Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Край Беларусі. Захад: Высокае

1  Сентября 2013 г.  в 17:52 : Отдых, туризм, путешествия

«Чакайце мяне каля банка, я зараз пад’еду», — неяк па-бізнэсоўску хутка сказаў голас у мабільніку. Я нават не паспяваю адказаць, як чую ў слухаўцы сігнал скончанай размовы. Іду па вуліцы горада Высокае. Гадзіну таму я быў у Брэсце, а цяпер — за 7 кіламетраў ад мяжы з Польшчай. Вечаровы аўтобус прывёз мяне ў самы заходні горад Беларусі.

Край Беларусі. Захад: Высокае

Невялікая рачулка Пульва фармальна дзеліць Высокае на дзве часткі — на новы мікрараён з пяціпавярховікамі і гістарычны цэнтр з руінамі сінагогі, рынкавым пляцам і прыватным сектарам. Трохі ўбаку застаецца старажытны зарослы парк Сапегаў і руіны ўязной абарончай брамы. Там цяпер зона адпачынку і стадыён. У цэнтры — сквер з помнікам загінулым партызанам і праваслаўны крыж. Побач аблуплены будынак гарсавета з жыццесцвярджальным вітражом, Дом культуры, царква і помнік Леніну.

За савецкім часам Высокае было райцэнтрам аж да 1962 года. Рысы заходняга ладу жыцця з беларускагабрэйска-польскага мястэчка тут выціраліся доўга — калгасы саветы сагналі толькі ў сярэдзіне 50-х. У наступныя гады сацыяльна-эканамічная актыўнасць адсоўвалася падалей ад «ненадзейнай» Польшчы — на ўсход. Развал СССР заспеў Высокае простым перыферыйным гарадком, які паступова станавіўся вёскай. Але ў 90-я гады закрытая мяжа з заходнім камунізмам імкліва ператварылася ў адкрытую мяжу з заходнім капіталізмам. Рынкавы сацыялізм тагачаснай Беларусі паспрыяў фармаванню тут новай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі…

Край Беларусі. Захад: Высокае

Стаю каля новага будынка «Беларусбанка». Вечар. Спёка за трыццаць. Дамкі паабапал вуліц хаваюцца ў зеляніне. Машын, што праязджаюць, на вуліцах сустракаю больш, чым мінакоў — гэта кідаецца ў вочы адразу. З-за павароткі вырульвае шыкоўны «Мерсэдэс» C-класа. У расхрыстанай кашулі, з немалым залатым крыжам на шыі, выходзіць жвавы дзядзечка, які прадставіўся Васілём Васільевічам. «Хадзем. Зараз пакажу, дзе будзеш жыць».

Заходзім у двор даваеннага двухпавярховага дамка з сучасным рамонтам — лесвіцы і балкон аздоблены барочнымі парэнчамі з бетону, праўда, недзе ён лопнуў... У Васіля Васільевіча я здымаю кватэру для падрыхтоўкі гэтага рэпартажу. У 5-тысячным Высокім няма дзяржаўнага гатэля, але ёсць кватэры для арэнды на «суткі і гадзіны» — так напісана на папяровым аркушыку-візітоўцы, які мне і ўручыў Васіль Васільевіч. За 180 тысяч у суткі я здымаю частку дома з пакоямі на двух паверхах, кухню з аркамі і барнай стойкай — апартаменты, не горшыя, чым у сталіцы для прыезджых на майскія святы рускіх турыстаў.

Памежны бізнес шалёных 90-х

Першае ўражанне ад Высокага — гэта нейкая дзіўная еўрапеізаваная Беларусь прыватнікаў на фоне абшарпанага дзяржаўнага бязладдзя. Ледзь не ў кожным двары стаіць па іншамарцы, а то і па дзве. Даваенныя цагляныя дамкі аблепленыя спадарожнікавымі антэнамі і «па-багатаму» зашаляваны сайдынгам. У некаторых дварах роўна пакошаны газон. На трохі больш чым 5 тысяч жыхароў Высокага — каля 40 прыватных прадуктовых крамаў. Уся сфера абслугоўвання тут — у руках прыватнікаў. Але гэта ўжо толькі рэха іншага, больш прыбытковага бізнесу, які цяпер недаступны для высокаўскіх «бізнэсоўцаў».

У 90-я і амаль усе «нулявыя» тут квітнеў народны гандаль палівам з палякамі — асноўная крыніца даходу рашучых высокаўскіх гараджан. «Можна было па 500 даляраў у дзень рабіць», — настальгічна расказвае мне Васіль Васільевіч, калі мы прагульваемся па шырокай вуліцы старой часткі горада. Ад старога тут, канечне, адна назва — «польскія» будынкі безгустоўна перароблены пад камфортны лад жыцця высачан. Дзе-нідзе вокны закладзены цэглай, пад фарбай сцен праступаюць сілуэты дзвярэй, якія калісьці тут былі. «Я набыў сабе габрэйскі будынак 1703 года, але па дакументах ён ідзе як 1939-га — саветы перапісалі па-свойму. Будую тут невялікі гатэль і бар», — хваліцца перада мной Васіль Васільевіч і паказвае на будоўлю за плотам. На таўшчэзных старасвецкіх арках я бачу надбудову другога паверха. Бізнэсовец будуе гэта з разлікам на памежную інфраструктуру і чакае адкрыцця тут памежнага пераходу і новых транспартных плыняў.

