Аванс в 20 тысяч белорусских рублей получили в августе работники Ружанской мебельной фабрики

26  Октября 2012 г.  в 22:26 : Брестская область

Аванс в 20 тысяч белорусских рублей получили в августе работники Ружанской мебельной фабрики

Сёння планы павышэння заработнай платы разглядаюцца, бадай, на кожным прадпрыемстве. А вось на Ружанскай мэблевай фабрыцы, мяркуючы па калектыўным лісце, які ў рэдакцыю даслалі рабочыя, людзей не задавальняюць меры адміністрацыі, якія тычацца павелічэння памераў і тэрмінаў выдачы зарплаты.
 

«За апошнія два гады памер нашай зарплаты практычна не памяняўся. І на сённяшні дзень большасць рабочых атрымлівае за сваю працу каля аднаго мінімальнага заробку. Акрамя таго, выдаюць грошы ажно напрыканцы наступнага месяца — пераважна чысла трыццатага. Аванс наогул ніколі не пералічвалі, але сёлета адміністрацыя вырашыла нам «дапамагчы»: 18 жніўня рабочым далі аванс, сума якога склала… 20 тысяч рублёў. Што можна купіць за гэтыя грошы?! Дзве буханкі хлеба і дзве бутэлькі малака. І гэта ў той час, калі набліжалася першае верасня — час збіраць да вучобы школьнікаў і студэнтаў. Гэта проста плявок у бок простых рабочых прадпрыемства…»

Каментарыі на гэты зварот дало ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Сярэднямесячная заработная плата работнікаў Ружанскай мэблевай фабрыкі сапраўды застаецца адной з самых нізкіх сярод прадпрыемстваў канцэрна «Беллесбумпрам». У прыватнасці, заработная плата за жнівень на прадпрыемстве склала 2410,3 тыс. рублёў, ці 164,6% да ўзроўню мінулага года, за 8 месяцаў — 1806,4 тыс. рублёў (186,1% да адпаведнага перыяду 2011 год). Прагнозныя паказчыкі па росце заработнай платы за жнівень выкананы на 96,9%, за ўвесь перыяд са студзеня па жнівень — на 100,5%.

Нізкі ўзровень заработнай платы звязаны са зніжэннем аб’ёму вытворчасці прадукцыі: «Так, у ліпені выраблена прадукцыі ў супастаўных цэнах на суму 2686 мільёнаў рублёў, ці 49,1% да ўзроўню ліпеня 2011 года, у жніўні — на 3531 мільён рублёў, ці 52% да ўзроўню жніўня мінулага года. Асноўнай прычынай зніжэння вытворчасці з’яўляецца недахоп абаротных сродкаў: па стану на 1 жніўня 2012 года ён склаў 2992 мільёны рублёў». Гэта яшчэ не ўсё: «У сувязі з цяжкім эканамічным становішчам з мэтай скарачэння выдаткаў прадпрыемства вымушана было закрыцць Ляснянскі мэблевы цэх, які размешчаны ў 90 кіламетрах ад галаўнога прадпрыемства. Скарачэнне з 31 ліпеня 2012 года работнікаў мэблевага цэха (65 чалавек) і выплаты ім трохмесячнай зарплаты, а таксама сум кампенсацыі за нявыкарыстаны водпуск паўплывалі і на вынікі фінансавай дзейнасці. Калі за першае паўгоддзе прадпрыемства мела чысты прыбытак у суме 31 мільён рублёў, то па выніках сямі месяцаў атрымала чыстыя страты ў суме 804 мільёны рублёў».

Аднак нават у такіх умовах, каб павя-лічыць заработную плату, з 1 жніўня на 20% была павышана тарыфная стаўка першага разраду — яна склала 486 тысяч рублёў. Да слова, на працягу мінулага года тарыфная стаўка на прадпрыемстве павышалася тройчы і ў выніку вырасла на 187,5%. Акрамя таго, з 01.12.2011 года на 20% павялічыўся памер прэмій рабочым: сёння па вытворчых брыгадах яны складаюць ад 50% да 160%.

Як аказалася, на працягу 2012 года заработная плата работнікам сапраўды выплочвалася ў апошнія дні месяца — у тэрміны, устаноўленыя калектыўным дагаворам. Аванс, згодна з тым жа калектыўным дагаворам, не прадугледжаны. Па выніках работы за ліпень заработная плата выплачана 23 жніўня. Пералічваўся на гэты раз і аванс: 17 жніўня на рахункі работнікаў паступіла сапраўды па 20 тысяч рублёў.

Ад рэдакцыі

Ружанская мэблевая фабрыка — не адзінае прадпрыемства ў раёне, якое перажывае не лепшыя часы. Зразумела, калі прадугледжана здзельная заработная плата: які аб’ём работ выканаў — столькі і атрымай, — а попыт на вырабляемую прадукцыю не заўсёды ёсць, то работнікі не стануць заможнымі. І гэта трэба тлумачыць людзям.

Хаця, шчыра кажучы, як патлумачыць рабочаму, які сумленна працаваў на сваім станку, што яго праца ў рэшце рэшт не запатрабавана? Міжволі закрадваецца думка, што вінаваты ва ўсім гэтым «канторскія» работнікі — тыя, хто павінен загадзя ўсё пралічыць, паклапаціцца пра сыравіну, своечасовы і выгадны збыт гатовай прадукцыі. І дзеянні, падобныя выплаце так званага авансу, толькі пацвярджаюць гэтае меркаванне. Ну, акрамя як здзекам над здаровым сэнсам, гэты выпадак не назавеш. Прасцей за ўсё спаслацца на тое, што аванс не прадугледжаны калектыўным дагаворам (хаця прафкам мог бы і ўзняць пытанне аб унясенні змяненняў у дакумент). Але ці нельга адносіцца адзін да аднаго па-чалавечы? Магчыма, варта было ўвайсці ў становішча бацькоў, тых, хто сапраўды можа мець патрэбу напярэдадні навучальнага года, і выплаціць прыстойны аванс хаця б гэтым работнікам.

Наогул, нярэдка заўважаецца такая заканамернасць: чалавека не чуюць і не хочуць чуць «на месцах», пакуль ён не звернецца ў вышэйстаячую інстанцыю, якая ў рэшце рэшт і прымусіць мясцовае начальства не ігнараваць яго просьбы. Што гэта: звычайнае нежаданне падпарадкоўвацца пажаданням «пралетарыя» ці спадзяванне на тое, што, можа, пранясе і праблема знікне сама сабой?

Марына Вакульская.

Источник информации: http://www.budni.by/