3 верасня бягучага года адбылася сустрэча студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта з кандыдатам тэхнічных навук Аляксандрам Аляксандравічам Карскім (на фотаздымку злева) – праўнукам выдатнага беларускага вучонага філолага і гісторыка, этнографа і фалькларыста Яфіма Фёдаравіча Карскага.
Арганізатарамі сустрэчы былі Брэсцкая абласная бібліятэка імя А.М. Горкага і кафедра гісторыі славянскіх народаў нашай навучальнай установы. Прыезд госця з Санкт-Пецяргурга на Берасцейшчыну быў звязаны са святкаваннем Дзён беларускага пісьменства ў горадзе Ганцавічы.
Аляксандр Аляксандравіч даўно займаецца даследаваннем жыцця і творчасці свайго слыннага прадзеда. У гэтым накірунку ён зрабіў многа цікавых адкрыццяў і знаходак. У прыватнасці, з яго дапамогай была знойдзена магіла бацькі Яфіма Карскага Фёдара Навіцкага, які на схіле свайго жыцця служыў дыяканам у царкве вёскі Будча сённяшняга Ганцавіцкага раёна.
Аляксандр Аляксандравіч пазнаёміў прысутных са шматлікімі фотаздымкамі сям’і Карскіх, зачытаў вытрымкі са сваіх артыкулаў і кніг, адказаў на пытанні.
На сустрэчы выступілі прарэктар па навуковай працы і эканоміцы, кандыдат гістарычных навук У.В. Здановіч і загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў, доктар гістарычных навук А.М. Вабішчэвіч.