Молодой брестчанин переехал в Сухополь и собирается открыть коптильню

22  Июня 2015 г.  в 22:56 : Брестская область

Пражыванне на ўлонні прыроды становіцца ўсё больш прывабным. Гэта добра бачна на прыкладзе Сухопальскага сельсавета, дзе дачнікі актыўна купляюць дамы ў вёсках, што прымыкаюць да Белавежскай пушчы. Але адна справа – набыць жыллё для адпачынку, іншая – для пастаяннага пражывання. Тым больш, калі на пераезд адважваюцца гараджане.

15июн2015_9646

Так здарылася ў жыцці брастаўчаніна Кірыла Анціпава. Прыватны бізнэс, якім займаўся ў абласным цэнтры, давялося закрыць. Душа патрабавала нейкай перадышкі. Аднак адчуць яе ў шумным гора-дзе, як успамінае Кірыл, было не магчыма. У інтэрнэце трапіла на вочы аб’ява аб продажы вясковага дома ў Сухопалі. “Чаму б не? – пранеслася думка. — Вось і адпачынак на прыродзе, і Брэст недалёка, – усяго гадзіна з невялікім па аб’язной.” Ды і прастора для выратаваных гадаванцаў патрабавалася: у Кірыла тры сабакі і тры каты, якіх ён, хворых і пакалечаных, некалі падабраў у горадзе і вылечыў.

Апошняе – асобная гісторыя. У кожнага гадаванца Кірыла свая гісторыя выратавання, звязаная з пэўнымі вехамі яго ўласнага жыцця. Напрыклад, міма збітага машынай вялікага чорнага сабакі ён проста не змог праехаць таму, што той вельмі ўжо быў падобны на сабаку па мянушцы Манах, з якім служыў падчас тэр-міновай службы і якому нават быў абавязаны жыццём. З таго часу ў Анціпавых з’явіўся яшчэ адзін Манах, толькі ўжо не на перыяд нейкай службы, а на ўсё жыццё. І падобнае гаспадар можа расказаць пра кожнага са сваіх сабак і катоў. Аднак размова ўсё ж не пра іх…

Дом у Сухопалі спадабаўся не толькі Кірылу, але яго жонцы і маці.

— Меркавалі, — прызнаецца мужчына, — прыязджаць сюды час ад часу будзем, але ўжо і ад’язджаць адсюль не хочацца.

Амаль што адразу з’явілася каля іх вясковага домаўладання дабротная агароджа, быў наведзены парадак на сядзібе. Работы вядуцца дагэтуль.

— Тут не толькі можна жыць, але і займацца сваёй справай, — кажа брастаўчанін. – Напрыклад, адкрыць вяндлярную вытворчасць. Рэальна будзе і прыбытак атрымаць, і працай вясковых жыхароў забяспечыць. З гэтай нагоды цяпер атрымліваю неабходныя кансультацыі, знаходжу падтрымку і з боку мясцовай улады. Калі і далей усё будзе складвацца добра, мае мары будуць ажыццявімыя.

Источник: Раённыя будні
Автор: Галіна Каляда