Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Не забываецца той урон, не зарастаюць прагалы...

13  Октября 2018 г.  в 23:49 : Фотофакт

“Дзеці, вы вывучылі урок?” Радкі з верша “Рэквіем…” Анатоля Вярцінскага датычаць кожнай з “Лунінецкіх Хатыняў”, што былі спалены фашыстамі і адноўлены пасля вайны.

Не забываецца той урон, не зарастаюць прагалы...

У мемарыяльным комплексе не адзначаны Дзятлавіцкія хутары, знішчаныя 9 кастрычніка 1943 года. Але ад гэтага боль па загінуўшых не становіцца меньшым. Згодна з дакументамі, “былі спалены 148 чалавек, у тым ліку 51 жанчына і 57 дзяцей, і расстраляны 68 чалавек, у тым ліку 20 жанчын і 14 дзяцей, якіх разам з іх гаспадаркамі спалілі нямецкія карнікі”.

Не забываецца той урон,
не зарастаюць прагалы...
Дзеці, вы вывучылі урок?
Дзеці, вы праспрагалі?
Я іду, ты ідзеш,
а ён не ідзе, ён мёртвы.
Я пяю, ты пяеш,
маўчыць кожны чацвёрты…

Аб тым, што памяць аб трагедыі 75-гадовай даўніны павінна “загаварыць”, што лічбам ахвяр фашызму неабходна надаць абліччы (з дапамогай яшчэ жывучых старажылаў), ішла размова на сустрэчы ў Дзятлавіцкай СШ. Неабыякавым настаўнікам і вучням трэба згуртавацца, каб занатаваць звесткі ад сведкаў ці іх родных. Важна аднавіць у грамадстве і павагу да тагачаснага свяшчэнніка, які здзейсніў сапраўды грамадзянскі подзвіг. Пры пахаванні нябожчыкаў у метрычнай кнізе ў графе “прычына смерці” ён дакладна ўказваў: “разстраляны немцамі”. 

Не забываецца той урон, не зарастаюць прагалы...

Дырэктар Дзятлавіцкай СШ Аляксандр Баўкуновіч запэўніў, што ў школе памяць аб трагедыі будзе адзначацца штогод, а даследчую работу стымулюе надыходзячае 75-годдзе вызвалення Беларусі. Юнае пакаленне вяскоўцаў павінна ведаць, што чакала б нас, калі б не вызваліла ад захопнікаў Чырвоная Армія летам 1944 года.

…Любім мы, любіце вы.
Колькі травы, ліствы, сінявы! –
Хоць сэрца насцеж разгортвай.
А каб яшчэ ды быў жывы
кожны чацвёрты…

Паломніцтва па “залатому колу” Дзятлавіцкага манастыра XVI-XIX стст., што набывае ўсё большую вядомасць, можа ўключыць у сябе і ўшанаванне памяці загінуўшых каля абеліскаў на месцах трагедый. Удакладненне мартыралогу ахвяр фашызму стане лепшым доказам таго, што сучаснікі – годныя пераймальнікі вялікіх спраў славутых продкаў.

Автор: Таццяна КАНАПАЦКАЯ