У царкоўным календары першы месяц года адзначаны ўшанаваннем свяціцеля Васілія Вялікага, Іаана Прадцечы і праведнага Іаана Кранштадтскага, мучаніцы Таціаны і роўнаапостальнай Ніны.
Аб жыццях святых расказала лунінчанка Ірына Арсеньеўна Прыгодзіч, а відэасуправаджэнне расповяду падрыхтаваў яе муж Іван Паўлавіч.
Відэасюжэтамі была праілюстравана і літаратурна-музычная старонка праграмы “Дзень Анёла”, якую прадставіла актывіст раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Іванаўна Казанкова.
Прыгадаўшы імёны папулярных і вядомых дзеячаў літаратуры і мастацтва, сталі знаёміцца з імяніннікамі – удзельнікамі сустрэчы. Жыццёвыя гісторыі многіх былі такімі шчырымі і пранікнёнымі, што ўразілі нават настаяцеля протаіерэя Сергія Крышталя, хаця большасць прысутных – прыхаджане храма. Імяніннікі захапілі творчымі здольнасцямі, чыталі вершы, спявалі духоўныя песні.
Атмасфера зносін была прасякнута любоўю і дабрынёй, таму так натуральна прагучаў і калядны верш у выкананні гімназісткі Таццяны Прыбаровіч.
Дзяўчынка віншавала імяніннікаў, а асабісты падарунак да дня анёла яна ўжо атрымала – стала пераможцай конкурсу чытальнікаў калядных вершаў у СШ №2 г. Лунінца (на здымку), дзе сваім абліччам і бальнай сукенкай адлюстроўвала пушкінскую Таццяну.
Пажадаем ажыццяўлення задуманага ўдзельнікам сустрэчы, якіх можна назваць прыкладам для сучаснікаў. Быць у коле гэтых цудоўных лунінчан – ужо “свята, што заўсёды з намі”.