Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Ад сусветнай літаратуры – да мясцовай кнігі

11  Января 2018 г.  в 19:12 : Фотофакт

Шырокі спектр пытанняў закранула пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання намеснікаў дырэктараў устаноў адукацыі, што адбылося на базе СШ №2 г. Лунінца.

Ад сусветнай літаратуры – да мясцовай кнігі

Прэзентацыя вопыту работы метадычных фарміраванняў школы праводзілася па “Педагагічных маршрутах”, кожны з якіх настаўнікі стараліся зрабіць інфармацыйна-насычаным і запамінальным (аб гэтым сведчаць словы загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета Людмілы Мікалаеўны Ярмаковіч: “Маршрутаў – шэсць, а хочацца – на кожны…”).

Майстар-клас па выкарыстанню інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій на ўроках англійскай мовы (з прыгадваннем Уільяма Шэкспіра) далі настаўнікі-“англічане” Святлана Уладзіміраўна Ліхтар і Іна Мікалаеўна Бярозка. “Змястоўныя і арганізацыйныя аспекты выкладання геаграфіі” ўтрымлівала гульня-квэст для вучняў 5-7 класаў – “гідамі” былі Аляксандр Пятровіч Хаўдзееў і Ірына Аляксандраўна Халімон. Метадычны дыялог “Фарміраванне прафесійнай кампетэнтнасці педагога праз самаадукацыю” правяла кіраўнік школы маладога настаўніка Людміла Барысаўна Якуш. У майстэрню метадычных аспектаў абагульнення перадавога педагічнага вопыту пры здачы кваліфікацыйнага экзамену на прысваенне вышэйшай катэгорыі запрасілі Наталля Васільеўна Гурбановіч і Ала Георгіеўна Баранава (пачатковыя класы), Ніна Сямёнаўна Ільючык (біялогія). Для пазакласнай дзейнасці выкладчыкі-філолагі Іна Рыгораўна Койка і Святлана Іванаўна Максімовіч прапанавалі літаратурна-музычную кампазіцыю “Зорка Марыны Цвятаевай”. На выкарыстанні краязнаўчага кампаненту ў доследнай дзейнасці навучэнцаў засяродзілі ўвагу прысутных Дзіяна Раманаўна Сладзінская (гісторыя) і – на прыкладзе Якуба Коласа – Святлана Антонаўна Гардзіевіч (беларуская мова і літаратура).

Ад сусветнай літаратуры – да мясцовай кнігі

Своеасаблівым працягам тэмы важнасці кнігі і чытання стала выступленне журналіста, члена ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Таццяны Васільеўны Канапацкай, якая прадставіла чарговае выданне з серыі “Лунінецкая памяць”. 6-ы дадатак называецца “Мелясніца. Погляд з Грані”. Дзённікі хутараніна за некалькі год першай паловы ХХ стагоддзя адлюстравалі тагачасныя падзеі на Палессі, якія дагэтуль неадназначна ацэньваюцца мясцовым грамадствам.

Лунінецкая пісьменніца выступіла ў “Творчай гасцінай”, з якой, дарэчы, і пачыналася работа РМА. Гасцей школы вітаў дырэктар Мікалай Яфімавіч Гарадкавец, а цудоўную канцэртную праграму з удзелам харэаграфічнага ансамбля “Мірыданс” падарылі творчыя вучні. І гэта было лепшым сведчаннем дэвізаў школы: педагогаў – “З павагай да дзяцей!” і навучэнцаў – “Культура, вучоба, спорт і праца ідуць заўсёды разам з намі!”. Выстава навагодніх самаробных ёлак таксама стала адлюстраваннем сумеснага супрацоўніцтва дзяцей і дарослых (у дадзеным выпадку – бацькоў).

Ад сусветнай літаратуры – да мясцовай кнігі

Наш калектыў імкнуўся перадаць калегам сваю любоў да справы і людзей. З гэтай мэтай “уключылі” ў праграму віншаванні Дзеда Мароза з салодкімі падарункамі, а вялікі духмяны пірог на ўсіх гасцей дружна падзялілі арганізатары сустрэчы – намеснікі дырэктара Галіна Іванаўна Назаранка, Таццяна Сяргееўна Харытановіч і аўтар гэтых радкоў.

Настрой на чаканне цуда ў калядныя дні падарыла прырода. РМА ажыццяўлялася ў ззянні сонечных промняў. Калі пасяджэнне завяршылася, надвор’е рэзка перамянілася – неба зацягнулі хмары і падзьмуў халодны вецер. Ці не чарговы доказ таго, што настаўнікі – гэта вялікая сіла дабрыні, якая актыўна ўздзейнічае на наваколле? І нішто не пагоршыць натхнення і радасці сустрэчы з творчымі аднадумцамі!

Наталля БОЙКА, намеснік дырэктара ДУА “СШ №2 г. Лунінца”. Фота аўтара.