Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

У Год малой радзімы. Мне славіць вечна родны край…

17  Августа 2018 г.  в 09:27 : Фотофакт

Аб’яўленне бягучага года Годам малой радзімы ў нашай краіне было недарэмным. Бо да яго завяршэння яшчэ далёка, а ўжо колькі мерапрыемстваў рознага кшталту ў гонар і ў славу малой радзімы праведзена! Колькі культурна-масавых канцэртаў на розных пляцоўках краіны адгрымела, літаратурных конкурсаў, сустрэч, вечарын прайшло! А колькі яшчэ паспеецца ўсяго арганізаваць і зрабіць да канца года, каб па-сапраўднаму ўславіць кожны горад, кожную вёсачку, кожны беларускі куточак! 

У Год малой радзімы. Мне славіць вечна родны край…

Пахвальна і тое, што, бадай, ні адно з названых мерапрыемстваў не абыходзіцца без удзелу нашых пісьменнікаў-берасцейцаў. Яны сваёй кіпучай энергіяй паспяваюць скрозь і ўсюды – у вышэйшыя ўстановы да студэнтаў, у школы да вучняў, у бібліятэкі да чытачоў, клубы, на прадпрыемствы, нават ў самыя аддаленыя глыбінкі Палесся дабіраюцца, абы толькі ведама, што там іх чакаюць людзі.

Вось і ў мінулую нядзелю наша паэтка з Брэста Надзея Парчук разам са сваім братам Аркадзем ды ўнучкай Аляксандрай Лебядзьковай прыняла ўдзел у святкаванні Дня вёскі Ладараж, што знаходзіцца на самым поўдні Піншчыны. Ладараж – гэта яе родны куточак, яе малая радзіма. Там яна нарадзілася, гадавалася, скончыла школу і затым чвэрць стагоддзя працавала ў ашчаднай касе. Там яе паважаюць, ганарацца ёю і заўсёды рады бачыць сваю паэтку-зямлячку, рады паслухаць яе шчырыя, кранальныя вершы. А вершаў, прысвечаных любай вёсцы, родным мясцінам, дарагім людзям у Надзеі шмат. Калі б іх сабраў разам, то ўжо на цэлы арыгінальны зборнік набралася б… Ды майстар мастацкага слова не супакойваецца, з кожным прыездам у госці на свята вёскі чытае землякам новыя творы-прысвячэнні, дзеліцца творчымі дасягненнямі, літаратурнымі справамі, дорыць уласныя і калектыўныя зборнікі ў сельскую бібліятэчку.

У Год малой радзімы. Мне славіць вечна родны край…

У доказ аўтарскай шчырасці хочацца прывесці адзін з новейшых яе твораў:

У Год малой радзімы. Мне славіць вечна родны край…Я зноў апынулася дома –

Нарэшце пашчасціла мне!

Цягнула сюды? Ну, вядома, –

Бы птушку здалёк па вясне.

 

Як пахне тут мілай радзімай! –

Аж дух затынае ў грудзях…

О любыя сэрцу мясціны,

У вас столькі сонца й жыцця!

 

У вас столькі існай любові,

Пяшчоты, лагоды жывой…

Кранешся – і станеш здаровым,

Забудзеш любы неспакой.

 

Такая пяшчота нахлыне, 

Здаецца, патонеш у ёй…

Схілюся ў паклоне радзіме 

Любімай і вечна святой!

А вось прызнанне творцы ў служэнні паэзіі і людзям:

Пакуль я з Музаю сябрую –

Мне славіць толькі родны край,

Зару, што ў небе вечаруе,

А раніцою светліць гай.

Мне славіць сонца, што ў тумане 

Брыдзе па беразе ракі

Ды абуджае свежым ззяннем

Санлівы тварык асакі.

Світанак славіць мне вясновы,

Што белапеніцца, цвіце,

Блакіт у жыце васільковы,

Ад аблачынкі ў полі цень.

І вас, жытнёвыя палеткі,

Мне славіць кожнаю вясной,

І родны сад, і ружы-кветкі, 

І бэз, што стукае ў акно.

Народ свой славіць працавіты,

Здабыты ў поце каравай.

Маімі продкамі абжыты,

Цябе ўшаную, родны край!

 

Са свята Надзея Мікалаеўна вярнулася поўная прыемных уражанняў і цудоўных, станоўчых эмоцый ад сустрэчы з радзімай, аднавяскоўцамі. “Варта адзначыць, – распавядае паэтка, – што сёлета традыцыйнае свята вёскі адзначалася куды з большай урачыстасцю ды пашанай да роднага паселішча, любага куточка, бо праходзіла пад знакам Года малой радзімы… Амаль уся праграма святочнага мерапрыемства была прысвечана праслаўленню менавіта вёсачкі, мілага сяльца, яго жыхароў. Любая вёска апавялася ў песнях, ушаноўвалася ў вершах. Нават байкі ды гумарэскі былі пра вясковае жыццё, вясковую працу ды штодзённы клопат. А мая ўнучка не толькі прачытала верш “Вясковы вечар”, але і сыграла некалькі песень на сінтэзатары, які захапіла з Брэста”.

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