Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Да юбілею сына і песняра беларускага народа, паэта-берасцейца Міколы Панасюка

20  Марта 2017 г.  в 07:58 : Разное: обо всём понемногу

Калісьці, на заранку сваёй літаратурнай дзейнасці, малады журналіст Мікола Панасюк прызнаваўся:

Не выдаў я пакуль што кніжкі,
Але, паверце, не журуся:
Кладу пакосы, нібы нізкі,
На лузе росным Беларусі.
Пішу за вёскаю – плугамі,
Пішу у чэрвені – касою.
Лугі мне дзякуюць стагамі
І пояць чыстаю расою…

Да юбілею сына і песняра беларускага народа, паэта-берасцейца Міколы Панасюка

Але час ніколі не стаіць на месцы, ды і людзі не сядзяць, склаўшы рукі, а тым больш творчая чалавечая душа, якая выбрала сабе прафесію журналіста. А журналістыка, як вядома, – вечная сяброўка і спадарожніца не дамаседаў і кабінетчыкаў, а няўрымслівых дабравольцаў-вандроўнікаў, шукальнікаў нечага новага, цікавага, непаўторнага ў жыцці. Вось як па-паэтычнаму захоплена пра сваю журналісцкую працу пісаў паэт ў маладосці:

Калі у травах спелых або ў жыце
На золку лета ззяе ад расы,
У вёску, хлопцы, пісьма не пішыце,
Бо я штодня мяняю адрасы…
С
качу ў начлег за вёску з табунамі,
Да ранку зноў вартую цішыню.
Як добры спаць улетку з туманамі
І плыць у снах праз звонкую вясну!

Мікола Панасюк (на здымку) па натуры адзін з тых пілігрымаў-падарожнікаў, якія ніколі не дазваляюць сабе, ды і не маюць права, адседжвацца дома ці раслабляцца ў кабінетах. Як пералётны птах, ён заўсёды знаходзўся ў бясконцым руху, вечна некуды ляцеў, спяшаўся і – тварыў у розных літаратурных жанрах. Мікола Васільевіч і цяпер застаецца такім жа лёгкім на ўзлёт, крылатым птахам-буслёнкам, гатовым па першым воклічы душы і сэрца ў любую вандроўку. Ці не таму пачынаючы творца калісьці з глыбокім сэнсам і юнацкім густам ды любоўю выбірае сабе ў псеўданімы белакрылую птушку. Маладое бусляня, у яго разуменні, служыць не толькі сімвалам роднай Беларусі, але і па натуры адпавядае характару мудрай і высакароднай чалавечай душы. Так з’явіўся літаратурны псеўданім пісьменніка Буслёнак.

І не дзіва, што ў хуткім часе ў творцы народзяцца наступныя даволі ўдалыя паэтычныя радкі, якія засведчаць, што ён не сухі ілюстратар імгненняў жыцця, з’яў, фактаў ці падзей, не выпадковы чалавек у літаратуры, а выбраннік, пакліканы музай; яны доказна засведчаць, што першыя яго крокі ў паэзію ўжо зроблены і даволі ўпэўнена і ўдала:

Хто я? Адкуль хлапчук Дзяніс?
Казаў мне дзед, што ад бусла...
Сінечу неба зверху ўніз,
Як Божы дар, мне Бог паслаў.
Ад бацькі – плуг і баразна,
Ад птаха – моцнае крыло.
Бусліным клёкатам вясна
Будзіла роднае сяло.

Так вобразна і ўзнёсла, так захоплена пісаў паэт напачатку свайго творчага жыцця. Крыху пазней Мікола Панасюк выступіць ужо ў ролі абаронцы, заступніка свайго народа, сваёй міралюбівай нацыі, у яго напішуцца яшчэ мацнейшыя строфы:

Ці хто сказаў, што беларус
Чужое некалі загроб?
Нашто нам крадзены абрус
І нават сто чужых Еўроп?!

Услед за гэтымі радкамі паэт з гонарам за сваіх людзей, сваю краіну роздумна заўважыць:

У чужынцаў – злавесная манія:
На Усход… На Усход… На Усход…”
Ды прайшлі мы з баямі Германію –
Перамогу святкуем штогод!

