Зь Берасьця на фармаваньне акруговай камісіі скардзяцца ў Вярхоўны суд

16  Июля 2012 г.  в 18:54 : Политика, власть, оппозиция

Зь Берасьця на фармаваньне акруговай камісіі скардзяцца ў Вярхоўны судІніцыятары вылучэньня ў акруговую выбарчую камісію берасьцейскага каардынатара руху «За Свабоду» Дзяніса Турчаняка накіравалі скаргу ў Вярхоўны суд.

Скаргу ў Вярхоўны суд склалі пасьля таго, як 13 ліпеня Берасьцейскі абласны суд адмовіўся разглядаць справу пра яго няўключэньне ў акруговую выбарчую камісію. Суд аргумэнтаваў гэта тым, што пад скаргай падпісаліся ня ўсе з 13 ініцыятараў вылучэньня Дзяніса Турчаняка ў акруговую выбарчую камісію, а толькі 4.

Дзяніс Турчаняк: «Я абсалютна ня згодны з гэтым. Насамрэч, гэта парушае правы гэтых чатырох чалавек, кожны зь якіх пэрсанальна мае права абскарджваць незаконныя дзеяньні дзяржаўнага органу. І няма такой нормы заканадаўства, дзе калектыўна павінны ўсе менавіта падаваць скаргу, а калі хтосьці адзін ня можа, то абскарджваньня, атрымоўваецца, не адбываецца. Кожны пэрсанальна мае права абскарджваць. 34-ты артыкул Выбарчага кодэксу ўтрымлівае норму, дзе напісана, што суб’ектамі абскарджваньня зьяўляюцца грамадзяне, якія вылучылі свайго прадстаўніка ў камісію. Але ж там слова „ўсе“ няма, а абласны суд палічыў, што павінны быць усе.

А калі б за маё вылучэньне падпісаліся тысяча чалавек, то што, мне трэба было б за тры дні сабраць скаргі ў абласны суд ад усёй гэтай тысячы? А калі раптам за гэтыя тры дні зь іх памёр? То гэта значыць, што абскарджваньне ня можа адбыцца? Гэта ж абсурд! Таму гэта зараз і будзе прадметам разбіральніцтва ў Вярхоўным судзе».

Дзяніс Турчаняк кажа, што нават калі Вярхоўны суд прыме аргумэнты ініцыятараў яго вылучэньня, то патрапіць у гэтую камісію ў яго шанцаў усё роўна ня будзе. Бо скарга ў Вярхоўным судзе будзе разглядацца працяглы тэрмін, а акруговыя камісіі ўжо прыступаюць да працы. Тым ня меней, актывіст лічыць важным абскарджваць рашэньне абласнога суду. Ён кажа, што трэба стварыць прэцэндэнт, каб на наступных выбарах у судах ведалі, як трактаваць адпаведнае палажэньне Выбарчага кодэксу.

Калі Вярхоўны суд не абароніць пазыцыю ініцыятараў вылучэньня спадара Турчаняка, то яны маюць намер абскарджваць рашэньне ў Камітэце ААН па правах чалавека. 

Источник информации: http://www.svaboda.org