Юрый Жыгамонт завітаў на праект "Літаратурныя скрыжаванні"

28  Января 2017 г.  в 14:28 : Праздники, события, мероприятия

Вядомы беларускі “дылетант” Юрый Жыгамонт завітаў на праект “Літаратурныя скрыжаванні” ў СШ №29 г. Брэста.

Юрый  Жыгамонт завітаў на праект "Літаратурныя скрыжаванні"

Калі звярнуцца да мінулага Беларусі, то знойдзецца шмат імёнаў людзей, якія ў далёкі ад нас час рабілі ўсё, каб мова, гісторыя, культура беларусаў зберагалася і перадавалася з пакалення ў пакаленне.

Павел Шпілеўскі, Павел Шэйн, Іван Насовіч, Аляксандр Сержпутоўскі, Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Аляксандр Рыпінскі – гэта далёка не ўвесь пералік імёнаў людзей, што вандравалі па Беларусі, запісвалі і выдавалі беларускія казкі, легенды, паданні, песні, прыпеўкі, прыказкі, галашэнні, замовы, прысушкі. Яны лічылі, што менавіта фальклор – невычэрпная крыніца мовы, гісторыі, культуры народа.

Юрый  Жыгамонт завітаў на праект "Літаратурныя скрыжаванні"

А ў недалёкім ад нас мінулым Уладзімір Караткевіч абышоў і аб’ехаў амаль усю Беларусь і пакінуў у спадчыну нашчадкам каштоўнейшую кнігу нарысаў “Зямля пад белымі крыламі”.

Галоўны герой яго прыгодніцка-дэтэктыўнай аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” Андрэй Беларэцкі таксама едзе збіраць фальклор. Ён спяшаецца, бо можа памерці бабуля, якая ведае чароўную старую легенду. І гэтая легенда памрэ з ёю, і ніхто яе не пачуе, а ён і яго народ застануцца абкрадзенымі.

Такія ж адносіны да мовы, гісторыі і культуры народа ў Юрыя Жыгамонта, вандроўніка і збіральніка гісторый пра вёскі і гарады роднай краіны.

Думаю, Вы не раз затрымліваліся ля тэлевізара, калі на блакітным экране бачылі каларытную асобу вядучага пазнавальнай перадачы “Падарожжы дылетанта”. Цікава, займальна расказвае Юрый Жыгамонт пра наведаныя мясціны. Робіць ён гэтую справу ўжо шмат гадоў. А матэрыялу для такой справы – невычэрпная крыніца. “Тыя, хто кажуць, што ў Беларусі няма чаго глядзець, не ведаюць, што плятуць”,- сцвярджае Юрый Жыгамонт.

Юрый  Жыгамонт завітаў на праект "Літаратурныя скрыжаванні"

Служэнне роднаму краю, яго мове, гісторыі і культуры стала справай жыцця Юрыя Уладзміравіча. “Усё, што я раблю, раблю правільна, яно будзе дзейнічаць. І сваю цагліну ў будаўніцтва беларускай хаты я кладу”.

28 студзеня ў сярэдняй школе № 29 адбылася сустрэча з гэтым выдатным чалавекам. Школьная зала была перапоўнена вучнямі і настаўнікамі. Юрый Уладзіміравіч расказваў пра сябе, пра гісторыю ўзнікнення перадачы “Падарожжы дылетанта”, чытаў вершы, дзяліўся планамі на будучае. Сустрэча была цёплая, шчырая.

Развітваючыся з госцем, удзельнікі сустрэчы пажадалі яму такога здароўя, якога хапіла б яму на многія і многія падарожжы па родным краі і не толькі па родным краі, бо Юрый Жыгамонт збіраецца прайсці і ў замежных краінах сцяжынкамі вядомых у свеце беларусаў.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Палякова Ніна Мікалаеўна