Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Жыхар Баранавічаў ініцыяваў выраб сувенірных магнітаў

7  Апреля 2014 г.  в 12:30 : Брестская область

Каляровыя паравозы, мульцяшная чыгунка, кветкі і… пісталеты – сімвалы Баранавічаў, якія па-мастацку ўвасоблены на сувенірах, што вырабляе кампанія нашага земляка Сержука Васілеўскага.

Фота: Людміла Пракопава
Фота: Людміла Пракопава


Калі няма – зрабі сам!

Гандлёвая кампанія, сузаснавальнікам і дырэктарам якой з'яўляецца Сяржук Васілеўскі, займаецца вырабам беларускіх сувеніраў ужо каля пяці гадоў.

– Калі наша кампанія пачынала гэту справу ў Мінску, сувенірны рынак Беларусі знаходзіўся ў зародкавым стане, выбар для пакупнікоў быў невялікі. І мы вырашылі дзейнічаць па прынцыпе: калі не можаш купіць тое, што табе падабаецца, – зрабі гэта сам, – распавёў "IP" Сяржук Васілеўскі.

На яго думку, сувенір – вельмі важная рэч для горада, бо гэта такі самы складнік гарадскога брэнду, як яго гісторыя, помнікі, шыльды...

– Гэта гучыць дзіўна, але нават самы звычайны сувенірны магніт фармуе вобраз горада ў вачах яго наведвальнікаў. І сёння мы ідзем гэтым шляхам, каб кожны беларускі горад меў свой годны сувенір, – кажа Сяржук.

"Баранавічы – гэта Чыкага…"

Спачатку кампанія Сержука займалася выключна стварэннем прадукцыі на агульнабеларускую тэматыку і сувеніраў для Мінска. А прыкладна год таму пачала рабіць персаналізаваныя сувеніры для рэгіянальных гарадоў.

Фота: Людміла Пракопава
Фота: Людміла Пракопава


Баранавічы – першы з перыферыйных гарадоў, для якога кампанія распрацавала серыю сувенірных магнітаў.

– Чаму Баранавічы? Бо гэта мой родны горад. Гэта цэнтр майго прыватнага сусвету. Я тут нарадзіўся, выгадаваўся, пайшоў у школу, пэўны час працаваў і тут сустрэў сваё каханне, – кажа Сяржук.

Баранавіцкая серыя сувенірных магнітаў эксплуатуе перадусім тэму чыгункі, дзякуючы якой і ўзнік наш горад. Тут і каляровыя цягнікі, і схематычныя рэйкі, і старыя фотаздымкі баранавіцкага вакзала…

– Можна сказаць, што горад Баранавічы туды, дзе ён цяпер месціцца, прыехаў на цягніку. Гэты сімвал ёсць і на афіцыйным гербе горада. Яго ж выкарыстоўваем і мы, толькі па-свойму… – распавядае Сяржук.

І ўсё ж адзін магніт з баранавіцкай калекцыі вылучаецца неафіцыйнай трактоўкай вобразу Баранавічаў. Ён аформлены нібыта кінакадр з назваю "BaranaviCHy City", дзе сам лагатып горада аздоблены чорным пісталетам ды капелюшом дэтэктыва. Гэты магніт разлічаны перадусім не на турыста, а на мясцовую аўдыторыю, якая ў тэме:

– Ніхто, апроч тутэйшых, не ведае, што ёсць агульнага паміж Баранавічамі і амерыканскім Чыкага. Гэта выключна мясцовая "фішка", добра зразумелая толькі цэнтравым валацугам і жыхарам пэўных мікрараёнаў. Такі сабе міні-брэнд баранавіцкіх раёнаў-кварталаў, што, натуральна, трэба разглядаць як сцёб, – смяецца Сяржук.

Дзякуючы падобным "фішкам", на думку Сержука, па-свойму цікавы і адметны кожны горад. Трэба толькі знайсці і адлюстраваць тую разынку, якая прыцягне ўвагу спажыўца.


Літары "і" ды "ў" як частка беларускага брэнду

Бізнес ёсць бізнес, але для Сержука яго занятак – гэта і патрыятычная справа:

– Мы ствараем адмысловыя візітоўкі нашай краіны: паказваем яе прывабнасць, хараство, адметнасці. Гэта наш маленькі ўнёсак у праслаўленне роднага краю.

Рэгіянальныя сувеніры кампанія Сержука аздабляе толькі па-беларуску, каб людзі не забываліся пра родную мову.

– Насамрэч, менавіта турысты з усходу выказваюцца за беларускую мову на нашых сувенірах. У Беларусі яны хочуць адчуваць сябе як у замежжы. І ім цікава прывезці на памяць сувенір, падпісаны на беларускай мове, з нашымі адметнымі літарамі "і" ды "ў".

Для заходняга ж спажыўца, на думку Сержука, перспектыўна выкарыстоўваць беларускую лацінку.

Цяпер кампанія працуе над новымі серыямі сувеніраў і прапануе ахвотнікам дзяліцца сваімі ідэямі наконт магчымых брэндаў Баранавічаў...

– Бо ніхто, апроч нас саміх, не прэзентуе нас свету, – робіць выснову Сяржук Васілеўскі.

Источник информации: Алесь Гізун,