У Брэсце пачаліся работы па рэканструкцыі Свята-Васкрасенскага сабора

31  Августа 2012 г.  в 11:42 : Праздники, события, мероприятия

Для ўрачыстасцей з гэтай нагоды нездарма быў выбраны менавіта аўторак – дзень, калі праваслаўныя хрысціяне святкавалі Успенне Прасвятой Багародзіцы.

Знакавая для горада падзея і рэлігійнае свята ў суме падарылі прыхажанам Свята-Васкрасенскага сабора падвойную асалоду, якую шматлікія вернікі раздзялілі з прадстаўнікамі мясцовай вертыкалі. Сродкі на ажыццяўленне грандыёзнага духоўна-свецкага праекта па рэканструкцыі збіраліся ў рамках акцыі “Храм маёй душы”, ініцыяванай адміністрацыяй Маскоўскага раёна сумесна з Брэсцкай епархіяй. Дзякуючы шматлікім ахвяраванням, было сабрана больш за паўмільярда рублёў, а гэта ў сваю чаргу дазволіць выканаць ужо зараз значныя аб’ёмы работ. Аб падобных касметычных пераўтварэннях марыў яшчэ пакойны пратаіерэй Яўген Парфянюк, былы настаяцель храма. Паводле задумы першымі зменяць знешні выгляд купалы. Іх новая “вопратка”, бліскучыя пласціны з нітрыдтытану, была асвечана настаяцелем сабора айцом Уладзімірам Карнелюком падчас урачыстай цырымоніі. Дарэчы, падобны знешне да пазалоты сучасны будаўнічы матэрыял вылучаецца 100-гадовым тэрмінам жыцця. Менавіта гэта і прывабіла ініцыятараў праекту. Самі ж пласціны цяпер упрыгожваюць імёны найбуйнейшых мецэнатаў, у ліку якіх – аблвыканкам на чале са старшынёй Канстанцінам Сумарам, гарвыканкам з кіраўніком Аляксандрам Палышанковым і іншыя. Мадэрнізацыя фасаду храма і ўсталяванне сістэмы начнога падсвятлення пакуль што толькі ў тэорыі. Для практычнага ж увасаблення ідэі патрэбна як мінімум дазбіраць грошы, а значыць – акцыя “Храм маёй душы” працягваецца. Таму кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Брэста Аляксандр Рагачук (на здымку) зноў заклікаў брастаўчан да далейшага ўдзелу ў ёй. – Свята-Васкрасенскі сабор лічыцца своеасаблівай візітнай карткай горада, – падкрэсліў Аляксандр Сцяпанавіч, – і ў нашых сілах зрабіць яго яшчэ прыгашэйшым. Гэта ў першую чаргу духоўная акцыя, а ужо потым – будаўнічая. Да яе рэалізацыі мы ішлі больш за год, старанна вывучалі грамадскую думку, сур’ёзна выбіралі падрадчыка, матэрыял і формы вырашэння.

У Брэсце пачаліся работы па рэканструкцыі Свята-Васкрасенскага сабора

Цяпер застаецца якасна здзейсніць запланаванае, нават калі гэта і будзе не вельмі хутка. З цягам часу людзі забудуць пра тэрміны, а добры вынік застанецца на стагоддзі. Ды калі ў кожнага з нас у сэрцы не будзе свайго храма, нічога не атрымаецца. Металічныя пласціны з рук айца Уладзіміра перавандравалі да выканаўцаў будаўнічых работ – майстроў Ігара Ціханюка і Святаслава Кананчука. Мужчыны не хавалі свайго хвалявання наконт асаблівасці выпадку і цалкам усведамлялі ўсю адказнасць. Бо пільна сачыць за тым, як плітка за пліткай “апранаецца” купал, цяпер будзе ўвесь горад.

Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “Народная Трыбуна”. Фота аўтара.