Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Кнігу “Заходнебеларуская Атлантыда 1921-1941 гг.” прэзентуюць ў Брэсце

16  Июня 2015 г.  в 14:21 : Разное: обо всём понемногу

Кніга кандыдата гістарычных навук Ігара Мельнікава "Заходнебеларуская Атлантыда" прысвечана гісторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны час. Чытачы змогуць пазнаёміцца як з жыццём звычайных беларусаў у міжваеннае двадцацігоддзе, так і з біяграфіяй цікавых гістарычных асоб, звязаных з нашай краінай.

Кнігу “Заходнебеларуская Атлантыда 1921-1941 гг.” прэзентуюць ў Брэсце

Прэзентацыя кнігі адбудзецца ў суботу, 20 чэрвеня, 15-00, у “Грунтоўні” (Брэст, вул. Дзяржынскага, 14).

Кніга “Заходнебеларуская Атлантыда 1921-1941 гг.” складаецца з артыкулаў Ігара Мельнікава, гісторыка і даследчыка жыцця Заходняй Беларусі “за польскім часам”.

– Гэтае выданне – вынік маёй пяцігадовай працы ў архівах розных краін. Акрамя гэтага, за гэты час я аб’ездзіў і ўбачыў шматлікія мясціны Беларусі і пазнаёміўся з цікавымі сведкамі той эпохі, якую мы зараз называем “міжваенны час”.

У маёй прыватнай калекцыі вялікая колькасць аўтэнтычных здымкаў, матэрыялаў і дакументаў 1920-1940 гадоў, частка з якіх апублікавана ў "Заходнебеларускай Атлантыдзе". Прыйшоў час, каб сучасныя беларусы адкрылі для сябе гістарычную праўду пра падзеі 1921-1939 гадоў у Заходняй Беларусі, – адзначае Ігар Мельнікаў.

У выданні можна знайсці аналіз гісторыі заходнебеларускіх тэрыторый у складзе Другой Рэчы Паспалітай. Асаблівую цікавасць выклікаюць нарысы, прысвечаныя гісторыі крыміналу ў Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах міжваеннай Польшчы. Таксама распавядаецца пра падзеі верасня 1939 года, удзел беларусаў у складзе польскага войска ў баявых дзеяннях супраць вермахта і Чырвонай Арміі ў самым пачатку Другой Сусветнай. Аўтар аналізуе гісторыю сталінскіх рэпрэсій супраць грамадзян Заходняй Беларусі, а таксама сумна вядомы Беларускі катынскі спіс.

Падчас прэзентацыі аўтар раскажа пра тое, як стваралася кніга, якія малавядомыя факты гісторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны час у яе ўвайшлі. Акрамя гэтага Ігар Мельнікаў пазнаёміць гасцей з унікальнымі здымкамі і артэфактамі са сваёй калекцыі, якія маюць дачыненне да гісторыі Заходняй Беларусі ў цэлым і Брэста ў прыватнасці.