Забытая гісторыя Слабудкі: ракетны шчыт дзяржавы

18  Марта 2014 г.  в 15:57 : История города Бреста

 Прайшло 15 гадоў пасля заканчэння другой сусветнай вайны. Здавалася, што пасля страшнага ўроку, які атрымала чалавецтва, вайна, як сродак дасягнення палітычных мэтаў, будзе забыта. Аднак у рэальнасці гэтага не адбылося. Супрацьстаянне краін сацыялізму і капіталістычных дзяржаў прывяло да “халоднай вайны” з мноствам лакальных войн і канфліктаў, гонкі ўзбраенняў, нарошчвання ракетнай магутнасці.

3. ракета Р-12

Рашэнне аб стварэнні ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння (РВСП) СССР было прынята 17 снежня 1959 г. Гэта падзея сур’ёзна паўплывала на расклад палітычных сіл у свеце. РВСП былі ўзброены ракетнымі комплексамі аператыўна-тактычнага і тактычнага прызначэння, якія служылі дзейснай “зброяй далёкай рукі” і былі здольныя наносіць магутныя і хуткія ўдары па войсках праціўніка на адлегласці каля 2 тыс. км.

Ракетныя часці былі размешчаны ў розных кутках СССР, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі. У іх стварэнні ўдзельнічалі ваенныя з розных родаў войск, якія спецыяльна адбіраліся для службы ў гэтых сакрэтных і прэстыжных часцях.

6. Батальён сувязі. кан. 1960-х гг.

Адной з такіх адзінак быў 403-і гвардзейскі Беластоцкі ордэнаў Суворава і Кутузава 3-й ступені ракетны полк стратэгічнага прызначэння (камандзір палкоўнік І.Д.Юўчанка) 31-й дывізіі РВСП. Полк ствараўся на базе 56-га гаўбічнага артылерыйскага палка з п.Станькава Мінскай вобласці і месцам дыслакацыі яго быў вызначаны ваенны гарадок пад Пружанамі. Першапачаткова штаб вайсковай адзінкі размяшчаўся ў Пінску, а потым – у Пружанах. Менавіта з гэтага часу за былымі “Казармамі” замацоўваецца назва “Слабодка”, якую сталі выкарыстоўваць у афіцыйных дакументах і пазначаць на тапаграфічных картах (паштовае аддзяленне працягвала звацца “Кашарка”).

Фарміраванне і станаўленне палка на баявое дзяжурства адбылося ў кароткі тэрмін. Аднак яшчэ да таго, як на Пружаншчыне з’явіліся ракетчыкі, у Слабудцы пачаліся падрыхтоўчыя работы. У канцы 1950-х – пачатку 1960-х гг. каля гарадка пачалося буйнамаштабнае будаўніцтва.

Для хуткага і патаемнага перавозу тэхнікі зрабілі сакрэтную чыгуначную лінію ад станцыі Аранчыцы да так званай “10 пляцоўкі” – невялікага прыпынку ў Ліноўскім лесе, дзе былі абсталяваны пагрузачна-разгрузачная рампа, склад паліўна-змазачных матэрыялаў, бункер-сховішча. Спецыяльную тэхніку перавозілі па палявых дарогах. Яна паступала непасрэдна з заводаў і расфарміраваных часцей. Работы па перавозцы і разгрузцы вяліся пераважна ў начны час.

1.военнослуж 403 полк РВСН

Заслону патаемнасці на будаўніцтва ў Слабудцы і ваколіцах прыадчыняюць успаміны палкоўніка А.Андрэенкі: “Баявая стартавая пазіцыя яшчэ толькі будавалася (каля Ружан – Заўв. аўтараў). Таму недалёка ад ваеннага гарадка Слабудка ў лесе была абсталявана вучэбна-стартавая пазіцыя (ВСП), куды сцягвалася ўся буйнагабарытная тэхніка, якая не магла ўмясціцца ў гаражы, што засталіся ад танкістаў у самім гарадку. Па меры будаўніцтва баявых комплексаў туды пачалі пераво-дзіцца аўтамабілі баявой групы і гусенічныя цягачы. Аўтамабілі страявой і транспартнай групы размяшчаліся ў гаражах ваеннага гарадка. Адсюль штодня ранкам да 20 машын адвозілі афіцэраў, служачых звыштэрміновай службы і салдат на баявую стартавую пазіцыю, якая была аддалена ад ваеннага гарадка на 45 км, а вечарам прывозілі іх назад”.

5.остатки ж.д.ветки Оранчицы-слободка.

