Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках Viber Виртуального Бреста

Брэсцкі мясакамбінат імкнецца да лідарства ў галіне…

1 26  Октября 2011 г.  в 22:56, показов: 2393 : Бизнес, экономика, аналитика

Читать полностью в источнике с фото: https://virtualbrest.by/news11910.php

Брэсцкі мясакамбінат імкнецца да лідарства ў галіне…

1. Прынцыпы Паўла Бухавецкага
 
Упэўнены: няма такога чалавека ў вобласці, які не ведаў бы прадукцыі Брэсцкага мясакамбіната. Смачна, якасна, даступна! А пра адносіны да сваіх пакупнікоў лепш за ўсё гаворыць фірменны слоган: “З любоўю і клопатам да вашага стала”.
 
Для таго, каб на нашым стале заўсёды былі свежыя мясныя далікатэсы, працуе больш чым тысяча чалавек. Узначальвае прадпрыемства энергічны, у меру амбіцыйны і, зыходзячы з дасягненняў завода, таленавіты кіраўнік. Быццам апярэджваючы наша лагічнае пытанне пра сакрэт поспеху, дырэктар Брэсцкага мясакамбіната Павел Бухавецкі запэўнівае, што ніякіх сакрэтаў тут няма.
 
Самы малады кіраўнік галіны рашуча і апраўдана прэтэндуе на званне дырэктара лепшага мясакамбіната краіны. Для гэтага Павел Бухавецкі не шкадуе ні сіл, ні сродкаў, а зладжаная каманда прафесіяналаў падтрымлівае лідара. Таму зусім невыпадкова сёлета па рашэнні аблвыканкама ён стаў “Чалавекам года” ў галіне эканомікі і фінансаў.
 
– Козырам маладога кіраўніка з’яўляецца жаданне даказаць сваю грунтоўнасць, – лічыць Павел Бухавецкі. – Для мяне вельмі важна, каб Брэсцкі мясакамбінат стаў лепшым у краіне, а патэнцыял для гэтага ёсць. Не было яшчэ месяца, каб чагосьці не будавалі на тэрыторыі завода, таксама ўвесь час удасканальваем вытворчы працэс, заваёўваем новыя рынкі. Мы не арыентуемся толькі на наш рэгіён: прадукцыю Брэсцкага мясакамбіната можна купіць па ўсёй краіне. Асабліва радуе, што атрымалася выйсці на сталічны рынак: пастаўкі ў Мінск выраслі з 15 да 500 тон у месяц. Увогуле, рэнтабельнасць вытворчасці на працягу апошніх некалькіх год апярэджвае яе ўзровень па краіне.
 
Кіруе буйным прадпрыемствам Павел Якаўлевіч адносна нядаўна – няпоўных 5 гадоў. Дагэтуль працаваў на прадпрыемстве “Савушкін прадукт”, дзе, па яго меркаванні, атрымаў бясцэнны вопыт – навучыўся слухаць парады калег, а таксама кіравацца сваімі мэтамі і прымаць самастойныя рашэнні.
 
Яшчэ, па словах Паўла Бухавецкага, вельмі важна чуць пакупніка і ведаць, чаго ён хоча. Увесь час неабходна песціць навінкамі. А для таго, каб радаваць спажыўцоў новымі смачнымі вырабамі, працуе служба тэхнолагаў. Абаяльныя жанчыны ахвотна расказалі нам, што за новымі рэцэптамі яны ездзяць на разнастайныя выставы і міжнародныя семінары. Толькі вось сваімі сакрэтамі не падзяліліся – і, зразумела, чаму. Што ж, будзем чакаць, калі чарговая навінка трапіць у продаж.
 
– Для таго, каб пачаць “чараваць” над новай рэцэптурай, часам прыходзіцца наведаць не адну выставу, даведацца, што новага прыдумалі калегі за мяжой, – расказвае начальнік бюро па распрацоўцы новых відаў прадукцыі Наталля Маліноўская. – Шмат залежыць і ад рабочых. Вядома, цяжкую працу выконваюць мужчыны, аднак самую карпатлівую давяраюць толькі жаночым рукам.
 
Нават недасведчаныя ведаюць: мала зрабіць якасны прадукт – неабходна яго яшчэ прадаць. Для гэтага на мясакамбінаце працуюць крэатыўныя маладыя маркетолагі.
 
– Адным прадуманым маркетынгам пакупніка не ўтрымаць, – сцвярджае начальнік маркетынгавага аддзела Максім Бугаёў. – Так, напрыклад, на расійскім рынку наша прадукцыя ўступае па ўпакоўцы, аднак беларуская якасць ужо стала брэндам. Брэсцкія каўбасы і паўфабрыкаты ідуць на “ўра”. Спажыўцам сёння прапануем больш чым 200 найменняў прадукцыі. Зараз працуем над скарачэннем прайс-ліста і стварэннем ідэальнай асартыментнай матрыцы, якая дазволіць захаваць баланс паміж інтарэсамі пакупнікоў і вытворцы.
 