«Міліцыю расфармавалі, а будынак здалі пад офісы. У КПЗ — рамонт абутку»

Раніца. Субота. Паабапал сквера збіраюцца гандляры садавіной і гароднінай. Мой наступны суразмоўца — мужчына за 40 — прасіў не ўзгадваць яго імя, але расказвае сакрэты высокаўскага поспеху: «У 90-я тут было шыкоўна. Можна было проста, без кантрабанды, вазіць і прадаваць паліва ў Польшчу і спакойна мець 300—350 даляраў у дзень. Усё, што ты тут бачыш, пабудаванае ці адрамантаванае — гэта за кошт таго бізнесу. У мяне і шмат у каго ў той час былі старэнькія джыпы­патролы з «маленькім» бакам пад 200 літраў. Так і жылі — дзень ездзіш туды-сюды, а на наступны можаш з цыгарэтай адпачываць. У пачатку 90-х, калі з краін сацыялістычнага блока выводзілі войскі, цягнікі ішлі не праз Брэст, а праз станцыю Высока-Літоўск. Зброі было тут поўна — ліхія і залатыя часы. Пасля таго як зачынілі мяжу, усё абвалілася — палова горада працуе у Брэсце. Горад паступова пусцее, хоць і прадпрымальніцкая жыла тут моцная — прыватнікаў шмат. Міліцыю расфармавалі, а будынак здалі пад офісы. У КПЗ — рамонт абутку. Пакінулі толькі трох участковых з машынай. Тыя, хто паспеў назбіраць нейкі капітал, альбо з’ехалі, альбо спрабавалі наладзіць нешта тут, але гэта ўжо не тое…» — з прысмакам настальгіі па лепшых часах прамаўляе мой суразмоўца і абапіраецца на дах старэнькага «Масквіча», на капоце якога раскладзены мёд на продаж, цяпер у яго толькі такі бізнес…

«У нас тут рускія і казахі скупляюць дамкі, потым прыязджаюць на канікулы»

Пенсіянер Аляксей Іванавіч вядзе з выгану сваю карову. Дарога пралягае праз старажытны зарослы парк з руінамі палаца. Па ўсім перыметры ансамбля захавалася агароджа з чырвонай цэглы — вышыня даходзіць да двух метраў. У тое месца, дзе агароджа абвалілася, Аляксей Іванавіч гоніць карову і такім чынам зразае дарогу да свайго хлява…

«Ніхто не хоча трымаць гаспадарку. На ўвесь горад — некалькі кароў толькі», — скардзіцца высокаўскі пенсіянер. Праходзім руіны брамы, і Аляксей Іванавіч працягвае: «Шыкоўны парк быў. Прыгожы. Я на флоце служыў, тут ёсць нават дрэвы для карабельных мачтаў. Расло чырвонае дрэва, потым камуністы пазразалі ўсё, каб сабе мэблю зрабіць. Аднаго разу я малы прыходжу з бацькам да нейкага начальніка, а ў яго крэслы з чырвонай драўніны».

Пасля Аляксей Іванавіч пераходзіць да прыватнай справы: «Вось ты там у Мінску бываеш, знайдзі мне купцоў — хачу дом у суседняй вёсцы прадаць. БТІ ацаніла ў 55 мільёнаў, калі знойдзеш кліента — 5 табе аддам. У нас тут рускія і казахі скупляюць дамкі, потым прыязджаюць на канікулы — грыбы, рыбалка і мяжа з Польшчай побач. Але знайдзі мне толькі рускіх ці казахаў — у іх грошай шмат…».

Апошні дзень у Высокім. Прагульваюся побач з руінамі ўязной брамы — яна разбураная і парослая зверху маладымі дрэўцамі. На вежах у нарослых кустах хлопцы п’юць піва… Старасвецкія перабудаваныя дамкі праводзяць мяне размаляванымі графіці і дастаткова якасным стрытартам, які невядома кім тут намаляваны.

Аповеды мясцовых пра памежны бізнэс і лёгкія грошы ствараюць адчуванне, што некалі з Высокага з’ехалі ці кудысьці зніклі ўсе неактыўныя і непрадпрымальныя жыхары. Гэта не было акно ў Еўропу для Беларусі — хутчэй прыадчыненая фортка, праз якую можна было ўцягнуць сюды трохі дабрабыту. Цяпер і яна зачыненая. І рысы прадпрымальнасці і дабрабыту ў Высокім паступова абрастаюць цвіллю паныласці, якая ператварае гэтае мястэчка ў тыповую перыферыю, край Беларусі, хай сабе і на захадзе.

Высокае

Высокае знаходзіцца на паўднёвым захадзе Беларусі ў Камянецкім раёне, да Брэста адсюль каля 40 кіламетраў. Горад вядомы з XIV стагоддзя і меў назву ВысокаЛітоўск. У 1494 Аляксандр, сын Казіміра, Вялікага князя Літоўскага, падарыў гораду Магдэбургскае права. Ім валодалі Храптовічы, Ёдкавічы, Войны. У 1647 горад з прылеглымі вёскамі выкупляе гетман ВКЛ Павел Ян Сапега. Ад гэтага часу пачынаецца яго росквіт — будуецца замак з абарончымі збудаваннямі, закладаецца касцёл, адкрываецца гандлёвая плошча. Да прыходу Чырвонай Арміі ў 1939 ВысокаЛітоўск налічваў больш за 6 тысяч жыхароў, пасля гэтую «еўрапейскую» назву змянілі на Высокае, а старую пакінулі за невялікай чыгуначнай станцыяй, якая знаходзіцца за тры кіламетры ад горада. Апошнім прыватным уладальнікам ВысокаЛітоўска быў Якуб Патоцкі.

Ждите загрузки ссылки для показа изображений!

Сяргей Гудзілін, Наша Нива