Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Сустрэча з берасцейскімі пісьменнікамі ў СШ №3 г. Брэста

20  Ноября 2017 г.  в 13:14 : Праздники, события, мероприятия

Тыдзень беларускай мовы – пад такім дэвізам жыла і працавала СШ № 3 г. Брэста з 13 па 16 лістапада бягучага года.

Сустрэча з берасцейскімі пісьменнікамі ў СШ №3 г. Брэста

Кожны дзень у гэтай навучальнай установе быў насычаны цікавым творчым жыццём і прысвячаўся этнакультуры – старадаўняму абраду, песням, танцам, нацыянальным беларускім стравам. 

Сустрэча з берасцейскімі пісьменнікамі ў СШ №3 г. Брэста

А ў апошні дзень тыдня ў школу на сустрэчу са старшакласнікамі завіталі доўгачаканыя госці-літаратары – сябры Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі: паэт, празаік, дакументаліст Мікола Панасюк і дзіцячая пісьменніца Таццяна Дземідовіч – старшыня творчай суполкі.

Арганізавалі літаратурную сустрэчу настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Таццяна Фёдараўна Бут-Гусаім, Ганна Віктараўна Качалоўская, актыўна дапамагала ім і настаўніца рускай мовы і літаратуры – Алена Яўгеньеўна Вашэйка. Гэтыя маладыя актывісткі горача любяць усё сваё роднае, беларускае, ганарацца ім, дбаюць аб захаванні галоўнага нацыянальнага багацця нашага народа – роднай мовы, літаратуры, культуры, імкнуцца прывіць вучням пашану да сваёй Бацькаўшчыны, перадаць ім сваю павагу і любоў да роднай зямлі, свайго народа, краю.

Сустрэча з берасцейскімі пісьменнікамі ў СШ №3 г. Брэста

Таццяна Дземідовіч распавяла юным слухачам пра Брэсцкае аддзяленне Саюза пісьмнніцкаў Беларусі, назвала імёны найбольш вядомых на Берасцейшчыне і ў Беларусі пісьменнікаў, расказала пра выдадзеныя ў гэтым годзе некаторымі аўтарамі новыя кнігі, годна і прыгожа прадставіла вучням свайго калегу Міколу Панасюка, які ў гэтым годзе быў уганараваны вышэйшай узнагародай Саюза пісьменнікаў Беларусі – медалём “За вялікі ўклад у літаратуру”.

Сустрэча з берасцейскімі пісьменнікамі ў СШ №3 г. Брэста

Вядомы на ўсю рэспубліку пісьменнік-дакументаліст Мікола Панасюк амаль усё сваё творчае жыццё прысвяціў тэме космасу, подзвігу лётчыкаў-касманаўтаў, а галоўнае – першаму беларускаму касманаўту, двойчы Герою Савецкага Саюза, тройчы штурмаваўшаму касмічную прастору, былому жыхару вёскі Камароўка Бэсцкага раёна Пятру Клімуку.

Пра свайго земляка-беларуса Мікола Васільевіч напісаў не адну кнігу. Вось кралатыя назвы яго выданняў: “Арыенцір – сузор’е Арыён”, “К созвездиям”, “От Комаровки до Байконура”, “Пётр Клімук”.

Больш падрабязна пісьменнік спыніўся на апошнім выданні – “Пётр Клімук” з серыі “Асобы”. У прыватнасці, аўтар падкрэсліў: “Кніга пабачыла свет гэтым летам, якраз перад 75-годдзем слаўнага сыны нашай рэспублікі, і была ўручана касманаўту падчас урачыстага мерапрыемства – святкавання юбілейнай даты Пятра Ільіча ў памяшканні Брэсцкага аблвыканкама…”

Сустрэча з берасцейскімі пісьменнікамі ў СШ №3 г. Брэста

Дарэчы, усе ягоныя кнігі пра космас стаялі перад вачыма юных слухачоў як жывы доказ плённай аўтарскай літаратурна-дакументальнай працы.

Касмічнай тэмай і сваім ўменнем узнёсла і з захапленнем гаварыць Мікола Панасюк заваражыў і запаліў рамантычныя душы падлеткаў, ды так, што самыя адважныя з іх – Каля Бакун, Кірыл Папоў, Аляксандр Кавальчук – гатовы былі хоць зараз адпраўляцца ў космас.

Варта падкрэсліць, што сустрэча пісьменнікаў з вучнямі прахадзіла ў класе, дзе размясціўся школьны этнаграфічны куток з надзвычай трапнай і каларытнай назвай “Сівой мінуўшчыны дыханне”. У музеі прадстаўлена некалькі міні-экспазіцый: такацтва, ганчарства, вышыванкі і інш. Так з ткацкіх прылад працы ў ім захоўваюцца стаў, калаўрот, пралка, чаўнакі; з ганчарных – гліняны посуд – міскі, сподачкі, збанкі, гаршкі; з вышыванак – ручнікі, сурвэткі, абрусы. Прыцягвае да сябе ўвагу і прас, які награваўся нашымі продкамі гарачым вуголлем. Наогул, кожны экспанат адлюстроўвае культурнае багацце нашага народа, яго талент і дбайнасць, выхоўвае ў вучняў паважлівае стаўленне да этнакультуры.   

Сустрэча з берасцейскімі пісьменнікамі ў СШ №3 г. Брэста

Этнаграфічнаму кутку ўжо дваццаць гадоў. Першыя музейныя экспанаты сабрала былая настаўніца Зоя Міхайлаўна Цярлецкая. Затым да яе далучыўся ўвесь настаўніцкі калектыў, вучні і іх бацькі.

Напрыкацы сустрэчы Таццяна Дземідовіч падарыла вучням паэтычныя зборнікі “Магдэбургскае права маёй душы” Настассі Нарэйка, “Святло няскоранай душы” Надзеі Парчук і кнігу “Сучасная польская паэзія ў перакладах берасцейцаў”.

Автор: Надзея Парчук