Такім чынам, ва ўрочышчы “Ліноўскі лес” дзейнічала вучэбная стартавая пазіцыя для аднаступенчатых балістычных ракет сярэдняй дальнасці Р-12, якія знаходзіліся на ўзбраенні палка. Адначасова з работамі каля Слабудкі баявыя стартавыя пазіцыі палка ствараліся ў Ружанскай пушчы. Аднак менавіта на ВСП праходзілі асноўныя заняткі па асваенні і вывучэнні ракет. Дарэчы,             Р-12 атрымалі сусветную вядомасць у час “Карыбскага (Кубінскага) крызісу” 1962 г., калі ледзь не разгарэлася трэцяя сусветная вайна. Акрамя таго, у лесе і гарадку былі пракла-дзены спецыяльныя лініі сувязі, абсталяваны навучальныя класы і карпусы для падрыхтоўкі спецыялістаў.

Успаміны аб быце ракетчыкаў у Слабудцы адлюстраваны ў запісах начальніка аператыўнага аддзела 31-й ракетнай дывізіі (у той час начальніка штаба дывізіёна) палкоўніка М.П.Чарапанава: “Закіпела праца з ранку да позняй ночы без выхадных. Дзякуй богу, у гарадку была лазня. Да пачатку заняткаў дзяцей у школе сям’я пераехала са Станькава. Часова размясціліся жыць у кватэры, якая даўно патрабавала рамонту ў аднапавярховым доме, больш падобным на барак, а праз некаторы час атрымалі добрую двухпакаёвую кватэру. Кухня, ванная, гарачая вада, печка на два пакоі, абліцаваная кафляй. Дом будавалі англічане (так званы дом ФКВ будавалі палякі – Заўв. аўт.) па заказу камандавання польскіх войскаў яшчэ да 1939 года”. Аднак гарачая вада з “тытанаў” у ваенным гарадку была не нормай, а выключэннем для жыхароў “элітнага” дома, дзе па традыцыі сялілася камандаванне.

4.рота радіоэлект разведкі. 1960-е

Карціну жыцця ў гарнізоне дапаўняюць успаміны сына афіцэра палка А.Зайцава:“Жылі мы ў пасёлку Слабудка, у ваенным гарадку, у вялікім чырвоным цагляным двухпавярховым доме з пячным ацяпленнем. Дзверы ўсіх пакояў выходзілі ў адзін доўгі калідор, які прапах газай з-за таго, што ў ім стаялі кухонныя сталы ўсіх жыльцоў з керагазавымі пліткамі. Каля нашага дома стаяў самы вялікі ў пасёлку трохпавярховы дом з белай цэглы, што выклікала асаблівую павагу і зайздрасць да яго жыхароў. Гэтыя дамы звалі “чырвоны дос” і “белы дос” (дос – дом афіцэрскага саставу – Заўв. аўт.). Памятаю салдацкі клуб, дзе паказвалі кіно, і вялікую сажалку пасярэдзіне пасёлка пад назвай Маргар’ян. За дзіцячым садком было поле, на якім з часоў вайны стаялі докі (доўгатэрміновыя агнявыя кропкі). У іх зрэдку знаходзілі зброю, гранаты, патроны. Усё поле было абнесена калючым дротам. Туды забаранялася хадзіць”.

Як бачна, старая праблема недахопу і якасці жылля, нягледзячы на меры ў гэтым накірунку, працягвала стаяць у Слабудцы востра. Тым больш, што па штаце, зацверджаным у 1960 г., у 403-м ракетным палку было 223 афіцэры, 215 сяржантаў, 1018 салдат, 7 рабочых і служачых.

Аднак, акрамя ракетчыкаў, у гарадку знаходзіліся іншыя часці. У Слабудцы кватараваўся 1506-ы ракетна-тэхнічны батальён (78 афіцэраў, 35 сяржантаў, 149 салдат) і 2-і дывізіён 375-га ракетнага палка супрацьпаветранай абароны (СПА), які меў на ўзбраенні зенітныя ракеты С-75. У маі 1961 г. ён быў перафарміраваны ў 2-і дывізіён 105-й зенітна-ракетнай брыгады СПА і ўзмоцнены ракетамі С-125. Пазіцыі зенітчыкаў былі абсталяваны ў паўкіламетры ад паўночнай мяжы гарадка на полі.

У Слабудцы таксама знаходзіўся батальён сувязі, які быў пераведзены пад Пружаны з Прыбалтыйскай ваеннай акругі яшчэ ў 1950-я гг. Частку ваеннага гарадка займала рота радыёэлектроннай разведкі, так званая “дзясятка”, падначаленая Галоўнаму разведвальнаму ўпраўленню (ГРУ). Усіх іх трэба было неяк размясціць у невялікім гарнізоне.

