Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Чаму забралі льготы? Адказ мясцовай улады незадаволеным пасажырам

22  Августа 2012 г.  в 16:09 : Автомобили, транспорт, ГАИ, ДТП

Адмена льгот у камерцыйным аўтобусе №50 хоць і адбылася яшчэ ў траўні, але усё яшчэ выклікае актыўныя пытанні ў тых, у каго гэтыя льготы забралі.

Інвалід ІІ групы прынёс у рэдакцыю копію Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян”. І акуратна выдзеліў у гэтым законе раздзел 13, якая прадугледжвае інвалідам права на бясплатны праезд “ва ўсіх відах гарадскога пасажырскага транспарту (акрамя таксі)”. Раздзялення на дзяржаўны і камерцыйны транспарт дакумент не мае, а таму пытанне заслугоўвае таго, каб на яго далі падрабязны адказ дзяржаўныя службоўцы.

На запыт у гарвыканкам нам даў адказ першы намеснік старшыні Валерый Лапцейкін. Ён накіроўвае нас да Закона “Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках”, у якім пасажырскі транспарт размежаваны на транспарт агульнага карыстання і іншыя аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у рэгулярных шляхах зносін. У пасажырскім транспарце агульнага карыстання дзейнічаюць усе ўсталяваныя льготы, а вось з другім відам перавозак усё складаней.

Лапцейкін звяртае ўвагу, што Закон “Аб дзяржаўных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян” артыкулам 19 прадугледжвае кампенсатарскі прынцып прадастаўлення ільгот. Гэта значыць што прадпрыемства возіць льготнікаў не бясплатна, бо панесеныя за аказанне гэтай паслугі страты мусяць пакрывацца з мясцовага ці рэспубліканскага бюджэту. У выпадку Брэста за льготнікаў разлічваецца сам горад. Але “ў пералік прадпрыемстваў, якія атрымліваюць субсідыі з гарадскога бюджэта на кампенсацыю выдаткаў за выкананую працу па перавозках пасажыраў у рэгулярных шляхах зносін, ІПТУП “АПП Шэтле”, што абслугоўвае камерцыйны маршрут №50, не ўваходзіць”,– чытаем у афіцыйным адказе першага намесніка старшыні гарвыканкама. Такім чынам названае прыватнае прадпрыемства, у адрозненне ад “Брэстгартранса”, не атрымлівае датацый на правоз ільготнікаў.

Ільготы, аднак, пэўны час прадпрыемства усё адно прадастаўляла, але пагаршэнне фінансава-эканамічнай сітуацыі прымусіла “АПП Шэтле” змяніць правілы гульні, пакінуўшы бясплатны праезд толькі для дзяцей да 7 год, ветэраннаў Вялікай Айчыннай вайны і воінаў-інтэрнацыялістаў.

Можна зразумець прыватніка, які не хоча аказваць паслугу проста так. Папрок “Ім што, шкада лішніх пару чалавек правезці?” гучыць несур’ёзна, асабліва калі ўспомніць, што нават аплата праезду па сённяшніх тарыфах заганяе перавозчыкаў у банкруцтва. Але чаму горад не выдаткоўвае грошай на субсідаванне льготнага праезду ў камерцыйных аўтобусах? Валерый Лапцейкін адказвае: “Перавозкі камерцыйным аўтобусам №50 арганізаваны ў накірунках, дзе забяспечваюцца аўтамабільныя перавозкі пасажыраў транспартам агульнага карыстання (аўтобусы, тралейбусы) з прадастаўленнем ільгот па аплаце праезду”.

Як ні круці, а пэўная дыскрымінацыя ў сітуацыі прасочваецца. У адных аўтобусах закон пра льготы дзейнічае, у другіх – не. Гэта значыць, што аднымі інвалідам карыстацца можна, у другія ўваход фактычна забаронены. Хаця хто сказаў, што людзям з абмежаванымі магчымасцямі ў нашым горадзе павінна быць камфортна?

 Іна ХОМІЧ. Брестский курьер