Школьны рыштунак – сапраўднае выпрабаванне для сямейнага бюджэту

15  Августа 2012 г.  в 10:32 : Бизнес, экономика, аналитика

Праз два тыдні адчыняцца школьныя дзверы і распачнецца навучальны год. Але першаму верасня папярэднічаюць грунтоўныя і даволі каштоўныя рыхтаванні. Школьны рыштунак – сапраўднае выпрабаванне для сямейнага бюджэту.

Прыйсці на школьны кірмаш шмат для каго з жыхароў Берасця – традыцыя. Штогод на гэтым месцы мамы і таты шукаюць сваім дзецям лепшага школьнага жыцця.

ЛЮБОЎ, ЖЫХАРКА БЕРАСЦЯ:
“Нам трэба партфель, таму прыйшлі за партфелем. Заадно – сшыткі, асадкі”.

Калісьці на кірмашы людзі куплялі ўсё не гледзячы, кажуць прадаўцы. Аднак леташні эканамічны абвал зрабіў папраўкі ў звычкі беларусаў.

ПРАДАВАЧКІ:
“Зараз бывае, што ў школе не ўсё і патрэбна, не ўсім карыстаюцца. Ужо бацькі глядзяць”.
“Баяцца ўсе коштаў, пужаюцца і ўцякаюць”.

І ёсць чаго пужацца.

ПАКУПНІЦА:
“Сарафанчык – 230 тысячаў, жакецік – 250, штаны – 170–200. А яшчэ плюс абутак”.

Апрануць, абуць і даць у рукі заплечнік са сшыткамі – выходзіць не менш за 1,5 мільёны на дзіця.

ПАКУПНІЦА:
“Яшчэ пойдзем у школу, і з 1 верасня пачнуцца астатнія школьныя паборы”.

Берасце – горад памежны. Таму людзі ездзяць на закупы ў Польшчу – там кошты ўдвая-ўтрая ніжэйшыя. Папулярныя і аўтобусныя шоп-туры ва Украіну.

СЯРГЕЙ БОЖЫК, БАЦЬКА ПЯЦЯРЫХ ДЗЯЦЕЙ:
“Вязуць масла, сыры туды, а адтуль прыязджаюць з вопраткаю, сшыткамі для дзетак, абуткам”.

У Сяргея пяцёра дзетак, з іх трое – школьнікі. Да 1 верасня сям’я пачала рыхтавацца яшчэ ўвесну. Напрыклад, сшыткі ўжо закупілі.

СЯРГЕЙ БОЖЫК, БАЦЬКА ПЯЦЯРЫХ ДЗЯЦЕЙ:
“Жонка паездзіла па крамах, па рынках, шукала, дзе танней. Бо ведалі, што кошты падымуцца, і адначасова купіць на ўсіх траіх будзе амаль немагчыма”.

Дзеці не толькі хутка растуць, у іх ёсць свой густ і свая мода. І ніхто не хоча выглядаць горш за аднакласнікаў. Так што рыхтуйма грошы, мамы і таты.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”