Победитель проекта ОНТ «Я пою!» Набиль Зарук: «Я хотел выиграть поездку для Саши Ларченко»

21  Марта 2012 г.  в 10:50 : Музыка, кино, музеи, выставки

Победитель проекта ОНТ «Я пою!» Набиль Зарук: «Я хотел выиграть поездку для Саши Ларченко»“Перамога наша!”, — так, думаецца, ускрыкнулі многія пружанцы, хто глядзеў у мінулую пятніцу фінал конкурсу телепраекта АНТ “Я пяю!”. Яго пераможцам стаў вучань 6 “Б” класа гімназіі г.Пружаны Набіль Зарук.

Мы сустрэліся з хлопчыкам, каб павіншаваць яго і распытаць, якім быў шлях да перамогі.

— Ну, што, Набіль, эмоцыі зашкальваюць?

— Ужо спакойна. Аднак, калі на заключным канцэрце аб’явілі, што я перамог, прызнаюся, чуць прытомнасць не страціў, ад уражанняў у нейкім шоку знаходзіўся.

— Можа, таму і галоўны прыз – паездку ў Дыснейлэнд аддаў?

— Я, як, дарэчы, і многія дзеці, што ўдзельнічалі ў тэлепраекце, з самага пачатку лічылі, што ў выніку перамогі прыз аддамо Сашцы Ларчанка. Я толькі таму і хацеў перамагчы, каб гэтая паездка дасталася ёй. Мы з Сашкай пасябравалі. Да ўсяго, яшчэ задоўга да фіналу яна зрабіла мне падарунак. Аддаўшы ёй свой прыз, думаю, я таксама не застаўся абавязаным.

— Набіль, твой шлях на конкурс у Мінску быў доўгім і цяжкім: адборачныя туры, якія ты з годнасцю вытрымаў і з дзвюх тысяч удзельнікаў увайшоў у дзясятку лепшых, пастаянныя паездкі ў Мінск… Аднак на канцэртах глядач бачыў зусім не канкурэнтаў, а сяброў. Так было задумана арганізатарамі ці сяброўская атмасфера сапраўды панавала сярод удзельнікаў?

— Я думаю, калі б нам нават сказалі паказаць шчырыя адносіны падчас выступленняў, мы не змаглі б так зрабіць, калі б не ішло гэта ад шчырага сэрца. Усё тое, што бачылі гледачы непасрэдна на канцэртах тэлепраекта “Я пяю!” і ў трансляцыі па тэлебачанні, было шчырым. Мы ўсе сябравалі і сапраўды перажывалі адзін за другога. А лепшым сябрам для мяне стаў Цімур Шушкоў.

— Многія, з кім даводзілася дзяліцца ўражаннямі пасля канцэртаў тэлепраекта, адзначалі асаблівыя пачуцці, з якімі ты выканаў песню Ігара Карнелюка “Я вярнуўся, мама”…

— Яе я прысвяціў самаму дарагому і блізкаму для мяне чалавеку – маме. З ёй я ўсім дзялюся, яна мяне заўсёды разумее. Таму, калі спяваю для яе, проста не магу спяваць дрэнна.

— Гэтую песню ты выканаў са сваімі братамі Карымам і Тарэкам. Табе яны дапамаглі?

— Вядома, гэта ж родныя людзі – сям’я!

— На канцэртах прагучалі пяць сольных песень, якія ты, Набіль, выканаў на рускай, беларускай, англійскай і італьянскай мовах. Некаторыя — з вядомымі выканаўцамі. З кім найбольш табе спадабалася спяваць?

— Разам з Наталляй Балдзінай і Ганнай Шалюцінай, з якімі я выканаў песню на англійскай мове. Песня складаная вакальна, і гэтыя цудоўныя спявачкі мне вельмі дапамаглі. А яшчэ яны сапраўды мяне падтрымлівалі, за што я вельмі ім удзячны.

— А складанасці былі?

Победитель проекта ОНТ «Я пою!» Набиль Зарук: «Я хотел выиграть поездку для Саши Ларченко»— Цяжка далася першая песня. Мы вучылі “Алесю”, але Анатоль Іванавіч Ярмоленка раптам сказаў: “Патрэбна — “Польку беларускую”. Давялося брацца за яе. Далёка не ўсё атрымлівалася і ў падрыхтоўцы да выступленняў з іншымі песнямі. Нас вучылі, папраўлялі, аднак на перамогу нікога не настройвалі.

— А якую з выкананых песень, ты, Набіль, лічыш самай моцнай? Якая прынесла табе поспех?

— Гэта сусветны хіт “Adagio” Альбіноні. Раней я развучваў яго з кіраўніком эстраднай студыі Пружанскага Палаца культуры Алёнай Лосевай. Маё ўменне ўдасканалілі сталічныя музыканты, харэографы і стылісты. Вось і вынік…

— Набіль, а хто дапамог табе развіць музыкальныя здольнасці? Каму найбольш абавязаны за гэта?

— Гэта, бясспрэчна, Алёна Анатольеўна Лосева, з якой я і раней займаўся ў Пружанах. Гэта вопытны спецыяліст, які ведае, як выхоўваць пачынаючых спевакоў і як дабівацца поспеху. Да ўсяго, робіць яна гэта бясплатна. Без Алёны Анатольеўны такога вакальнага ўзроўню, які маю зараз, я не здолеў бы дасягнуць.

— А калі заўважылі ў цябе пеўчыя здольнасці?

— У раннім дзяцінстве, і зноў жа – мама. Тады пачаў вучыцца на харавым аддзяленні дзіцячай школы мастацтваў і самастойна падбіраць мелодыі. Складаю іх і цяпер, але лічу яшчэ недасканалымі.

— І хоць ты, Набіль, падарыў свой галоўны прыз, з пустымі рукамі, як вядома, дамоў не вярнуўся…

— Усім удзельнікам тэлепраекта “Я пяю!” арганізатары падарылі нэтбукі і па аднаму з касцюмаў, у якіх давялося выступаць. І я лічу, што зрабілі гэта правільна, бо ўсе без выключэння ўдзельнікі тэлепраекта – пераможцы!

— Пасля такой важкай перамогі на тэлебачанні табе паступалі запрашэнні на ўдзел у іншых канцэртах?

— Ужо давялося выступіць перад работнікамі сталічнага прадпрыемства “Мілавіца”. Рыхтуюся да ўдзелу ў канцэрце Прэзідэнцкага аркестра 25 сакавіка. Будуць выконвацца класічныя творы ў рок-апрацоўцы. Я выступлю з песняй “Аdagio”.

— Набіль, а як ты думаеш: тваё жыццё цяпер зменіцца?

— Час пакажа…

Гутарыла Галіна Каляда. 

Источник информации: http://www.budni.by/