Калі ж паглядзець у творчую бібліяграфічную скарбонку Міколы Васільевіча праз 50 гадоў, дык – дзіва дзіўнае! Колькі ж кніг рознага жанру за сваё пісьменніцкае жыццё выдаў гэты адораны прыродай руплівец мастацкага слова! Цэлы стос паэзіі, нарысаў, дакументалістыкі, публіцыстыкі. Цікава, што паэтычны зборнік “Крык немаўляці” перавыдаваўся ажно дзевяць разоў! А колькі ж яшчэ твораў рознага жанру раскідана па шматлікіх перыядычных выданнях саюзнага, рэспубліканскага, абласнога ўзроўню, па калектыўных зборніках! А яшчэ ж Мікола Васільевіч уклаў і адрэдагаваў не адну кнігу пачынаючым літаратарам, сябрам, калегам па пяру.

І пра каго толькі не пісаў гэты таленавіты, шчодры на сардэчную цеплыню і добрае слова шчыроўца! Каго толькі не славіў за свой пісьменніцкі век, каму толькі не прысвячаў узнёслыя, пранікнёныя вершы, нават паэмы, цэлыя дакументальныя аповесці, літаратурна-публіцыстычныя артыкулы, змястоўныя нарысы, багатыя па зместу водгукі на выдадзеныя кнігі, цікавыя рэцэнзіі на творчасць літаратараў! Гэтымі шчасліўцамі з’яўляюцца знакаміты на ўвесь свет беларускі кампазітар Ігар Лучанок, выдатны аграрнік Брэстчыны Аляксей Скакун, літаратуразнаўца, прафесар, кандыдат філалагічных навук Уладзімір Калеснік, Георгій Лебедзеў, Уладзімір Вялічка, дзяржаўныя і ваенныя служачыя, шматлікія літаратары, у тым ліку і аўтар гэтага артыкула, працаўнікі вёсак – ды хіба ўсіх пералічыш, чые прозвішчы і імёны апеты і ўвекавечаны ў аўтарскіх кнігах Міколы Панасюка?! Нават да касманаўтаў дабраўся – Уладзіміра Кавалёнка, Алега Навіцкага, Аляксея Лявонава ды іншых. А двойчы Герою Савецкага Саюза Пятру Клімуку нават кнігу прысвяціў “Арыенцiр − сузор'е Арыён“, якая ў сувязі з 40-годдзем з дня яе выхаду і 75-годдзем Пятра Ільіча ў 2017 годзе перакладзена на рускую мову для другога кніжнага выдання “К СОЗВЕЗДИЯМ”.

У ёй аўтар крок за крокам, вярста за вярстою раскрывае жыццёвы шлях лётчыка-касманаўта – выхадца з вёскі Камароўка Брэсцкага раёна. Шлях юнага берасцейца ў вялікае, нязведанае жыццё, даследчыка бяжмежнага Сусвету, падаецца аўтарам як новае праяўленне ўсенароднага лёсу.

Спасціжэнне і веданне жыцця для пісьменніка – катэгорыя не эмпірычная, яна закранае яго светапогляд, уключае ў сябе пачуццё адказнасці і гонару за кожную дробязь адлюстраванага чалавечага развіцця, філасофію жыцця, усебаковае, глыбокае і поўнае яго асэнсаванне. Літаратурны руплівец таму і звяртаецца да публіцыстычнага жанру, каб чытач, як і сам пісьменнік, мог душою адчуць і сэрцам ўбачыць вялікія здзяйсненні народа, яго велічны духоўны свет.

Мікола Панасюк упэўнены, што з дапамогай нарысаў у наш час магчыма не толькі ствараць найбольш поўную, найбольш шырокую, а іншым разам і больш драматычную, больш глыбокую па эмацыянальнай напоўненасці панараму рэальнасці, але і, як ніколі раней, быць першапраходцам, даследчыкам новых тэм, з’яў, канфліктаў, песняром герояў-сучаснікаў.

Мімаволі задумваешся: адкуль гэта ў яго – хлопчыка з хутара, простага, сціплага вяскоўца столькі цікавасці, зычлівасці і спагады да людзей, столькі гонару за іх дасягненні, за росквіт краіны, столькі кіпучай энергіі, захаплення і любові да жыцця, да акаляючага свету, да хараства роднай зямлі?