2.муз занятия в детсаду нач. 1960-х

Трэба адзначыць, што першапачаткова існаванне ракетчыкаў у Слабудцы (і ў іншых месцах) было дзяржаўнай тайнай. Гэтыя палкі маскіраваліся, каб не выдаць сваёй прысутнасцю знаходжання ў наваколлі ракет. Так, служачыя 403-га ракетнага палка да 1963 г. апраналіся ў форму лётчыкаў, а потым сталі насіць артылерыйскія знакі адрознення. Ураджэнка гэтых мясцін Н.Ф.Краўчук успамінае: “Мы ведалі, што ў Слабудцы стаяць ракетчыкі, але аб гэтым мала хто гаварыў. Накіроўваючыся па грыбы ці ягады, людзі далёка не ішлі, таму што вялікая тэрыторыя ў лесе была абнесена калючым дротам і ахоўвалася. Ад Слабудкі да Альшан была дарога, сыходзіць з якой забаранялася. У лесе чакалі вартавыя з сабакамі, якія ўсіх цікаўных выводзілі назад і настойліва раілі ісці сваім шляхам”.

З 1962 г. 403-і полк стаў паступова перабірацца ў г.п.Ружаны, дзе для яго асабовага саставу і сем’яў ваенных збудавалі жылы гарадок, недалёка ад якога знаходзіліся баявыя стартавыя пазіцыі. У Слабудцы некаторы час заставаліся вучэбныя падраздзяленні. Апошнія структурныя адзінкі палка пакінулі Слабудку летам – восенню 1966 г. Аднак да сённяшняга дня ў лесе можна знайсці сляды прысутнасці першых ракетчыкаў. Каля вёскі захаваліся элементы вучэбных ракетных стартавых пазіцый, рэшткі чыгункі і капаніраў пад тэхніку, кропак навядзення і пагрузачна-разгрузачных рампаў.

Разам з ваеннай справай, якая з’яўлялася асновай жыцця гарнізона, арганізоўваўся вольны час яго жыхароў. Пры мясцовым Доме культуры, што знаходзіўся ў будынку былога каталіцкага касцёла, працавалі шматлікія гурткі самадзейнасці. З канцэртамі для ваенных і жыхароў Пружаншчыны выступаў аматарскі хор і аркестр. Для дзяцей ладзіліся ранішнікі. Салдаты, якія ўмелі граць на баяне, запрашаліся ў дзіцячы садок для правядзення музычных заняткаў. У гарадку таксама дзейнічаў жаночы савет, які апекаваў маладыя сем’і.

Ваенныя клапаціліся аб навядзенні парадку на тэрыторыі часцей і жылой забудовы. Слабадскому гарнізону быў даручаны дагляд месцаў пахаванняў – нямецка-аўстрыйска-рускіх салдат, памерлых у ваенных шпіталях, і ахвяр фашызму. У 1965 г. на месцах пахаванняў часоў другой сусветнай вайны былі пастаўлены новыя мемарыялы: у Ліноўскім лесе (урочышча Яцкаўшчызна) у памяць аб мірных жыхарах і палонных, расстраляных каля Слабудкі у 1941-1944 гг., і на “шпітальных” могілках, дзе замест ранейшага помніка з выявай драўлянага танка паставілі бетонны абеліск.

Такім чынам, Слабудка 1960-х гг. стала адным з месцаў на карце, дзе фарміраваліся ракетныя палкі і ствараўся абаронча-наступальны шчыт СССР, што было праявай не толькі ваеннай магутнасці дзяржавы, але і сродкам запалохвання яе палітычных праціўнікаў, паглыблення супярэчнасцяў у ходзе “халоднай вайны”.

НА ЗДЫМКАХ:

1. Ракета Р-12, якая была на ўзбраенні 403-га палка.
2. Батальён сувязі. Са сцягам – С.Ф.Заікін (фота канца 1960-х гг.).
3. Ваеннаслужачыя 403-га палка РВСП. Слабудка, пачатак 1960-х гг.
4. Рэшткі чыгуначнай лініі “Аранчыцы – 10 пляцоўка” каля Слабудкі, фота 2011 г.
5. Рота радыёэлектроннай разведкі – “дзесятка”, 1960-я гг.
6. Музычныя заняткі ў дзіцячым садку. Фота пачатку 1960-ых.

(Апрацоўка і пераклад на беларускую мову Наталлі Пракаповіч). Раённые Будни