Важна не толькі дасягнуць поспеху, але і захаваць яго. Для таго, каб быць на лідзіруючых пазіцыях, брэсцкія спецыялісты шукаюць новыя ідэі. Адной з самых цікавых, якая змяніла стэрэатып аб пельменях, стала стварэнне “Мясных падушачак” – пельменяў квадратнай формы. Спецыяльна для іх вытворчасці была набыта італьянская лінія. А для таго, каб улічыць перавагі розных узроставых груп насельніцтва, распрацавана лінейка розных смакаў.
 
Ну, і хто ж не смакаваў “Доктарскую”, “Малочную”, “Эстонскую” ці “Свіную” каўбасы? А рулеты, каркоўкі, грудзінкі, бекон ад Брэсцкага мясакамбіната наўрад ці пакінулі кагосьці абыякавым. Шырокі асартымент прадукцыі прадстаўлены не толькі ў гандлёвых структурах краіны, але ў фірменных магазінах Брэста “Верас”, “Консум”, “Ян”.
 
Усіх узнагарод, якія атрымала прадукцыя камбіната за сваю якасць, і не пералічыць. Асабліва хацелася б вылучыць прэмію Урада краіны, якой прадпрыемства было ўзнагароджана аж двойчы. Розных дыпломаў і ўзнагарод у кабінеце дырэктара шмат, але неяк незвычайна было ўбачыць у адміністрацыйным інтэр’еры іконы. Павел Якаўлевіч патлумачыў: “У каго ў душы няма Бога, у тым пасяляецца зло”. Добрыя прынцыпы людскасці ва ўзаемаадносінах паміж работнікамі пануюць ва ўсім калектыве. Магчыма, гэта звязана яшчэ і з незвычайным месцазнаходжаннем завода.
 
Брэсцкі мясакамбінат размешчаны на тэрыторыі Форта №7, дзе яшчэ да рэвалюцыі былі пабудаваны склады для захоўвання правіянцкіх запасаў ваеннага ведамства. Мясакамбінат стварылі на базе былога прыватнага польскага забойнага прадпрыемства. Гэта, безумоўна, слаўная гісторыя, аднак сучаснаму прадпрыемству яна стварае нямала клопатаў. Месца для росту катастрафічна не хапае. А яшчэ і глеба ўтрымлівае нямала сюрпрызаў ваеннага часу. Мы ўвачавідкі змаглі пераканацца ў гэтым падчас экскурсіі па тэрыторыі. Тым не менш тут рацыянальна выкарыстоўваюць кожны метр.
 
2. Грандыёзныя метамарфозы
 
Што і казаць, тэрыторыя мясакамбіната стала сапраўднай арэнай для грандыёзных метамарфоз. Сёння на 25 гектарах вядзецца будаўніцтва 15 аб’ектаў. Месяц таму ў строй было ўведзена сучаснае тэрмічнае аддзяленне, поўным ходам ідуць работы па расшырэнні каўбаснага цэха. Годам раней запусцілі новую кацельню – яна дазволіла зэканоміць да 15 працэнтаў газу. Да свайго лагічнага завяршэння набліжаецца і мадэрнізацыя забойнага ўчастка. Яго адметнасцю стане сучасная нямецкая лінія коштам 1,5 мільёна еўра.
 
Асаблівай гордасцю завадчан лічыцца лабараторыя з унікальным абсталяваннем. Цяпер аналізы сыравіны можна рабіць на месцы без істотнага адрыву ад вытворчасці. Словам, хутка і эфектыўна!
 
Здаецца, на прадпрыемстве даўно зразумелі простую ісціну: зусім не абавязкова прыстасоўвацца да сітуацыі, якая склалася, калі можна ў корані яе памяняць. Пасля свайго назначэння на пасаду мэтанакіраваны дырэктар Павел Бухавецкі менавіта гэтым і заняўся. Па яго ініцыятыве пачалася рэканструкцыя фірмавага магазіна “Консум”. Вынік пераўзышоў усе чаканні: тавараабарот абноўленага гандлёвага аб’екта павялічыўся ў 7(!) разоў.
 
Спіс маштабных пераўтварэнняў папоўнілі спартыўная зала з сучаснымі трэнажорамі і тэнісным сталом, пакой для адпачынку, медыцынскі кабінет, лазня і басейн.
 
Кадравая стратэгія таксама змянілася да непазнавальнасці. Людзі атрымалі магчымасць самастойна вызначаць свой шлях, сваю ролю ў працэсе вытворчасці, а прынцып “хто больш працуе, той і больш зарабляе” павысіў інтарэс да агульнай справы. Пасля яго ўкаранення прадукцыйнасць працы, напрыклад, у сыравінным аддзяленні ўзрасла аж на 30 працэнтаў.
 
Дарэчы, нюансам і тонкасцям вядзення кадравай палітыкі Павел Бухавецкі вучыўся ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Сёння ён небезвынікова практыкуе самыя эфектыўныя з іх.
 
