Баранавіцкі актывіст перамог гарвыканкам у судзе

7  Марта 2014 г.  в 14:58 : Брестская область
Баранавіцкі актывіст перамог гарвыканкам у судзе
5 сакавіка ў баранавіцкім судзе сышліся актывіст Рыгор Грык і мясцовы гарвыканкам – першы настойваў на прызнанні рашэння другога незаконным.

Раней чыноўнікі забаранілі Грыку правесці пікет, адшукаўшы экстрэмізм у лозунгу "Дзеянні ўладаў і законы РБ – пад грамадзянскі кантроль".

Не згодны з такім тлумачэннем абаронца Грыка абяцаў дайсці нават да суда па правах чалавека:

Калі ў наш бок не вырашылася б справа тут, то мы пайшлі б далей, – па тэлефоне распавядае прававы інспектар беларускага прафсаюза радыёэлектронікі і лёгкай прамысловасці Уладзімір Малей. – Я падрыхтаваў цэлы выступ на паседжанні. Ну і суддзя ж не дурны чалавек – яна бачыла, што ніводная камісія не адшукае ў такім закліку прыкмет экстрэмізму.

Перамога ў выніку за актывістам – на падставе артыкулаў 35 і 23 Канстытуцыі суддзя Вольга Апановіч прызнала рашэнне чыноўнікаў незаконным. Акрамя гэтага, усе выдаткі другога боку на суд аплоціць таксама гарвыканкам.

Для самога Рыгора такі вынік як мінімум нечаканы:

Можна сказаць, што такое рашэнне суда – гэта пачатак вясны ў Беларусі. Прававой вясны. Магчыма, наперадзе нейкія змены, – спадзяецца актывіст і працягвае, – мне столькі разоў забаранялі рознага роду пікеты, і вось нас урэшце прызналі правымі. Гэта як маральная перамога, што ўсё ж можна нечага дабіцца.
 

Источник информации: Арцём Гарбацэвіч,