Прэзентаваны другі раман-фэнтэзі, прысвечаны Брэсту

4  Апреля 2013 г.  в 17:05 : Музыка, кино, музеи, выставки

А мог быць раман Лявона Валасюка “Вяртанне берасцейскай стралы” і першым. “Выходзіў у часопіснай версіі раней”, – патлумачыў аўтар, калі я дапытваўся, ці паўплываў “Рыбін горад” Наталкі Бабінай на напісанне тэкста. Дапытваўся, таму што не напісаць пра такое нельга. Таму што гэта з’ява – два раманы-фэнтэзі для аднаго горада.

Прэзентаваны другі раман-фэнтэзі, прысвечаны Брэсту

Чытаючы абодва, думалася пра жывапіс. Па прачытанні згадаўся побыт у Нямеччыне, першае ўражанне ад ілюстрацый да казак братоў Грым у велічыню карціны швабскага мастака Фрыдрыха Хэхельмана, калі наведвалі ягоны палац-рэзідэнцыю Існы з цудоўнай галерэяй класічнага выяўленчага мастацтва і ўласна паверхам Хэхельмана, – туды чаргой шыхтуюцца групы наведнікаў! А гэта вёска! Мая рэакцыя на яго карціну “Карабель” (нос-уцёс рассякае зялёнку, але і сам карабель ужо ў палоне зялёнага – “дык гэта Беларусь? Хэхельман беларускі мастак можа быць!”) І адказ мастачкі на мае версіі: “Думаю, гледзячы на павароты ліній, як своеасабліва ўспрымае свет мастак нетрадыцыйнай арыентацыі”.

Гэты адказ мне надта палягчае бачанне абодвух раманаў пра Брэст. Арыентацыя Хэхельмана (у палацы нам потым сапраўды паказалі ягонага сябра) у выпадку беларускіх аўтараў плаўна вяртаецца ў берагі простага раздзялення на мужчыну і жанчыну. Бабіна больш пісьменніца і па-жаночаму дакладная ў дэталях, карункаватая нават. Лявон Валасюк -- больш”мужчыністы”, шырокакостны, піша вялікімі ўзмахамі, захоплівае больш.

У Валасюку мастак, якім ён і з’яўляецца, наогул на першым плане. Ганяць яго ці хваляць ("лініі не трымае, прымітыўны стыль”) – мы можам нават пагадзіцца: “так, ёсць такі стыль прымітівызм, – і што, такія карціны не адкрываюць нам Сусвет лепш за фатаграфіі?” А гэта і ёсць пацверджанне, што маем справу з фактам мастацтва.

Прэзентаваны другі раман-фэнтэзі, прысвечаны Брэсту

У гэтым параўнанні Бабіна бадай што адназначна выйграе ў чыста тэхнічнай частцы працы: тэкст лепш вычытаны, мною не было заўважана спрэчных месцаў, не казаць ужо пра прыкрыя “жукі” і “стрэмкі”, якія, на жаль, сустракаюцца ў Валасюковым тэксце. Мяркую, сказваюцца перагрузкі нашы тых, хто цяпер здабывае хлеб і заадно засейвае культурніцкую ніву (улучна з рэдактарам).

Найбольш збліжаюцца абодва ў паказе перапляценняў роднаснасці, пашане да крэўных продкаў, да голасу крыві. Ну, ды як пераказваць чатырохмерныя палотны часу і прасторы Берасця – вам проста трэба іх перачытаць. І менавіта ў параўнанні. Упэўнены: цудоўная пляцоўка для трэніроўкі і адточвання мозгу, асабліва шкалярам ды студыёзусам.

Мяне асабліва кранулі на прэзентацыі ў гарадской бібліятэцы імя Пушкіна 28 сакавіка дзве рэчы. Адна адмоўная. Наколькі многія прызвычаіліся да скуры ”зрабі мне прыгожа”. Пачынаюць ліць ялей, і нават не па-цыганску неяк, а… па-савецку. Суперлатывы на суперлатывах. Проста махровы правінцыялізм, і маладых няма, каб узбунтаваліся, запярэчылі, перапынілі нават. Па Лявону бачыў, што яму не надта падабаецца, а ён чалавек сціплы.

Другая -- гэта надта шляхетны жэст арганізацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў, якая выдала раман нябожчыка ўжо мастака Івана Сычыка “Крыж пакут і надзей”. У асноўным, намаганнямі ягонага сябра Лявона Валасюка.

Автор: Яўген БЯЛАСІН (фота аўтара), Брестский Курьер