Дрэва Жыцця ў Хатыні

30  Марта 2018 г.  в 09:21 : Фотофакт

Дрэва Жыцця ў Хатыні занатавала назву Мелясніцы і яшчэ 12-ці вёсак з пазначэннем “Лунінецкі раён” (праўда, Гаўрыльчыцы, Дубіца, Пясчанка і Цясна цяпер належаць Салігорскаму).

Дрэва Жыцця ў Хатыні

Міжнародны сімпозіум “Чалавечнасць у гады бесчалавечнасці”, які адбыўся ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Й. Рау, быў прысвечаны 75-ай гадавіне трагедыі вёскі Хатынь. Больш як сто прадстаўнікоў Беларусі, Германіі, Польшчы, Расіі, Украіны паглядзелі адноўлены фільм Элема Клімава “Ідзі і глядзі” (1985), а потым вялі дыскусіі па пытаннях захавання памяці аб ахвярах вайны сярод мірнага насельніцтва ў гады Другой сусветнай вайны ў савецкі і постсавецкі час, вылучаючы гістарычны, адукацыйны і сацыяльна-культурны аспекты.

Дрэва Жыцця ў Хатыні

У 9-ці секцыях выступалі вядомыя навукоўцы, музейшчыкі, педагогі, грамадскія дзеячы, а таксама вязні фашызму, студэнты, ліцэісты. Кожная праца, з якой дакладчыкі знаёмілі аудыторыю, была надзвычай цікавай, злабадзённай, глыбокай. Удзельнікі былі адзінымі ў думцы, што, нягледзячы на 75-гадовую адлегласць у часе, трагічныя падзеі гісторыі яшчэ захоўваюць шмат звестак, якія не трапілі ў архівы, але выяўлены ў сведчаннях відавочцаў ці іх нашчадкаў.

Заяўленай тэме аб ролі чалавека ў цяжкіх крызісных сітуацыях адпавядалі расповяды жыхароў Мелясніцы, занатаваныя ў кнізе “Памяць. Лунінецкі раён” (1995). Так балюча і горка было расказваць людзям розных узростаў аб тым, як восенню 1943 года шматпакутных вяскоўцах забівалі “свае” – беларускія паліцэйскія і ратавалі “чужынцы” – нямецкія салдаты… Праз прызму часу ўсведамляем, што няма добрых і дрэнных нацый – у кожным народзе ёсць праведнікі і злачынцы. Відавочна, погляд на гістарычную памяць з ХХІ стагоддзя – шматпалярны і вельмі патрэбны інфармацыйныя пляцоўкі, на якіх прапануюцца падобныя дыскусіі.

Дрэва Жыцця ў Хатыні

Скамянелым, але жывым чалавечым болем прасякнуў мемарыяльны комплекс, мітынг-рэквіем “Хай ніколі не змоўкнуць Хатыні званы”. Сціскалася дыханне каля адзіных на планеце Могілак Вёсак. Каб стрымаць слёзы, узнімаліся вочы да “вяршынь” Дрэваў Жыцця, сімвалізуючых аднаўленне разбурэнняў ваеннага ліхалецця. Да званоў Хатыні дадавалася агульная малітва кіраўнікоў шэрагу рэлігійных канфесій Беларусі за мір на нашай зямлі і ва ўсім свеце.

Автор: Таццяна КАНАПАЦКАЯ