10 фактаў пра Грунвальскую бітву, пра якія вам было сорамна пытацца

15  Июля 2015 г.  в 16:04 : Разное: обо всём понемногу

Сёння мы адзначаем 605-ю гадавіну вялікай перамогі пад Грунвальдам! 

10 фактаў пра Грунвальскую бітву, пра якія вам было сорамна пытацца

У каго з нас ні спытай, ці ведаем Грунвальдскую бітву — кожны адкажа: “Вядома! Як жа яе не ведаць?!” І праўда — сорамна беларусам не ведаць пра Грунвальд! Аднак калі пачынаеш разбірацца, дык не кожны згадае, хто там біўся, з кім, дзе і навошта.

1. Хто з кім біўся?

Білася беларуска-літоўскае войска разам з саюзным польскім войскам супраць нямецкага Тэўтонскага рыцарска-манаскага ордэна. Але “манаскага” не ў традыцыйным значэнні, а дзе манахі павінны былі не маліцца, а ваяваць, каб распаўсюджваць веру Хрыстову сярод язычнікаў (паганцаў). У Тэўтонскім ордэне былі не толькі немцы — туды прыязджалі для практыкі рыцары з усіх краін Еўропы: былі і англійскія, і бургундскія, і французскія, нават з Пірынейскага паўвострава.

З нашага боку — беларусы, палякі, летувісы, балты, чэхі на чале з Янам Жыжкам, невялікая група татараў. Захаваліся дакладныя звесткі, што большасць войска складалася з беларускіх харугваў — мсціслаўскай, аршанскай, берасцейскай, ваўкавыскай, віленскай, віцебскай, гарадзенскай, драгічынскай, лідскай, пінскай, наваградскай, полацкай, слонімскай, смаленскай… Трыццаць з іх мелі на сваіх баявых сцягах герб “Пагоня”.

13

2. Дзе і калі?

Бітва адбылася 15 ліпеня 1410 года паміж прускімі мястэчкамі Грунвальд і Танэнбэрг. Паводле гісторыкаў, напярэдадні бітвы адбылося грандыёзнае паляванне ў Белавежскай пушчы, на якім нашыя продкі назапасілі харчу для сілкавання рыцараў — насалілі шма-а-а-ат мяса!

Цяпер месца бітвы — тэрыторыя Польшчы, блізкая да Калінінградскай вобласці. На тым месцы стаіць помнік, штогод адбываюцца святкаванні.

3. Чаму менавіта там?

Месца бітвы было абумоўлена загадзя. Як і заўжды ў той час, месца выбіралася і ўзгаднялася абодвума бакамі, бо для такой маштабнай бойкі не любое поле падыдзе — трэба ж, каб было дзе развярнуцца. Грунвальдскае поле задаволіла абодва бакі. Нашаму боку гэта было звышвыгадна. Бо разбіць ворага на яго тэрыторыі было лепей і круцей. А заадно і каб на сваёй зямлі не было знішчэнняў, якія заўсёды ўчынялі крыжакі. Мы пайшлі насустрач, каб не пусціць іх сюды.

4. Хто на каго напаў?

Гэтая бітва сталася апагеем ваяўнічых паходаў Тэўтонскага ордэна на нашыя землі, якія пачаліся яшчэ ў ХІІІ стагоддзі, калі скончыліся ў асноўным крыжовыя паходы ў Святую зямлю. Ваяўнічыя тэўтонцы зноў і зноў праводзілі свае захопніцкія рэйды — да васьмі разоў на год! Пяць разоў крыжакі рабілі спробу захапіць Полацак, чатыры разы — Наваградак. Таму Грунвальдская бітва вырашыла лёс: ці будзе далей Тэўтонскі ордэн працягваць сваю агрэсію, захопліваць новыя землі і анямечваць людзей, як анямечылі прусаў і часткова яцвягаў.

hrunvald

5. За што біліся?

Фармальна паходы адбываліся пад рэлігійнай шыльдай — каб навяртаць мясцовае паганскае насельніцтва ў веру Хрыстовую. Аднак рэальнай мэтай быў, вядома, захоп земляў.

6. Няўжо Папа Рымскі ўхваляў крывавыя паходы?

Паходамі кіраваў сам Тэўтонскі ордэн. Фармальна ён падпарадкоўваўся імператару Свяшчэннай Рымскай імперыі. Але дзейнічаў амаль самастойна. Апасродкавана ордэн падпарадкоўваўся і Папу Рымскаму. То бок, фармальна Папа нібыта згаджаўся з паходамі, але выглядае, што ў яго не асабліва пыталіся.

7. Колькі было ваяроў з абодвух бакоў?

Гісторыкі так і не прыйшлі да адзінай думкі. Паводле самага распаўсюджанага меркавання, у Грунвальдскай бітве ўдзельнічала 25—40 тысяч ваяроў з нашага боку, крышачку менш — з нямецкага. Аднак у немцаў быў лепшы парадак, яны былі больш падрыхтаваныя да баёў. Яны ўвесь час змагаліся, былі больш спрактыкаваныя. А ў нас змагаліся, калі пачыналася вайна. Таму, улічваючы іх падрыхтоўку, можна сказаць, што сілы былі роўныя. І таму падчас самой бітвы было ваганне, невядома было, хто пераможа. Лёс бітвы вырашыўся літаральна ў канцы…

8. Ці працавала ў той час ваенная выведка?