Але, калі зірнуць на здымкі маладога, дый 55-гадовага Міколы таксама, калі ўглядзецца ў яго вясёлыя, усмешлівыя вочы, поўныя светлых, прамяністых іскрынак непагаснай радасці, то становіцца зразумела, адкуль у гэтага ўлюбёнца ў свет, у літаратуру, закаханца ў паэзію такія чыстыя памкненні, такія свежыя думкі, узнёслыя мары. Ды – з глыбіні душы ягонай! З донца ягонага гарачага сэрца ўсё ідзе! З глыбінь жыватворных народа нашага ўсё гэта льецца, бо сам пісьменнік – выхадзец з народа, з глыбінкі палескай.

А колькі душы і сэрца, колькі цёплых пачуццяў і літаратурннага майстэрства ўкладзена ў невялічкі зборнік паэзіі “Як Божы дар”! Сама ўжо філасафічна-духоўная назва кнігі гаворыць аб глыбіні думкі і мудрасці паэта.

Мікола Васільевіч – сапраўдны сын, патрыёт і сучасны пясняр беларускага народа, роднага краю, зямлі нашай. На яго вершы напісана музыка знакамітым беларускім маэстра Ігарам Лучанком, брэсцкім кампазітарам Фёдарам Мозалем, Веньямінам Васіленкам, Валянцінам Перапёлкіным з Іванава ды іншымі мясцовымі кампазітарамі.

Мікола Панасюк і сапраўды – узнёслы паэт-лірык, таленавіты пісьменнік-нарысіст, публіцыст, здольны распавядальнік, шчыры закаханец у мілагучнае беларускае слова. Сваёй чыстай, вечна юнай душой аўтар, нібы летуценнік, здольны па-дзіцячы светла захапляцца хараством прыроды, узнёсла марыць, высока ўзнімацца над будзёнасцю і сумятнёй, тонка адчуваць адценні жыцця, цаніць імгненні часу. Ён сам разумее і нас прымушае задумацца над сэнсам і законамі жыцця, Божым светам, а галоўнае – узгадаць, што мова наша – гэта вялікі скарб нацыі, кожнае слова – важнае, сэнсоўнае, выпеставанае мудрасцю продкаў нашых.

Чытаеш паэзію Міколы Панасюка і адчуваеш біццё яго неўтаймаванага сэрца, высокі палёт ягоных думак, прыгожых мараў, трапяткой душы, уяўляеш шырокі размах яе крылля. Здаецца, разам з ёю і сам узлятаеш у блакітнае неба, пад самае сонца, туды, дзе кружляюць шчаслівыя буслы… Гэтак расчуліць і акрыліць здольна толькі сапраўдная Паэзія. Менавіта ёю і заваёўвае нашы сэрцы і душы выдатны майстар слова, ураджэнец вёскі Галоўчыц Драгічынскага раёна, наш дарагі зямляк і сябра – Мікола Панасюк.

Напрыканцы свайго расповеду хочацца адзначыць, што дзяржаўныя кіраўнікі вобласці, многіх раёнаў, рэспубліканскіх СМІ ў сваю чаргу не забывалі пра рупара праўды і ідэй жыцця нашай краіны, заўважалі яго талент, клопат і адданасць патрэбнай справе, цанілі ягоную нялёгкую працу, яго недасыпанне і стараннасць і – узнагароджвалі Ганаровымі граматамі, Падзячнымі пісьмамі, дыпломамі, прэміямі. Дома ў Міколы Васільевіча ўся сцяна пісьменніцкага пакоя абвешана гэтымі ўзнагародамі. А ў цэнтры іх красуецца Дыплам ад Мінскага Патрыярхата і Беларускай Праваслаўнай Царквы і Удзячнасць за плённую працу ў гонар Святой Царквы ад мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха усея Беларусі Філарэта, якімі пісьменнік ганарыцца і даражыць па-асобліваму.

Не абыходзілі бокам паважанага майстра слова і сябры ды калегі па пяру. Так, напрыклад, змест зборніка “Як Божы дар” суправаджаецца вершам-прысвячэннем і выдатнай, грунтоўнай рэцэнзіяй “Плады перад вачыма” Міколы Бусько, а заканчваецца – шчырым, змястоўным артыкулам Алены Капачовай “Шукаць і знаходзіць”. Да дзевятага выдання зборніка “Крык немаўляці” спрычыніўся журналіст Аляксандр Курэц сваім прасторным артыкулам “Паэтычны пошук на мяжы стагоддзяў”.

