Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Калі ў Пружанах з'явіцца "лічба"?

3  Марта 2012 г.  в 20:00 : Брестская область

Алег Сідарэнка, Раённыя будні

"Год назад вялася гутарка аб будаўніцтве ў райцэнтры тэлевізійнай вежы для лічбавай трансляцыі тэлеканалаў на ўвесь раён. Я спецыяльна набыў патрэбную прыстаўку да тэлевізара, але ні ў мінулым годзе, ні сёлета ніякага сігналу яна не прымае. Які лёс напаткаў "лічбу"?" - пытаецца Міхаіл Апаляйчук з в.Калядзічы.

Адказвае галоўны інжынер Брэсцкага абласнога вузла радыёвяшчання і тэлебачання "Ракітніца" Л.Н.БАЧКОЎ:

— Такія планы былі, а вось ажыццявіць іх летась перашкодзілі вядомыя фінансавыя цяжкасці. Але іх ніхто не адмяняў, і ў бягучым годзе будуць прыкладзены ўсе намаганні для ўзвядзення вежы. Мяркуем, што гэта адбудзецца не пазней восені.

Пры гэтым хачу зазначыць, што ў Пружанах даўнавата ўстаноўлена на даху аднаго з будынкаў завода радыёдэталей міні-вежа, якая ажыццяўляе трансляцыю ў "лічбе" сямі тэлеканалаў сацыяльнага пакета. Дзякуючы ёй з дапамогай спецыяльнай прыстаўкі, а ў новых мадэлях тэлевізараў яна ёсць адразу, праграмы АНТ, Беларусь 1 і 2, СТБ, Мір, НТВ-Беларусь і РТР-Беларусь жыхары горада могуць глядзець у высокай якасці. Вышыня гэтага ўстройства дазваляе прымаць сігнал і блізкім населеным пунктам, у тым ліку, па нашых падліках, і ў вёсцы Калядзічы.

Акрамя таго, пасля будаўніцтва запланаванай вежы і пасля заключэння адпаведных пагадненняў з раённым вузлом электрасувязі жыхары сельскай мясцовасці змогуць глядзець тэлеканалы інтэрактыўнага тэлебачання.