Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Краязнаўца – пра Берасце: «Трэба нарэшце скончыць гэтую вайну»

23  Декабря 2018 г.  в 10:35 : Виртуальная экскурсия

Пагаварылі з берасцейскім краязнаўцам пра тое, навошта турысту ісці ў крэпасць, што паказаць акрамя яе і што значыць быць берасцейцам.

Краязнаўца – пра Берасце: «Трэба нарэшце скончыць гэтую вайну»

Герой: Іван Чайчыц, 40 гадоў. Краязнаўца. Слесар па прафесіі, гісторык і экскурсавод па пакліканні. Вывучае берасцейскія некропалі. Аўтар выставы пасмяротных фатаграфій з сямейных альбомаў жыхароў Берасцейшчыны. Распрацаваў экскурсію па былой Берасцейскай турме. Суаўтар кнігі, прысвечанай надпісам на сценах Берасцейскай крэпасці (рыхтуецца да выдання).

Краязнаўца – пра Берасце: «Трэба нарэшце скончыць гэтую вайну»

Якім Берасце прыйшло да 1000-годдзя

– У 2019 годзе збіраюцца афіцыйна святкаваць 1000-годдзе Берасця. Напярэдадні юбілею я назіраю, наколькі памяняліся прыярытэты нашага горада. З’явіліся вялікі будынак абласной пракуратуры, будынак дома правасуддзя, новы будынак міністэрства па падатках і зборах. Прыярытэты сышлі ад захавання культуры, спадчыны. Я не кажу, што гэтыя будынкі не патрэбныя, але дзе наша канцэртная зала? І гарадскі сад?

Па-мойму, была інфармацыя, што на падрыхтоўку да 1000-годдзя нам выдалі крэдыт (пастановай Саўміна № 270 ад 10 красавіка 2018 Берасцю далі крэдыт на 20 млн рублёў. – заўв. 34). Горад, які даў краіне людзей, гістарычныя падзеі, у дадзены момант пералічвае ў бюджэт каласальныя сродкі – чыгунка, аўтадарога, мытня, Свабодная эканамічная зона – атрымлівае грошы на святкаванне ў крэдыт? Якая, мякка кажучы, непавага…

«Сёння нам не патрэбна ніякая вайна, якая знішчыць Берасце, – яго знішчаць самі жыхары гэтага горада»

Пасля Першай сусветнай вайны горад, лічы, адсутнічаў. Людзі жылі ў зямлянках, падвалах ледзь не да 30-х гадоў, горад вельмі павольна аднаўляўся. Тое, чым сёння ўсе захапляюцца – я кажу пра цэнтр горада, – было пабудавана ў міжваенны перыяд, пры Польшчы. Тады архітэктара выбіралі. Людзі дасылалі з усёй дзяржавы сваё рэзюмэ: якая адукацыя, што пабудаваў, што ўмееш будаваць. На аснове гэтага дэпутаты выбіралі чалавека, якому прызначалася зарплата, і тады ён прыступаў да сваіх абавязкаў.

Сёння нам не патрэбна ніякая вайна, якая знішчыць Берасце, – яго знішчаць самі жыхары гэтага горада, якіх ніхто не выбіраў на пасаду архітэктара. Іх прызначылі, і ім на наш горад, такое адчуванне, напляваць. У горадзе ўсё менш застаецца таго, што можна паказаць турыстам.

Калі ў панядзелак а 9-й раніцы я яшчэ бачу будынак, яго абносяць плотам, а ў сераду будынка ўжо няма, гэта наводзіць на думку: «А куды вы так спяшаліся?» І што там будзе? Чарговы гандлёва-забаўляльны комплекс? Сумна. «Бязвіз» на танках ужо не патрэбны – самі спакойна ўсе раздзяўбем.

Нават людзям, якія не звязаныя з гэтай тэмай, простым абывацелям, відаць, што будынкі даводзяцца да аварыйнага стану. А потым які-небудзь «бомж» няўдала пакурыў – і ой.

Краязнаўца – пра Берасце: «Трэба нарэшце скончыць гэтую вайну»

«Трэба нарэшце скончыць гэтую вайну. Ніхто ж не кажа, што не перамаглі, але гэта было ў 45-м годзе»

Што каштоўней – Берасце ці крэпасць?

– Ужо нагнала аскому: Берасце – гэта чэрвень 1941-га… Цяпер пачнецца 1000-годдзе, а мы з кожнага праса будзем чуць пра перамогу. Трэба нарэшце скончыць гэтую вайну. Ніхто ж не кажа, што не перамаглі, але гэта было ў 45-м годзе. У нас атрымліваецца, як у анекдоце. Кароткая гісторыя Рэспублікі Беларусь: вымерлі маманты, перамаглі Гітлера, выбралі прэзідэнта.