– Мудрага кіраўніка адрознівае ўменне шукаць падыходы да кожнага свайго падапечнага, – дзеліцца Павел Якаўлевіч. – Каб згуртаваць людзей, варта дакладна ведаць, што для іх з’яўляецца стымулам у працы: пуга ці пернік. Па асаблівасцях свайго характару аддаю перавагу апошняму, але дысцыпліна і кантроль на прадпрыемстве павінны быць. Вядома ж, без фанатызму і ў межах разумнага…
 
На Брэсцкім мясакамбінаце цудоўна ўжываюцца і вопытныя кансерватары з ліку старэйшага пакалення, і маладыя эксперыментатары. Раўнавага паміж першымі і апошнімі, дарэчы, спрыяе максімальна выгаднаму ажыццяўленню новых ідэй і задум. І ўсё ж большасць падраздзяленняў на прадпрыемстве ўзначальвае менавіта моладзь.
 
Чаму? Аднойчы Павел Бухавецкі прапанаваў камандзе рашыць задачку з падручніка па матэматыцы за другі клас свайго сына. Не справіўся ніхто. Парадокс? Але ён цалкам матывуе пазіцыю дырэктара наконт прадстаўнікоў новага пакалення: ужо ў школе дзяцей вучаць мысліць нетрадыцыйна, і, калі надалей падмацоўваць гэты талент, можна атрымаць сапраўднага прафесіянала.
 
Дарэчы, у плане выхавання ўласных кадраў тут даўно існуе цэлая сістэма. “Купляць” гатовых спецыялістаў на камбінаце не звыклі: дорага ды і, маўляў, калі мы купілі, іншыя таксама змогуць сабе гэта дазволіць. А ў рынкавых умовах “суперэксклюзіў” можна знайсці толькі пасля дэтальнага вывучэння кан’юнктуры. Дасведчаныя эксперты асабіста наведваюцца ў ВНУ краіны і выбіраюць для сябе самых адказных і старанных студэнтаў. Акрамя годнай зарплаты, добрых умоў працы, іншагароднім прапануюць месца ў інтэрнаце. Бясспрэчна, аптымальны варыянт, выстаяць супраць якога вельмі цяжка!
 
Былыя выпускнікі з Баранавіч, Пінска, Мінска і, вядома ж, Брэста ахвотна спасцігаюць практычны бок прафесіі менавіта тут. Яны навучаюцца ў працэсе вытворчасці пад пільным наглядам сваіх вопытных калег. І, што не менш важна для навічкоў, асаблівая ўвага на прадпрыемстве ўдзяляецца адаптацыі ў калектыве і фарміраванню карпаратыўнага духу.
 
Арыентацыя на пакупніка і павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці вымагаюць максімальнай засяроджанасці на ўсіх этапах дзейнасці. Адсюль – і цалкам лагічнае патрабаванне кіраўніцтва да падначаленых: кожны павінен займацца сваёй справай і не дубліраваць калег. Для аптымізацыі працэсу нават прыйшлося рэарганізаваць аддзел маркетынгу і збыту. Ён раздзяліўся на тры асобныя сектары: маркетынгу, продажу і знешнеэканамічнай дзейнасці. Аднак абавязкаў у кожнага з бакоў зусім не зменшылася.
 
Ды час, праведзены ў вытворчых клопатах, пераважна радуе, таму не прыходзіцца задумвацца пра змену месца работы. Дружную каманду трымае ў сценах прадпрыемства і любоў да агульнай справы, і перспектывы хуткага кар’ернага росту. Тым больш, што ёсць куды расці і развівацца!
 
Падобная гісторыя ў Наталлі Маліноўскай, якая ўзначальвае бюро па вытворчасці новых відаў прадукцыі. Пяць гадоў таму маладзенькая віцяблянка размеркавалася на мясакамбінат інжынерам-тэхнолагам. За час адпрацоўкі Наталля настолькі моцна ўлюбілася ў горад, настолькі прывязалася да сваёй камбінацкай сям’і, што не змагла развітацца з дарагімі сэрцу рэчамі і людзьмі. Спрытная працаўніца на справе даказала: ёй сапраўды можна давяраць, а дадатковая адказнасць абавязкова перарасце ў бясцэнны вопыт.
 
Клопаты пра сваіх пакупнікоў, новыя мясныя далікатэсы, мадэрнізацыя вытворчасці і ўмелае кіраўніцтва і ёсць тыя самыя “кіты”, на якіх моцна трымаецца Брэсцкі мясакамбінат. Ні час, ні зменлівыя густы спажыўцоў не пахіснуць гэты падмурак, бо ён скрозь насычаны неверагоднай працавітасцю, цярпеннем і любоўю да сваёй справы. І няма тут ніякага сакрэту! Ці ёсць?..
 
Уладзімір СІТУХА, “НТ”, Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”, Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”. Фота Аляксея ГАНЧУКА, “НТ”.

 

Ждите загрузки ссылки для показа изображений!

Источник информации: http://www.tribune.by

Система Orphus


Комментарии доступны только для
зарегистрированных пользователей сайта


s0er 2011-10-27 17:11
4-я фотка очень красивая  =)

0


Страницы: [1]