Свята музыкі і паэзіі ў сярэдняй школе № 12 г. Брэста імя К.Л.Губарэвіча

19  Марта 2019 г.  в 09:11 : Фотофакт

У сярэдняй школе № 12 г. Брэста імя К.Л.Губарэвіча надаюць вялікую ўвагу вучням, жадаючым далучыцца да музычнага, тэатральнага, харэаграфічнага мастацтва. У школе імкнуцца выявіць і развіць у дзяцей музычныя здольнасці, закладзеныя ім самой прыродай. Варта дабавіць, што сама навучальная ўстанова забяспечана ўсім неабходным для такіх заняткаў. Таму не дзіва, што ў нас, выкладчыкаў музыкі, з дапамогай вучняў розных гадоў навучання і розных узроўняў навучанасці ёсць магчымасць праводзіць сольныя канцэрты перад нашымі школьнікамі ды гасцямі школы.

Свята музыкі і паэзіі ў сярэдняй школе № 12 г. Брэста імя К.Л.Губарэвіча

Мэта такіх канцэртаў – прывіць дзецям цікавасць да музыкі наогул, запаліць у іхніх душах любоў да цудоўнага роду мастацтва, у якім думкі, пачуцці і перажыванні выражаюцца рытмічна арганізаванымі гукамі, зацікавіць мелодыкай і хараством гучання, ствараемага на розных музычных інструментах, пазнаёміць з разнастайным рэпертуарам кампазітараў, як класікаў, так і сучасных беларускіх і замежных стваральнікаў непаўторнай музыкі для піяністаў, баяністаў, скрыпачоў, гітарыстаў, саксафаністаў, флейтыстаў. Але самая галоўная наша задача – даць магчымасць выканаўцу таго ці іншага твора адчуць сябе артыстам, перажыць сваю “хвілінку славы”, імгненне ўзлёту душы і прызнанне людзьмі ягонага таленту.

Свята музыкі і паэзіі ў сярэдняй школе № 12 г. Брэста імя К.Л.Губарэвіча

Як правіла, такія канцэрты вельмі стымулююць дзяцей да вучобы і працы над сабой, дапамагаюць нам далучаць іх да прыгожага мастацтва, да творчага працэсу. Мы, арганізатары падобных мерапрыемстваў, са свайго боку стараемся разнастаіць праграму і ўпрыгожыць сольныя канцэрты святочнай прэзентацыяй, цікавымі звесткамі пра лёс кампазітараў, пра нараджэнне п’есы, песні, якую выконвае наш вучань.

Так, у пачатук сакавіка бягучага года адбыўся чарговы канцэрт Аляксандры Лебядзьковай (5-ы год навучання ў класе фартэпіяна). На канцэрт былі запрошаны вучні пачатковых класаў. А каб шырэй і бліжэй пазнаёміць іх не толькі з музыкай, але і з роднай беларускай мовай, мы запрасілі вядомую брэсцкую паэтэсу і пісьменніцу Надзею Парчук, Сашыну бабулю, якая піша па-беларуску. Гэтыя дзве творчыя роднасныя душы падарылі нашым вучням сапраўднае свята музыкі і паэзіі.

“Я ўсё думала, як адшукаць, / Дзе знайсці мне адзіныя словы, / Каб з любоўю сардэчнай сказаць / Пры сустрэчы ў час нашай размовы…” – з такім нечаканым прызнаннем звярнулася паэтэса да дзяцей і тут жа прадоўжыла:

Свята музыкі і паэзіі ў сярэдняй школе № 12 г. Брэста імя К.Л.Губарэвіча

Як убачыла вас я, сябры, –

Патанула у позірках чыстых

Вашых добрых вачэй прамяністых

І магу гаварыць да зары…

Мне цяпер сваіх слоў не стрымаць –

Неяк самі ірвуцца на волю...

Божа, дай вам шчаслівую долю,

Навучы гэты свет шанаваць!

Надзея Мікалаеўна сваімі светлымі, мілымі вершамі, казкамі, напісанымі спецыяльна для вучняў малодшых класаў, цікавымі загадкамі, шчырымі пажаданнямі значна ўпрыгожыла і разнастаіла святочную атмасферу ў актавай зале. Чароўныя мелодыі музыкі чаргаваліся і пераліваліся з чыстым гучаннем звонкай беларускай мовы. Наша госця на дзіва артыстычна дэкламіравала то адзін цікавы твор, то другі; расказвала дзецям то пра бусліка, які пасля доўгага вандравання з радасцю вярнуўся на радзіму з далёкага паўднёвага краю, то пра дзядулю, які ранняй вясной шчыра вітаўся з птушкай, сімвалам Беларусі, то распавядала пра пеўніка-разбойніка:

На падворку бабы Наты

Ходзіць певень барадаты.

Чуб каронаю гарыць,

Хвост на сонцы зіхаціць,

Сам сабою – ганарлівы

І не любіць палахлівых.

А калі ўжо карацей:

Ох, не любіць ён дзяцей!..

Сярод усяго прачытанага прагучалі і такія павучальныя словы:

Беражлівасці вучыцца

Заклікаю вас, сябры,

Каб струменілі крыніцы

Ля азёраў і ў бары.

Паразвешвайце кармушкі

Ў родным садзе за акном –

Хай зімой гасцююць птушкі,

Хай дзяўбуць ахвотна корм.

Не забруджвайце прыроду,

Не ламайце ў парках дрэў,

Каб вярталіся штогоду,

Птушкі й ладзілі свой спеў…

Побач са сцэнай актавай залы была аформлена выстава кніг, выдадзеных Надзеяй Парчук.

Свята музыкі і паэзіі ў сярэдняй школе № 12 г. Брэста імя К.Л.Губарэвіча

Пасля завяршэння канцэртнай праграмы госця і юная піяністка атрымалі ад удзячных вучняў ды арганізатараў мерапрыемства кветкі і салодкія падарункі.

Автор: Ірына ЛУКАШУК