Нам навязалі, што горад – гэта прыдатак крэпасці. Вось, маўляў, арганізм, а гэта – апендыкс. Наогул усё не так. Жадаеш прачуць душу горада – ідзі ў крэпасць, там быў стары горад. А хочаш паслухаць, як б’ецца сэрца гэтага горада, – спыніся на Савецкай вуліцы: там цалуюцца, там музыка, там дзеці, тут веласіпедыст ледзь не збіў, тут кавярня, тут хтосьці перагарам дыхнуў. У нашага горада жывое сэрца.

Сярод тых, хто прыязджае ў Берасцейскую крэпасць, 95% глядзіць на яе як на аб'ект, дзе штосьці адбылося ў 1941 годзе, то-бок падчас Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ невялікі адсотак ведае шырэй, пра Другую сусветную вайну – пра польскую абарону, напрыклад. Калі хтосьці ведае пра абарону 1915 года – малайчынка.

Хтосьці глядзіць на крэпасць выключна як на аб'ект фартыфікацыі. А хтосьці – як на месца, дзе калісьці быў стары горад. На тэрыторыі крэпасці застаўся апошні сведка Берасця – руіны Бернардынскага манастыра.

Мы з сябрамі на гэты ваенны аб'ект паглядзелі пад іншым вуглом. Мы даўно займаемся вывучэннем графіці і надпісаў на сценах Берасцейскай крэпасці. Было выяўлена больш за 500 надпісаў, з іх каля 200 прадстаўляюць сур'ёзную цікавасць. Гэта імёны, прозвішчы, прыказкі і прымаўкі, даты, пакінутыя салдатамі Расійскай імперыі, войска польскага, савецкага войска. Мы сабралі ўсё ў кнігу, яна рыхтуецца да выдання. І на аснове адных толькі надпісаў можна правесці ўнікальную экскурсію.

Краязнаўца – пра Берасце: «Трэба нарэшце скончыць гэтую вайну»

Што цікавіць турыстаў у Берасці

– Мяне аднойчы спыталі: «Што вы пакажаце ў Берасці чалавеку, які ніколі раней тут не быў?» Мы не курортны горад, мы не Мека – у нас няма святынь. У нас па сутнасці і горада няма, адны ўспаміны. Я шчыра адказаў: «Мне няма чаго паказаць». Вядома ж, я буду распінацца – мне даводзілася распавядаць пра наш выдатны горад і ангельцам, і палякам, і немцам, і расейцам, і ўкраінцам. Прычым распавядаць так, каб чалавек закахаўся ў гэты горад так, як я. Але чым здзівіць?

Людзі хочуць пазнаць жывую гісторыю гэтага горада. Калі прыязджаюць жыхары Ізраіля, зразумела, іх цікавіць усё, што звязана са знакамітымі выхадцамі Берасця ці сваякамі-габрэямі. Палякам цікава дазнацца, што захавалася ў міжваенны перыяд. Расейцам таксама падабаецца, калі ім распавядаюць не толькі пра крэпасць.

Краязнаўца – пра Берасце: «Трэба нарэшце скончыць гэтую вайну»

«Я лічу, што некропаль – гэта твар горада. І ён у нас не вельмі прыгожы»

Навошта весці турыстаў у турму і на могілкі

– У мяне ёсць гатовая экскурсія па Берасцейскай турме. У Беларусі пакуль няма такога месца. У Берасці можна ўбачыць не проста сцены турмы. Там захаваліся арыгінальныя рашоткі, надпісы, выключальнікі, дзверы. І, вядома, атмасфера. Можна паказаць месца, дзе здзяйсняліся расстрэлы, распавесці, як гэта адбывалася.

З гэтага месца пачаўся Халакост на тэрыторыях, якія захопліваў Вермахт. У 1941 годзе тут сядзеў будучы кардынал рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі Казімір Свёнтэк. Ён пакінуў успаміны і асабіста распавядаў, што з акна, дзе ён чакаў прысуду, бачыў Мухавец. Калі ЦРУ ЗША рассакрэціла дакументы і выклала іх у агульны доступ, мы, берасцейцы, з вялікай цікавасцю з імі азнаёміліся. Ёсць падрабязны план, хто дзе сядзеў. Прапаведнік Лука Дзёкуць-МалейПётр КацельнікаўПётр Клыпа – яны ўсё ў гэтай турме сядзелі.

Турма не можа быць нейкай добрай гісторыяй, яна першапачаткова прадугледжвае штосьці цяжкае. Але гэта па сутнасці гатовы турыстычны аб'ект. Я магу аддаць свае напрацоўкі, маршруты – і за «дзякуй» згодзен. Зрабіце экскурсіі, і я сам буду сябрам рэкамендаваць.

