Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

«Мотальскія прысмакі» спяшаюцца да «міста»

12  Августа 2010 г.  в 13:48 : Брестская область

Кулінарны фестываль “Мотальскія прысмакі” – ужо трэці па ліку. А гэта значыць, становіцца традыцыйным. Ды і як такім не стаць, калі рэха мінулагодняга свята адгукнулася далёка за межамі краіны. Сёлета на яго зноў з’едуцца аматары “смачна паесці” не толькі з краін-суседак, але і з далёкага замежжа. Самабытнасць вёскі, культура, побыт, мясцовая вытворчасць – усё гэта надзвычай цікава.

Чым жа адметным парадуе фэст-2010?

Гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства чакае мноства сюрпрызаў, аб якіх, вядома, загадзя ніхто не гаворыць. Важна тое, што на яго з’едуцца эксперты з многіх замежных краін, такіх, як Швецыя, Данія, ведаючых толк у ядзе. Латвійскія прыхільнікі здаровага харчавання, да прыкладу, ужо заявілі, што зацікаўлены ў наладжванні супрацоўніцтва ў галіне гастранамічных тураў і з задавальненнем прымуць удзел у кулінарным фэсце. Адметным стане і тое, што ўдзельнікамі мерапрыемства стане рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Сяльчанка”, для якога не так даўно правёў майстар-клас па “нараджэнню” галандскага сыру сыравар з Нідэрландаў Янні Беннінг. Якасці беларуска-галандскага сыру, зробленага членамі аб’яднання, будуць ацэньвацца мотальскімі экспертамі.

Арганізатары мерапрыемства, а гэта ў першую чаргу Іванаўскі райвыканкам і Мотальскі сельвыканкам, распланавалі фэст на два дні.

- Фестываль пачнецца 27 жніўня і закончыцца на другі дзень 28-га, - расказвае намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама Алена Паўлаўна Дарагакупец. - Гэта дасць магчымасць нашым гасцям глыбей пазнаёміцца не толькі са старажытным мястэчкам, але і з самімі маталянамі, адпачыць у іх дамах і нават павячэраць. На гэты ж дзень запланавана правядзенне “круглых сталоў” па пытаннях адраджэння кулінарных традыцый, у якіх прымуць удзел замежныя эксперты.

У гэты раз фестываль зойме амаль увесь цэнтр Моталя. Тут можна будзе не толькі паспрабаваць “бабуліну кухню”, купіць вэндліну, якая вырабляецца ў Моталі, але і з’есці “шкварку за чаркай” ды многае іншае... Напрыклад, аматары рачной рыбы юшку будуць есці на беразе Мотальскага возера і ракі Ясельда, а мотальскую шурпу – пад яблыняю на сельскім падвор’і. Новыя экспазіцыі рыхтуе Мотальскі музей народнай творчасці. Шмат чаго можна будзе купіць і прадаць. Адкрыць бабуліны куфры ды не толькі падабраць сукенку да свайго твару, але і выставіць штосьці да продажу зможа кожны ўдзельнік фестывалю.

Некалькі шырэй будзе паказана яўрэйская тэма, бо, як вядома, Моталь з даўніх часоў насялялі ў значнай ступені прадстаўнікі менавіта гэтай нацыянальнасці. Да таго ж, першага прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана маталяне даўно адносяць да сваіх ганаровых землякоў.

Кожная вуліца, што прымыкае да цэнтральнай плошчы, якую нашы продкі яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя называлі пляцам каралевы Боны, стане ў хуткім часе турыстычным маршрутам. Прайсці па іх будзе цікава і старому, і малому, і маталяніну, і мінчаніну, не кажучы пра замежных гасцей. Таму, як і ў былыя часы, скажам па-мотальску: “27 і 28 жніўня пойдэмо до міста”. Для недасведчаных патлумачу: “містом” здаўна называлася цэнтральная частка старажытнага мястэчка, якою ў час правя-

дзення фестывалю завалодаюць разнастайныя выставы і продаж ласункаў з народнай кухні, усемагчымых вырабаў сельскіх майстроў, артысты ды шмат усяго іншага. Раней на кірмаш сюды з’язджаліся гандляры з усяго павета, а зараз – з усяго свету.
 

Ала КАТКАВЕЦ