Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Пасьля публікацыі Свабоды інваліду зь Бярозаўскага раёну зрабілі пандус

20  Декабря 2017 г.  в 17:04 : Разное: обо всём понемногу

Два гады Ўладзімер Вялюк зь вёскі Лукомер Бярозаўскага раёну чакаў вырашэньня сваёй праблемы. Інвалід першай групы, які перасоўваецца на вазку, пасьля рамонту дарогі каля дому аказаўся заблякаваны ў сваім двары.

Пасьля публікацыі Свабоды інваліду зь Бярозаўскага раёну зрабілі пандус

Уладзімер Вялюк, інвалід першай групы, які можа перасоўвацца толькі на вазку

Дарожнікі паднялі дарогу больш як на мэтар. У выніку інвалід, каб выбрацца на шашу, мусіў паўзьці на высокі насып і цягнуць за сабою вазок. Скаргі і звароты да мясцовых уладаў і дарожнікаў не прынесьлі плёну.

Сытуацыя зьмянілася пасьля кастрычніцкай публікацыі пра ягоную праблему на Свабодзе і рэпартажу на Белсаце.

«Неўзабаве пасьля таго, як зьявілася публікацыя пра мяне ў інтэрнэце, сюды завіталі чыноўнікі. У тым ліку нават зь Менску прыехалі, шмат машынаў было. Разьбіраліся на месцы», — кажа Ўладзімер Вялюк.

Мясцовыя ўлады незадаволеныя, што інвалід зьвярнуўся да незалежных мэдыяў

Пры гэтым, кажа інвалід, мясцовыя ўлады сварыліся на яго — маўляў, навошта было зьвяртацца ў СМІ?

Пандус, што ўсталявалі з двара інваліда

Пандус, што ўсталявалі з двара інваліда

«Абуралася галоўным чынам старшыня мясцовага сельсавету. Крычала на мяне, што навошта было выклікаць сюды так званых „БНФаўцаў“. А я кажу: а да каго мне яшчэ зьвяртацца, калі ні да кога не дагрукаесься?» — кажа вясковец.

Ва ўсякім разе, галоўная праблема інваліда цяпер вырашана. Зь ягонага двара на высокую дарогу пабудавалі пандус.

«Пасьля разбораў чыноўнікаў сюды прыяжджалі хлопцы з Малецкага ЖКГ. Хуценька насыпалі пясок, паклалі асфальт, а наверх залілі бэтон, дый усё. Пазьней поручні паставяць, а так пандус ужо гатовы. Два дні ўсяго працавалі. А столькі гадоў чакаў гэтага, прасіў жа ня раз, зьвяртаўся да чыноўнікаў. Раней жа запаўзаў на дарогу і цягнуў за сабою вазок. Пакуль выпаўзу па зямлі, увесь брудны быў», — узгадвае Ўладзімер Вялюк.

Пандус з двара інваліда
 
Пандус з двара інваліда

Пакуль на новы пандус інвалід яшчэ не выяжджаў, але кажа, што гэта сапраўды паратунак з «аблогі», у якую ён трапіў пасьля рамонту дарогі два гады таму.

«Магу хоць у краму заехаць, дый наагул так выехаць. Бо адзін увесь час у гэтых сьценах. А так, канечне, весялей будзе. Добра, што зрабілі пандус. Хоць пакуль зіма, то надта нідзе ня выедзеш. Але ўжо заплянаваў неяк выбрацца на рыбалку», — кажа інвалід.

Уладзімер перакананы, што калі б ён не зьвярнуўся да журналістаў, то ягоная праблема да гэтага часу так і не была б вырашаная.

«Усё гэта дэманструе стаўленьне да людзей, да інвалідаў. Бо як будзеш маўчаць, то ніхто нічога ня зробіць», — кажа інвалід.