Да 995-гадовага юбілею ў Берасці знялі фільм пра страчаную архітэктурную спадчыну гораду

27  Мая 2014 г.  в 21:10 : История города Бреста

У аснову відэанарыса ляглі мастацкія рэканструкцыі Анастасіі Фяцісавай. Зусім нядаўна вядомая берасцейская мастачка прэзентавала свае працы ў БрДУ ў межах грамадскай кампаніі “Берасце старадаўняе”. Тады, з прычыны высокай цікавасці да яе творчасці, арганізатары мусілі замест запланаванай адной прэзентацыі ладзіць дзве, літаральна праз дзень пасля першага выступу.

Да 995-гадовага юбілею ў Берасці знялі фільм пра страчаную архітэктурную спадчыну гораду

З не меншай цікавасцю і колькасцю ўдзельнікаў зладзілі б і трэцюю ды чацвёртую, толькі вось спадарыні Фяцісавай трэба было з’язджаць – зараз яна стала працуе ў іншай краіне і ў родным горадзе бывае надзвычай рэдка” – кажа адзін з арганізатараў тых сустрэч Віктар Клімус. “Менавіта таму тады і нарадзілася ідэя аформіць прэзентацыю ў больш самастойны прадукт – відэаролік. Безумоўна, сустракацца і гутарыць з аўтарам карцін ужывую на шмат цікавей. Аднак у інтэрнэце аўдыторыя можа быць значна большая.

Каля двух тыдняў спатрэбілася актывістам каб змантаваць і агучыць 15-хвілінный відэаролік. Аўтары фільма прызнаюцца, што гэта іхняя першая спроба зрабіць нешта падобнае. Даводзілася шукаць дапамогі адмыслоўцаў і разбірацца ў шмат якіх тэхнічных момантах. Ўрэшце калектыў грамадскай кампаніі “Берасце старадаўняе” гатовы прэзентаваць вынікі сваёй працы шырокай аўдыторыі.

15-хвілінны ролік распавядае пра значныя эпізоды гісторыі гораду, пра яго архітэктурнае аблічча 16-18 стагоддзяў, пра адметнасці і лёс асобных будынкаў, знешні выгляд якіх удалося аднавіць па чарцяжах і абмерах 1830-х гадоў, рэестрах і прывілеях часоў ВКЛ ды іншых гістарычных дакументах.

Гэты перыяд з жыцця гораду зараз мала дзе адлюстраваны – знайсці інфармацыю па эпохе, што папярэднічала пабудове вайсковай фартэцыі вельмі складана,” – кажуць стваральнікі роліка. “Аднак мы спадзяемся, што дадзеная тэма будзе пакрысе выходзіць з ценю і кожны берасцеец зможа ведаць пра спадчыну свайго гораду больш.

Источник информации: http://vk.com/berasce_1019