Даўно цікавіць мяне некрапалістыка. Я лічу, што некропаль – гэта твар горада. І ён у нас не вельмі прыгожы. Мне сорамна за стан нашых могільнікаў. Я разумею, што там і арганізацыі працуюць, і валанцёры ўборку робяць, і вайскоўцы – усе малайчынкі, але відаць, што помнікі разбураюцца, дрэвы на іх валяцца. А захаваць ёсць што. На каталіцкім некропалі я знайшоў помнік, на якім напісана: «Марыя Ганна з князёў Радзівілаў». Думаю: «Нішто сабе, Радзівілы ў Берасці». Напісаў у Нясвіж навуковаму супрацоўніку. Маўляў, якая ёсць інфармацыя пра Марыю Ганну з роду Радзівілаў, першы тытул – графіня Бнінска, другі – Баяроўска, нарадзілася вось такога, памерла вось такога. Мне адказалі: «Так, ёсць такая». І што атрымліваецца: гэта адзінае вядомае пахаванне Радзівілаў у Беларусі па-за Нясвіжам. Марыя Ганна дзядзьку даглядала ў Чарнаўчыцах. Яна – нашчадак Мікалая Радзівіла Чорнага. А ён вядомы тым, што стварыў друкарню, дзе выдалі знакамітую Берасцейскую Біблію.

Яшчэ там ёсць помнік 17-летняй дзяўчынцы з прыгожай скульптурай Маці Божай. І вось якая гісторыя. Жыў у Варшаве скульптар Тэадор Сканечны. Ён удзельнічаў у шматлікіх конкурсах, выставах, вырабляў ляпніну для культавых пабудоў, рабіў бюсты, у тым ліку Адама Міцкевіча. У свой час ён быў досыць папулярны чалавек. І падзарабляў надмагільнай скульптурай. Усе яго працы былі непаўторнымі, непадобнымі адна да другой. І ўявіце, што ў нашым «музеі пад адкрытым небам» можна ўбачыць помнік працы Тэадора Сканечнага. Гэта рэальная каштоўнасць. Калекцыянеры ў Польшчы пра гэта, напэўна, і не ведаюць, хоць і шукаюць яго працы па розных гарадах.

На Трышынскім некропалі ў нас ёсць магіла Барона Таўбэ, ён піўны заводзік трымаў. Паэта Міколы Засіма, мастакоў, вайскоўцаў.

Краязнаўца – пра Берасце: «Трэба нарэшце скончыць гэтую вайну»

Самая незвычайная экскурсія па Берасці

– Берасце – горад сцягоў! Я вам гэта давяду. Берасце заўсёды быў дыпламатычным горадам. У ім вырашаліся такія лёсы! Будучая Грунвальдская бітва тут планавалася, у Берасце быў падпісаны Брэст-Літоўскі мірны дагавор. А колькі ў нас консульстваў, дыпламатычных прадстаўніцтваў…

Сёлета святкавалі 100-годдзе БНР, і на плошчы Свабоды луналі бела-чырвона-белыя сцягі – плошча сапраўды была вольная ад забабонаў. Але і гэта яшчэ не ўсё. Увойдзе ў гісторыю дзень, калі берасцейцы пад сцягамі анархістаў прайшлі па вуліцах горада (у сакавіку 2017-га анархісты ўзначалілі акцыю супраць дэкрэту пра дармаедства. – 34mag). Як чалавек, які вывучае гісторыю горада, я ўжо тады зразумеў, што адбываецца гістарычная падзея.

Я вам па адных толькі сцягах экскурсію правяду. Калі палюбіць гэты горад, ён адкажа ўзаемнасцю – і пакажа цудоўныя рэчы.

«Хочаш паслухаць, як б’ецца сэрца гэтага горада, – спыніся на Савецкай вуліцы: там цалуюцца, там музыка, там дзеці, тут веласіпедыст ледзь не збіў...»

Што значыць быць берасцейцам

– Трэба, каб нашы дзеці ведалі, якая ў іх гісторыя, у якім горадзе яны нарадзіліся, выраслі, атрымалі першую адукацыю. Потым яны разляцяцца хто па краіне, хто па Еўропе, хто па свеце. І мне вельмі хочацца, каб гэтыя дзеці, калі дазнаюцца пра гэты горад крыху больш, чым ведаем мы, і калі іх імёны пачнуць упісваць у Вікіпедыю за іх унёсак у еўрапейскую і сусветную цывілізацыю, не саромеліся, а абавязкова пракантралявалі, каб было напісана: нарадзіўся ў Берасці.