І ў заключэнні дабаўлю: хаця у вершах Міколы Панасюка прама не гаворыцца, але выразна адчуваецца прыналежнасць ягонай душы да вышэйшай духоўнасці. Бо што б мы ні рабілі тут, на зямельцы нашай, чым бы ні займаліся – нас бачыць Бог, на нас глядзяць Нябёсы. І аб гэтым ведае і памятае аўтар. Нездарма ж Гасподзь так шчодра адарыў яго светлым розумам, літаратурным талентам, стваральнай душой.

Пісьменнік, як дбайны араты, вось ужо паўвеку з дапамогай пяра і мастацкага слова старанна рупіцца – вядзе сваю баразну ў высокую паэзію, шукае дарогу да людскіх душ, пракладае шлях да любові і міру. Карацей кажучы, імкнецца пакінуць на зямлі глыбокі след чалавечнасці і светладушша, аддзячыць Радзіме і нябеснаму Творцу за яго вялікую ласку і міласць да сваёй сціплай чалавечай асобы.

Прыемна адзначыць, што з нагоды 70-годдзя Міколы Панасюка ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі пачала працаваць выстава аўтарскіх кніг і выданняў пад назвай “Арыенцір – сузор’е Арыён”.

Дык пажадаем і мы, чытачы і прыхільнікі ягонай творчасці, члены пісьменніцкай суполкі нястомнаму рупліўцу – моцнага здароўя, доўгага веку, новых поспехаў на літаратурнай ніве і новых узнагарод за нялёгкую творчую працу!

 

Надзея Парчук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі

Да слаўнага Юбілею сына і песняра беларускага народа, слыннага паэта-берасцейца, шаноўнага Міколы Панасюка

У кожнага свой лёс, і здольнасці, і талент.

Нам Бог дае жыццё, і долю, і любоў.

Пакуль яно цвіце, пакуль душа спявае –

Не згасне ў грудзях жар, не паастыне кроў.

Дык дзякуйце таму чароўнаму імгненню,

Калі крылаты спеў сягае аж да зор.

Маліцеся, каб ён для новых пакаленняў

Служыў і саграваў, бы вогнішча касцёр.

У кожнага свой лёс, і здольнасці, і талент,

І галасы свае, нібы ў святых званіц…

Я сёння ад душы віншую Вас, вітаю!

Хай песняю жыццё Вам хораша звініць!

Надзея Парчук 

З ідэяй міру і дабра Міколе Панасюку

Як толькі збегла прэч зіма

І ў небе сонца ажыло,

Яго шчаслівая вясна

Прынесла ў роднае сяло. 

Гасподзь з блакітнай вышыні

Той, сакавіцкаю парой

Паслаў дзіцятку дабрыні,

Благаславіў святой зарой. 

І дарам творчым надзяліў,

Каб родны кут і край апеў,

Каб так Айчыну палюбіў,

Што разлюбіць ужо не смеў. 

Ды люд не знаў, што немаўля –

Як падрасце, як прыйдзе час –

Натхніць бацькоўская зямля,

Пакліча зваблівы Парнас.

І ўжо адтуль, бы рупар той,

З ідэяй міру і дабра

На мове матчынай святой

У неба вымаліць святла. 

Напіша стосы добрых кніг

Пра чалавечае жыццё,

Аб сіле духу, дабрыні

Распавядае з пачуццём. 

Сваё Палессе апяе

І роду любасны выток,

Які й цяпер сіл надае,

Гукае ў бацькавы куток. 

Сардэчнай ласкі да людзей

Ён ад бацькоў сабе займеў

І як сапраўдны дабрадзей

Дзяліцца ёю шчодра ўмеў. 

Ён і цяпер такі ж, як быў, –

Спагадны, чулы да людзей,

Душы багацце не згубіў,

Яно за ім услед ідзе.

А мары мкнуцца да нябёс –

Туды, дзе рдзееца зара.

Дык хай спрыяльным будзе лёс

Паэта, творцы, песняра!

Надзея Парчук