны вялікі стол, сямейная атмасфера, прыемныя суразмоўцы – яшчэ адзін эмацыянальны і захапляльны момант злёту.

Па выніках злёту лепшай маладой сям’ёй 2016 года на Брэстчыне названа сямейная пара з Баранавіцкага раёна – працаўнікі ААТ “Птушкафабрыка “Дружба” Таццяна і Вадзім Загарэўскія. Другое месца заваявалі чыгуначнікі з Лунінца – Ала і Раман Хартановічы. “Бронзавы” вынік паказала сям’я брастаўчан – Алена і Вадзім Еўхуцічы – прадстаўнікі будаўнічай галіны: КУП “Брэстжылбуд” і ДП “Беларуская АЭС”. Самай крэатыўнай сям’ёй прызналі Ганну і Георгія Саркісьян з сынам Артурам з Камянеччыны. Знайшлі свае ўзнагароды і іншыя ўдзельнікі мерапрыемства. А завяршылася яно ў Брэсцкай крэпасці-героі ўскладаннем кветак да Вечнага агню.

Арганізатарамі абласнога злёту маладых сем’яў “Вера. Надзея. Любоў” выступілі: галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, абкам БРСМ і Брэсцкае абласное аб’яднанне прафсаюзаў.