Выведка працавала добра. Тады ўпершыню абодва бакі зрабілі планы паходаў — з вымярэннем адлегласці, нанясеннем пунктаў… Планы трымалі ў таямніцы. Калі ў Бярэсці Ягайла з Вітаўтам сабраліся яшчэ за год да бітвы, то была выстаўленая такая ахова, што ніхто не ведаў, пра што яны гавораць! І немцы даведаліся пра паход, калі ўжо вялікае войска пайшло туды!

9. Як развіваліся падзеі 15 ліпеня 1410 года?

Раніца для абодвух бакоў пачалася з малітвы — без гэтага ніводная бітва не магла адбыцца. Войскі пастроіліся — і адны, і другія. Ягайла ўвесь час маліўся — паўсюль пра гэта пішацца. Ён вельмі сумняваўся ў тым, што пераможа. Думаў, што калі больш памоліцца — дык пераможа. Скончылася тым, што Вялікі Магістр ордэна прыслаў Ягайлу два мячы, каб ён урэшце пачаў бітву, бо колькі чакаць?! А Вітаўт ірваўся ў бой. Тым больш што нашы ваяры ўжо не маглі чакаць, бо ўявіце — на ліпеньскай спякоце сядзець ва ўсім гэтым жалезе!..

Jagiello_z_Witoldem

Фармальна з нашага боку быў галоўны Ягайла, але фактычна камандаваў Вітаўт, бо Ягайла ўвесь час маліўся. Толькі пасля, калі ўжо кіпеў бой, Ягайла стаў актыўна кіраваць ягонай хадой, нават паслаў у гушчар сваю прыдворную харугву… Усім вядомы такі эпізод. На правым флангу былі воіны Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага як яно тады называлася. У пэўны момант лёгкая конніца “не вытрымала” націску нямецкіх рыцараў — і пачала адступаць. Рыцарам падалося, што яны перамагаюць.

Пачаўся крык: “Літва ўцякае!” Яны натхніліся — і за імі паімчаліся іншыя, каб біць “уцекачоў”. Гэта звычайная тактыка беларусаў!.. Тое самае рабіў пасля і Канстанцін Астрожскі. Уцякалі-ўцякалі, строй ворагаў перамяшаўся, ніякага парадку ўжо не было, і тады наша конніца развярнулася — і давай секчы тых тэўтонцаў…

Але першым усё-такі пачало наступаць войска Вітаўта. Немцы знарок не ішлі наперад, яны ж выкапалі “воўчыя ямы”: зверху прысыпаныя галлём, а ў іх завостраныя калы… І некаторая частка нашай конніцы трапіла туды і загінула… Але пасля нейкім чынам змаглі зламаць першы наступ, разбілі нямецкую пяхоту і пачалі ціснуць на варожую конніцу. Вось тады пачалася самая бітва… А другая палова дня 15 ліпеня — гэта калі немцаў абкружылі і пачалі знішчаць “па поўнай праграме”. У палон спачатку не бралі, у палон бралі ўжо ў самым канцы — тых, хто ўцякаў, каб пасля атрымаць выкуп.
На карціне Матэйкі адлюстравана, як загінуў сам Вялікі Магістр — яго працялі рагацінай з жалезнымі канцамі. Выжыць пры гэтым было немагчыма… Фактычна тады выратавалася і ўцякла толькі адна нямецкая харугва — і беглі тэўтоны ажно да Мальбарка (Марыенбурга), дзе схаваліся. Іх, вядома, маглі дагнаць і перахапіць. Але ж немцы кінулі абоз з багаццем — і нашы спыніліся, каб захапіць гэты абоз, а заадно — знішчыць 5000 чалавек чэлядзі, якая таксама была ўзброеная.

Рэканструкцыя Грунвальдскай бітвы — улюбёны занятак сяброў сучаных рыцарскіх клубаў. Бітва працягвалася каля 5-6 гадзін. Былі пэўныя перапынкі для пастраення войскаў.

Нашым рыцарам дапамагла расцярушанасць тэўтонскіх харугваў, якая адбылася дзякуючы нашай хітрасці. Дапамагло вельмі кваліфікаванае ўступленне ў бой нашых харугваў — па чарзе, каб не было балагану. Гэтая тактыка была незнаёмая для рыцараў… Дарэчы, пасля бітвы нашы войскі яшчэ стаялі там пару дзён — хавалі забітых: і нашых, і іхніх.

10. Значэнне Грунвальдскай бітвы для Беларусі

Для нас гэтая бітва важная ў некалькіх момантах. Па-першае, гэта перамога над вельмі сур’ёзнай арміяй, якая ўвесь час наносіла ўдары. Дзякуючы перамозе пад Грунвальдам спыніліся набегі крыжакоў: на беларускую тэрыторыю яны ўжо не прыходзілі. Спынілася пагроза знішчэння дзяржавы, падпарадкавання нашых народаў ордэну і анямечвання. У эканамічным сэнсе быў вызвалены шлях да Балтыйскага мора праз Нёман і праз Заходнюю Дзвіну. Пасля гэтага мы пачалі вольна гандляваць з краінамі Балтыйскага мора. Гэта справакавала аграрную рэформу, пасля якой вялікая колькасць збожжа і лесу ішла на продаж у краіны Скандынавіі і Паўночнай Германіі. Быў перыяд, калі Беларусь была настолькі заможная, што карміла сваім хлебам усю Паўночную Еўропу. Да ўсяго ж, Грунвальдская бітва — паказчык, што беларускі народ ужо ў тыя часы змагаўся за сваю незалежнасць, за сваю дзяржаву. Гэта — сведчанне вялікага вайсковага майстэрства беларусаў. Напамін, што мы — нацыя рыцараў і асілкаў!

Источник: labadzenka.by